Кветкі з адзіным падаткам. Растлумачвае змяненні ў налогавым заканадаўстве начальнік інспекцыі МПЗ па Ляхавіцкім раёне

З 1 ліпеня 2014 года ўступілі ў сілу змяненні ў дачыненні гандлю на рынках, што ажыццяўляюць фізічныя асобы, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Для многіх нашых землякоў ужо стала звыклым, што яны могуць ажыццяўляць рознічны гандаль на рынках і ў іншых устаноўленых месцах вызначанымі відамі тавараў не больш за 5 дзён у месяц без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Неабходна было толькі да пачатку ажыццяўлення дзейнасці падаць у падатковую інспекцыю інфармацыю пра від рэалізуемых тавараў, месца і перыяд рэалізацыі і заплаціць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб.

Аднак, сітуацыя ў гэтай сферы гандлю кардынальна змянілася ў сувязі з уступленнем у сілу з 1 ліпеня 2014г. Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2014 г. № 222 “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі”.

Указам прадугледжаны канкрэтны пералік тавараў, што фізічныя асобы, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, могуць рэалізоўваць на рынках і іншых устаноўленых месцах з 1 ліпеня 2014 года.

У пералік уключаны створаныя гэтымі асобамі творы жывапісу, графікі, скульптуры, прадметы народных промыслаў, прадукцыя рамесніцкай дзейнасці; прадукцыя кветкаводства, дэкаратыўныя расліны, іх насенне і расада, жывёлы; нехарчовыя тавары, былыя ва ўжытку ў гэтых фізічных асоб і членаў іх сям’і; лекавыя расліны, ягады, грыбы, арэхі, іншая дзікарослая прадукцыя; сельскагаспадарчая прадукцыя, вырашчаная ў асабістай падсобнай гаспадарцы (што пацвярджаецца адпаведнай даведкай).

З 1 ліпеня гэтага года рэалізацыя іншых тавараў фізічнымі асобамі забаронена. Пры гэтым пры рэалізацыі твораў жывапісу, графікі, скульптуры, прадметаў народных промыслаў, створаных гэтымі асобамі, а таксама прадукцыі кветкаводства, дэкаратыўных раслін, насення і расады, жывёл фізічныя асобы павінны заплаціць адзіны падатак. У гэтым выпадку без наведвання падатковай інспекцыі не абысціся, а рэалізацыя павінна ажыццяўляцца пры наяўнасці плацёжнага дакумента ў гандлёвай кропцы. У адрозненне ад раней існуючага парадку, перыяд ажыццяўлення такой дзейнасці не будзе абмежаваны 5 днямі ў месяц. Рэалізоўваць вышэйпералічаныя тавары фізічныя асобы змогуць на працягу месяца.

За рэалізацыю тавараў, не ўказаных у пераліку, для фізічных асоб прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь.

Анатолій ЖАБІК,

начальнік інспекцыі МПЗ па Ляхавіцкім раёне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *