Мядовая работа пчаляроў з Востраўскага лясніцтва Ляхавіцкага раёна.

Пчалярскі стаж Васілія і Івана Навумчыкаў на дваіх амаль 60 гадоў

Многія ляхавічане добра ведаюць смак салодкага ўраджаю, што работнікі лясгаса збіраюць у Востраўскім лясніцтве.

Пра ўтрыманне пчол і іх звычкі ўсё ведаюць браты – пчаляры Іван і Васілій Навумчыкі. Іх стаж “мядовай работы” — амаль 60 гадоў на дваіх. Каб атрымаць гаючы і смачны прадукт, давядзецца прыкласці нямала намаганняў.

– Вуллі ўвесь час знаходзяцца ў лесе і патрабуюць пастаяннага клопату. Напрыканцы восені нашы пчаляры пачынаюць рыхтаваць іх да зімы. А на пачатку вясны рознакаляровыя домікі размяркоўваюцца на 9 спецыяльных пляцоўках, – расказвае пра пчаліныя клопаты ляснічы Востраўскага лясніцтва Сяргей Амбражэй.

Вось і сёлета ў сярэдзіне чэрвеня Іван і Васілій Навумчыкі пачалі адкачку прыроднага эліксіру. Нарыхтавана 1550 кілаграмаў духмянага ласунку, над зборам якога на квітнеючых меданосах шчыравалі 160 пчоласем’яў.

Трохі падвялі пчаляроў ўмовы надвор’я: вясна была халаднаватая, надзеі на цвіценне маліны не спраўдзіліся. На жаль, мала зараз сеюць у гаспадарках грэчкі – выдатнай меданоснай расліны.

Не за гарамі наступны збор ураджаю, які, спадзяюцца спецыялісты, парадуе і колькасцю, і смакам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва лясгаса.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *