З паштовай сумкай праз плячо. На падмене водпускаў у Ляхавіцкім РВПС працуе моладзь

Аляксей Пабягайла і Міхаліна Гатоўчыц

Аказваецца, у нас новы паштальён! Праблем з дастаўкай карэспандэнцыі няма. Спраўляецца не горш за пастаяннага, — здзіўлена зазначаюць некаторыя жыхары вуліц Гагарына, Южакова, Будаўнікоў, Паркавай, Першамайскай, шэрагу завулкаў райцэнтра. Гэты новы паштальён — 18-гадовы Аляксей Пабягайла. Юнак, як і яго часовая калега 19-гадовая ляхавічанка Міхаліна Гатоўчыц прыняты ў раённы вузел паштовай сувязі ў якасці паштальёнаў на падмену водпускаў асноўных работнікаў.

Як адзначыла намеснік начальніка РВПС Таццяна Дарашэнка, рабяты з ускладзенымі на іх няпростымі абавязкамі спраўляюцца добра, адразу ўвайшлі ў курс справы і, бадай самае галоўнае, знайшлі агульную мову са шматлікімі адрасатамі і атрымальнікамі паштовай карэспандэнцыі і пенсій. Адказнасць, добразычлівасць, актыўнасць дапамагаюць маладым у рабоце.

У 7 гадзін раніцы Міхаліна і Аляксей ужо на працоўным месцы.

Сартуем газеты, часопісы, паштовыя адпраўленні па адрасах, пад роспіс атрымліваем пенсіі, якія трэба разнесці па ўчастку, напаўняем спецыяльную сумку і наперад, — па вуліцах роднага горада ў прыватныя дамы і шматкватэрнікі. Па серадах, чацвяргах, пятніцах і суботах, калі карэспандэнцыі многа, даводзіцца яшчэ і “дазапраўляцца”, — расказвае Міхаліна Гатоўчыц і дадае: — Мне работа падабаецца.

А для мяне галоўная цяжкасць – трэба рана прачынацца, а так хочацца паспаць. У астатнім усё задавальняе і атрымліваецца. Хачу зарабіць грошай і паехаць адпачнуць перад новым навучальным годам у Балгарыю, — дадае Аляксей Пабягайла.

Сёлета юнак закончыў 2-гі курс Брэсцкага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту. Міхаліна атрымала дыплом Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа і з 1 жніўня будзе працаваць у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дарэчы, яна таксама плануе патраціць заробленыя грошы на адпачынак.

Для рабят гэта не першая спроба папрацаваць самастойна. Міхаліна 2 гады назад таксама была паштальёнам РВПС. Алёша мінулым летам у падсобнай гаспадарцы “Уладзімір плюс” абіраў з кустоў чорныя парэчкі. Як ўспамінае Міхаліна, свае першыя заробленыя грошы яна патраціла на падарунак маме.

Звычайныя і ў той жа час асаблівыя рабяты – вельмі пазітыўныя. Акрамя таго, што Міхаліна Гатоўчыц выдатна іграе на скрыпцы і ўвогуле захапляецца музыкай, яна яшчэ і вельмі любіць чытаць. Прычым, не абмяжоўваецца нейкай пэўнай тэмай, — ёй цікавая любая літаратура.

Аляксей аддае перавагу актыўнаму адпачынку:

Збіраемся разам з сябрамі, каб паганяць у футбол, вечарам таксама кампаніяй тусуемся, нешта абмяркоўваем, жартуем. Канешне, хацелася б схадзіць куды-небудзь разам. Паўдзельнічаць у нечым цікавым, але няма дзе і ў чым. Арганізоўваем свой вольны час, як можам.

Месяц праляцеў непрыкметна, і рабяты зноў з працуючых ператварыліся ў адпачываючых.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *