Героі нашага часу. Ляхавіцкія выратавальнікі выцягнулі мужчыну з абдымкаў вогненнай стыхіі

Вадзіцелі-выратавальнікі Віталій Жук і Аляксей Коктыш.

Мужныя, рашучыя і адважныя, гатовыя рызыкаваць уласным жыццём дзеля выратавання чужых – такіх сярод супрацоўнікаў РАНС нямала.

Сярод іх – вадзіцелі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Коктыш і Віталій Жук. На гэтым тыдні яны выратавалі жыццё незнаёмаму чалавеку.

Той дзень для Аляксея і Віталія быў выхадным. Як расказала спецыяліст РАНС Ірына Тукай, у адной з кватэр жылога 4-кватэрнага дома ў вёсцы Каранеўшчына адбыўся пажар. Сужыцель гаспадыні, які падчас трагедыі быў дома, самастойна пакінуў ахоплены дымам пакой (яго шпіталізавалі ў бальніцу з папярэднім дыягназам “тэрмічныя апёкі другой ступені”). Невядома, што здарылася б з 65-гадовым інвалідам ІІ групы з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, які жыве ў суседняй кватэры, каб не Аляксей Коктыш і Віталій Жук. Хлопцы ў гэты час якраз рамантавалі машыну ў гаражы побач з домам. Убачыўшы дым, ні секунды не сумняваючыся ў сваіх дзеяннях, кінуліся на дапамогу і яшчэ да прыбыцця падраздзяленняў РАНС выцягнулі мужчыну з абдымкаў вогненнай стыхіі.

— Жыльцы дома расказалі, што ў кватэры № 31 жыве хворы чалавек, які самастойна не зможа выбрацца. Канешне ж, хваляваліся, бо ведалі, што ад нашых дзеянняў залежыць чыёсьці жыццё. Кватэра была ахутана дымам. Убачылі пацярпелага, які не мог ісці, і вынеслі яго на свежае паветра, — расказвае Віталій Жук.

Дзякуючы прафесіяналізму выратавальнікаў і іх рашучасці інваліду нават не спатрэбілася медыцынская дапамога.

Прычыны пажару высвятляюцца, вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці. А што смелыя выратавальнікі, для якіх вольны час за лічаныя хвіліны пераўтварыўся ў баявое дзяжурства?

— Мы проста рабілі сваю работу, так як нас вучылі, як патрабуюць службовыя інструкцыі. На нашым месцы так паступіў бы кожны з калег, — сціпла заўважае Аляксей Коктыш.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *