Ляхавічы: пытанні першай важнасці разглядаліся на апаратнай нарадзе

Якаснае правядзенне касметычнага планавага рамонту ўстаноў адукацыі, поўная гатоўнасць іх да новага навучальнага года да 10 жніўня (за выключэннем Крывошынскай СШ, дзе ідзе капітальны рамонт) — такія задачы былі агучаны на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў мінулы аўторак. Дарэчы, да верасня усе ўстановы адукацыі будуць забяспечаны відэафіксатарамі для захавання бяспекі дзяцей. Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу на неабходнасці канкрэтнага вырашэння пытанняў арганізацыі падвозу дзяцей у школы і дзіцячыя сады, працаўладкавання работнікаў зачыненых па прычыне аптымізацыі ўстаноў адукацыі. Ішла размова і пра тое, што ні ў адным дзіцячым садку горада няма сучаснай гульнёвай пляцоўкі з усімі неабходнымі атрыбутамі і належным эстэтычным выглядам.

Чарговы раз разглядалася і “магазінная” тэма. У прыватнасці, старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч узняў пытанне добраўпарадкавання тэрыторый вакол тых сельскіх магазінаў райпо, якія не функцыянуюць. Гаварылі пра неабходнасць пашырэння асартыменту тавараў у вясковых крамах, захаванне санітарных нормаў і правілаў.

Як адзначыў Вячаслаў Сельмановіч, у райпо ёсць выдатная магчымасць для пашырэння гандлю, маецца на ўвазе мікрараён вуліцы Інтэрнацыянальная. Зараз там дзейнічае толькі адна прыватная гандлёвая кропка, і, напэўна, новы аб’ект па продажы харчовых тавараў быў бы надзвычай запатрабаваны. Пакуль так і засталося толькі абяцаннем адкрыццё магазіна СВК “Жарабковічы” на месцы былой “Кулінарыі” райпо на вуліцы Южакова ў райцэнтры. Хаця станоўчы вопыт у гаспадаркі ў гэтым накірунку ёсць – паспяхова працуе гандлёвая кропка ў Зарытаве: і асартымент, і кошт, і культура абслугоўвання дастойныя.

На парадку дня і пытан-не ўкамплектаванасці райбальніцы мэбляй, матрасамі і г. д. Як, дарэчы, і бальнічны “доўгарамонт” – усё яшчэ адсутнічае цэнтралізаванае гарачае водазабеспячэнне.

У гэты ж дзень старшыня райвыканкама даў згоду на назначэнне кіраўнікоў некаторых устаноў адукацыі раёна.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *