Ляхавіччына: вадзіцелі, прышпіліцеся і не ліхачце

Безагляднае ліхацтва на дарогах да дабра не прыводзіць. Прычым той, хто спяшаецца, не толькі можа сам трапіць у аварыю, але і “зацягнуць” у яе іншых вадзіцеляў і пешаходаў. А, між тым, перавышэнне скорасці – самае “папулярнае” парушэнне правілаў дарожнага руху (з пачатку года на Брэстчыне за гэта былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці больш за 43 тысячы чалавек). На жаль, не ўсе разумеюць, якую небяспеку тояць у сабе лішнія кіламетры ў гадзіну. 25 ліпеня па ўсёй краіне праводзіўся адзіны дзень бяспекі дарожнага руху “Выбірай бяспечную скорасць!”. У чарговы раз нагадвалася, што згодна ПДР у населеных пунктах скорасць транспартных сродкаў не павінна перавышаць 60 км/г, на прыгарадных дарогах – 90 км/г, на аўтамагістралях – 110 км/г. Магчыма, кагосьці з ліхачоў спыніць пакаранне рублём. За перавышэнне скорасці ад 10 да 20 км/г можна пазбавіцца да 150 тысяч рублёў, ад 20 да 30 км/г – ад 150 да 300 тысяч, на 30 км/г і больш – ад 300 тысяч да 1 мільёна рублёў. За паўторнае на працягу года падобнае парушэнне прадугледжаны штраф ад 5 да 15 БВ ці пазбаўленне права кіравання транспартным сродкам.

ДАІ ўзмацніла кантроль і за выкарыстаннем рамянёў бяспекі вадзіцелямі і пасажырамі. Многія, на жаль, настойліва не жадаюць карыстацца гэтымі пасіўнымі сродкамі бяспекі. 20 працэнтаў тых, хто ігнаруе гэтае патрабаванне ПДР, лічаць, што ў выпадку ДТЗ выляцяць з машыны і застануцца жывымі. Аднак, неабходна памятаць, што чалавек, які ў момант аварыі вылятае з машыны, у большасці выпадкаў гіне на месцы ці памірае ад атрыманых траўмаў пазней: на шляху можа знаходзіцца не толькі лабавое шкло, але і стойка кузава, дрэва, слуп і іншыя перашкоды. Ёсць такія, хто ўвогуле лічыць, што рамень бяспекі можа прынесці ў выпадку аварыі сур’ёзныя траўмы. Але такое магчыма толькі пры няправільным выкарыстанні гэтага прыстасавання. Частка вадзіцеляў і пасажыраў прытрымліваецца думкі, што падчас ДТЗ іх выратуюць падушкі бяспекі. Але ж надуўная падушка эфектыўная толькі ў спалучэнні з прышпіленым рамянём, без яго яна прыносіць больш шкоды, чым карысці.

Каб не рызыкаваць, прышпіліцеся.

Юрый МАЛЕВІЧ,

начальнік АДАІ РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *