А да вады цягне магнітам

На ўзбраенні ў супрацоўнікаў ПМС – спецыяльнае прыстасаванне для ачысткі ракі – лодка-чаротакасілка. Літаральна днямі Ведзьма стала чысцейшай.

Лета, сонца, спякота … На градусніку +30. Адзіным жаданнем застаецца як мага хутчэй акунуцца ў чыстую халаднаватую ваду, каб асвяжыцца.

На жаль, у ляхавічан ажыццявіць гэта жаданне не атрымаецца. Зона адпачынку на рацэ Ведзьма трапіла ў спіс месцаў, забароненых для купання, таксама як і зона адпачынку на рацэ Шчара ў аграгарадку Дарава і пляж на вадаёме ў аздараўленчым лагеры «Чайка».

Карціна на гарадскім пляжы не з вясёлых: людзей нямала, але ўсе загараюць, зрэдку хто ногі падыдзе да ракі намачыць. Побач хлапчукі гуляюць у футбол (для гэтага адведзена спецыяльная пляцоўка). Гулялі б і дзяўчаты, каб была нацягнута валейбольная сетка. Але без вады ўсё ж не тое.

А вы толькі ўявіце, як добра было б пасля працоўнага або ў выхадны дзень адпачыць з сям’ёй ці з сябрамі на рэчцы ўсяго ў 10 хвілінах ад дома. Не трэба планаваць паездку на рэчку за некалькі дзён, ехаць за дзясяткі кіламетраў, каб пакупацца, – ўсё побач. Добра, калі б тут былі і гандлёвыя кропкі — купіць газіроўку або марожанае.

Пакуль гэта, на жаль, толькі мары…

Цікава, а як жа адпачываюць нашы землякі?

Ірына К.:

— З панядзелка пачынаецца мой такі доўгачаканы адпачынак. Нікуды ехаць не планую, наадварот — чакаю сваіх лепшых сяброў з Расіі. Унукі яшчэ маленькія для далёкіх паездак на Свіцязь або на Шчару. Ды і, дзякаваць Богу, іх ужо 4. Дадай гасцей… А як прыемна было б проста пайсці на сваю рэчку Ведзьму і там правесці дзень. На жаль, купацца забаронена…

Юлія Гладкая:

— У гэтым годзе давялося пабываць на Свіцязі. Але часта кудысьці ездзіць не атрымліваецца. Шкада, безумоўна, што ў нашай рэчцы купанне забаронена. Не кожны мае магчымасць ездзіць адпачываць у іншыя раёны і гарады.

Надзея Лапіч:

— Мой выбар — Нарач і Свіцязь. Вядома ж, хочацца, каб у нашым горадзе быў арганізаваны пляжны адпачынак. Але для пачатку трэба хаця б ачысціць рэчку…

Кацярына Лук’янчык:

— Вельмі часта купаемся і адпачываем у Набярэжнай. Але гэта (як і вёска Мыслабаж) адносна далёка ад горада, пешшу дабрацца цяжка.

Уладзіслаў Пілінога:

— Часцей за ўсё адпачываем каля Набярэжнай, дзе вада чысцейшая. У горадзе купанне забаронена, а хацелася б. Дзякуй тым, хто ўсё ж ачышчае рэчку ад зараснікаў. Але, думаю, для таго, каб мець нармальную зону адпачынку, гэтага мала…

Маргарыта КУХТА,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *