Добры пачатак “Ляхавіцкага”


Горача на жніўным полі. Камбайнер Генадзій Граблюк на хвіліну прыпыніў “ДжонДзір” і разам са сваім напарнікам Міхаілам Хлапянікам спусціліся з трапа камбайна. Такой увагі да сваіх персон яны яўна не чакалі, бо яшчэ толькі пачатак уборкі, першыя намалоты. Аднак, экіпаж намераны ставіць працоўны рэкорд. Сёння ён шчыруе на жытнёвым полі ля вёскі Мазуркі. Пацікавіцца ходам спраў на жніўным полі падаспеў і аграном Аляксей Тарлюк. Першыя намалоты – нібы праверка на трываласць нанова падрыхтаванай тэхнікі, проба сіл. Адзначылі, што ўсё ідзе нармальна. Неўзабаве намалочаны поўны бункер зерня. Вадзіцель Віталій Казакевіч тут жа падруліў на сваім МАЗе, і хлебны паток пасыпаўся ў кузаў. На тварах хлебаробаў задавальненне: вось ён, новы хлеб, новы скарб…
Усе 7 экіпажаў камбайнаў СВК “Ляхавіцкі” трывала ўключыліся ў работу, раз’ехаліся ў вытворчыя падраздзяленні гаспадаркі, туды, дзе чакае іх хлебная ніва. Віктар Кардаш, якому дапамагае сёлета сын Вадзім, ў Грушаўцы ўбіраюць ячмень. 20 гектараў жыта пасеяна аж ля вёскі Цыгань, і зжаць яго адправіліся 2 экіпажы камбайнераў – Фёдар Шпак і Уладзімір Перапечка, Станіслаў Шчука і Аляксандр Каваленка. Яшчэ 3 экіпажы ў загонкі ля вёскі Мыслабаж. Тон задаюць Сяргей Асланян з сынам Сяргеем, стараюцца Валерый Ракашэвіч і Аляксандр Шынкевіч, і сёлета настроены па-баявому маладзёжны экіпаж Аляксандра Юніка і Сяргея Казакевіча. Дарэчы, па выніках пачатку работы, калі ўбралі 150 гектараў і намалацілі 928 тон зерня, гэтыя 3 экіпажы прызнаны ў гаспадарцы першымі перадавікамі сёлетняга жніва.
Уключыліся ў спаборніцтва і вадзіцелі. 11 машын гатовы ў любы момант выехаць на палявы стан, каб прыняць зерне ад камбайнаў. 228 тон (гэта пакуль што лепшы вынік) перавёз вадзіцель Іван Гаўдзіс, 182 тоны зерня на рахунку ў Пятра Жалнярэвіча, які на магутным МАЗе ўпэўнена трымае курс “поле – зерняток”, не адстае ад яго і Віталій Казакевіч. Адразу ж стаў у калектыве сваім, як і раней да арміі, Андрэй Жэрка, які толькі вярнуўся са службы і тут жа сеў за руль аўтамабіля.

Кіпіць работа на зернетаку, дзе задзейнічаны 4 сушыльныя агрэгаты. Пазменна 2 брыгады ( у кожнай па 4 чалавекі ) абслугоўваюць 2 устаноўкі. Якраз працавалі Анатолій Герасімовіч, Уладзімір Красаўскі, Леанід Юнік, Яраслаў Радзіон. На змену ім прыходзяць Міхаіл Жарскі, Валерый Казёл, Сяргей Яраш, Аляксандр Ходар. Пакуль яшчэ няма вельмі вялікага наплыву зерня. Брыгада сушыльшчыкаў стараецца пракантраляваць работу ўсіх агрэгатаў, каб у адказны момант не было збояў ў рабоце.
Пайшлі першыя тоны новага ўраджаю, і працаўнікі сельгаскааператыва адразу ўзяліся за выкананне дзяржзаказу. Сёлета ім патрэбна засыпаць у засекі дзяржавы 530 тон зерня. 98 тон высакаякаснай пшаніцы ўжо адпраўлена. Продаж зерня працягваецца.
Гарачая ўборачная пара гарачая і для работнікаў бухгалтэрыі, эканамістаў, спецыялістаў – усіх без выключэння. Ім даручана кантраляваць якасць ходу ўборачных работ і арганізацыйныя моманты, звязаныя з харчаваннем, медабслугоўваннем хлебаробаў, захаваннем правіл супрацьпажарнай бяспекі і тэхнікі бяспекі на вытворчасці. Старшыня прафкама сельгаскааператыва Валянціна Герасімовіч і эканаміст Святлана Гайцюкевіч штодзённа падводзяць вынікі работы ўдзельнікаў жніва і знаёмяць з імі працаўнікоў пасля заканчэння рабочага дня. А раніцай інфармацыя з’яўляецца на спецыяльных інфармацыйных стэндах на машынным двары і зернетаку.
Рабочы дзень у хлебаробаў СВК ”Ляхавіцкі” заканчваецца позна. Аднак, на мехдвары і ў гэты час шматлюдна. З палявога стану ўсе вяртаюцца сюды: пасля напружанай і гарачай работы так вабіць да сябе душавая, якая ў перыд уборкі ўраджаю працуе на поўную магутнасць…
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *