Новы «Шлях новы»

Старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Вашчук

Гарачыня ў квадраце. Выкарыстанне гэтай простай і яснай формулы ў апісанні таго, што адбываецца зараз на сельскагаспадарчых палетках, не з’яўляецца перагібам у бок пафаснасці. Спякотнасць надвор’я для жніва плюс безумоўны. Памножым на гарачае напружанне ўборачных будняў і атрымаем той самы здабытак, патрэбны вынік. А тое, што ў здабытку гэтага сельскагаспадарчага года добры ўраджай – факт, пацверджаны двума тыднямі жніва і тонамі намалотаў у разрэзе ўбраных плошчаў.

Вось і ў дачыненні ходу жніва ў СВК “Шлях новы” гаварыць хочацца выключна ў мажорнай танальнасці. Азімыя жыта і трыцікале, яравы ячмень урадзілі і на гэтым этапе сыплюць у межах паўсотні цэнтнераў з адзінкі плошчы. Пра пшаніцу і ўвогуле — выключна высокім стылем. Што, дарэчы, “Ляхавіцкі веснік” і зрабіў у папярэднім нумары – у лічбах, з шэрагам падрабязнасцяў, меркаваннем спецыяліста. Але тым і абмяжуемся, паколькі ўборка зерневых знаходзіцца ў самым разгары. У адрозненне ад камбайнавання рапсу, якое СВК “Шлях новы” завяршыў, па жніўным адліку часу, ужо даўно. І вельмі паспяхова: пры сярэдняй ураджайнасці вельмі блізкай да 44 цэнтнераў сабрана 2660 тон якаснага алейнага насення – больш, чым у любой іншай сельгасарганізацыі раёна, пры не самых вялікіх на Ляхавіччыне пасяўных плошчах гэтай культуры. Але, як расказаў старшыня кааператыва Аляксандр Вашчук, розныя палі па рознаму і ўрадзілі:

Лабарант МТФ “Навасёлкі” Вольга Яўлаш і вадзіцель Аляксандр Малевіч.

— З асобных гібрыдных участкаў здымалі і па 58 цэнтнераў насення, з некаторых – па 51, па 47-46. Былі горшыя, аднак і сярэднія 44 – другая ў раёне лічба.

Але ж чаму “Шлях новы” – новы? За няшмат апошніх гадоў гаспадарка неаднойчы “аптымізавалася”. Пад гэтым вельмі вольным для трактоўкі дзеясловам у нашым выпадку маецца на ўвазе далучэнне або аб’яднанне СВК “Шлях новы” і іншых – суседніх – сельгаскааператываў. “Шлях новы” пры гэтым нязменна выступае ў ролі вядучага, лакаматыва падзей. “Шлюб” з “Флер’яновам” бачыцца саюзам, які ўжо цалкам усталяваўся і, здаецца, па-іншаму і не было. Ардэнаносны “Кастрычнік” стаў на адзін шлях са “Шляхам новым” менш двух гадоў таму. Улічваючы маштабы, шэраг асаблівасцяў, што заўсёды суправаджаюць падобнага кшталту трансфармацыі, пераход на адзіныя стандарты гаспадарання простым не быў. Не мог быць па вызначэнні і, магчыма, да гэтага часу адбыўся не ва ўсіх аспектах і тонкасцях. Тым больш, былы СВК “Дарава”, які ўліўся ў склад “Шляху новага” ўсяго-толькі на пачатку года бягучага.

Узгадваецца студзень, агульны сход членаў сельгаскааператыва “Дарава”, які, у тым ліку, “прагаласаваў” за аб’яднанне з больш моцным суседам. Узгадваюцца і словы старшыні Аляксандра Вашчука, які адзначыў прыкладна наступнае, звяртаючыся да дараўскай аўдыторыі: усе, хто хоча і ўмее працаваць, будуць працаўладкаваны.

Памочнік загадчыцы МТФ “Галавачы” Людміла Чарняўская (у цэнтры) з аператарамі машыннага даення Аленай Арцыменя і Аленай Зубальскай.

Падчас нядаўняй гутаркі з Аляксандрам Мікалаевічам, мы вярнуліся да падзей паўгадавой даўнасці, паглядзелі на іх з пазіцый дня сённяшняга. Паслухаем старшыню самага буйнога ў раёне сельскагаспадарчага прадпрыемства:

— Як і абяцаў на аб’яднаўчым сходзе, хто хацеў працаваць – працуе. Гультаі, аматары гарэлкі звольніліся: адны па ўласным жаданні, іншыя з нашай дапамогай. Гаспадарка нічога не страціла: не стаяла тэхніка, не засталіся нядоенымі каровы. Хутчэй, наадварот. Узраслі аб’ёмы вытворчасці, заработная плата ў працаўнікоў дараўскага ўчастка паднялася. Рашэннем праўлення кааператыва выраўнялі – заметна паднялі – стаўку першага разраду. Разам з актывамі далучаных гаспадарак нам, канешне ж, дасталіся і іх даўгавыя абавязкі. У дадатак да сваіх, што “вісяць” за набытыя запасныя часткі, прэпараты для хімічнай апрацоўкі раслін, іншае. Вырашчаны ўраджай дае падставу меркаваць, што з крэдыторамі атрымаецца разлічыцца. Палепшылася якасць малака. З Навасёлкаўскай фермы практычна ўсё малако паступае гатункам “экстра”, вышэйшым – з Вялікалотаўскай. Вядзецца племянная, селекцыйная работа. Мяркую, па валу малака сёлета выйдзем на ўзровень 2013 года. Па ўдойнасці – пытанне. Бягучы год для нас навучальны, паказальным стане наступны. У другім паўгоддзі 2015-га даведаемся, наколькі правільным было рашэнне аб аб’яднанні.

МТФ “Вялікая Лотва”: ветфельчар Леанід Шпак, тэхнік-асемянатар Уладзімір Вельш, загадчыца фермы Валянціна Курловіч, вядучы заатэхнік Ірына Камінская.

СВК “Шлях новы” ў новым фармаце – гэта першая ў разрэзе сельгасарганізацый раёна велічыня. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі гаспадаркі раскінуты па 10307 гектарах, у тым ліку 6820 – ворыва. Іх бліжэйшы па гэтым паказчыку раённы канкурэнт адстае на больш як тысячу і 200 гектараў адпаведна.

Самы шматлікі ў раёне статак буйной рагатай жывёлы – больш за 8300 галоў, з якіх 3365 кароў – таксама “прапісаны” на фермах “Шляху новага”. Часткова – на нядаўна і на сучасны манер мадэрнізаванай МТФ “Вялікая Лотва”. Яшчэ здалёк звяртае на сябе ўвагу адзін з комплексу будынкаў. Каркасна-тэнтавая, арачнай формы і паласатай бела-блакітнай афарбоўкі канструкцыя прызначана для ўтрымання цялят. У час нашага наведвання частка насельнікаў знаходзілася ў выгульных дворыках. Паводзілі сябе вельмі ляніва, падставіўшы бліскучыя бакі хутчэй гарачаму, чым пяшчотнаму сонцу. Іншыя зрабілі выбар на карысць памяшкання і свежай саломы ў якасці падсцілкі. Трэція – актыўнічалі за кармавым сталом з пахучым сенам. Дарэчы, іменна яго водар перакрываў тут усе астатнія стандартныя пахі жывёлагадоўчага памяшкання.

Жывёлавод Іна Палтаўцава.

Цікавы і арыгінальны ў маштабе раёна факт: жывёлагадоўля СВК “Шлях новы” прадстаўлена таксама і рыбаводствам. Размешчаны на тэрыторыі былога “Кастрычніка” вадаём “Сакуны” — 18 гектараў воднай паверхні — стаў адным з актываў гаспадаркі. Намаганнямі цяперашніх гаспадароў праведзена аздабленне часткі берагавой тэрыторыі. Устаноўлены столікі-лавачкі, падпавець для адпачынку, вагончык для ахоўнікаў. Тут іх 4, і службу сваю хлопцы ведаюць і нясуць кругласутачна. Як увёў у курс справы заатэхнік-рыбавод Андрэй Бубен, вадаём прызначаны для развядзення рыбы з наступным яе адловам і рэалізацыяй насельніцтву. Прыярытэтныя пакупнікі – работнікі СВК. Прэйскурант сённяшняга дня раўняецца 17-20 тысячам рублёў за кілаграм рыбы ў залежнасці ад велічыні асобін. Прысутнічаюць у вадаёме практычна ўсе яе рачныя віды, аднак, таварныя пазіцыі складаюць карась, белы амур, карп, таўсталобік. Іменна дзвюма з паловай тонамі карпа і “таўсталоба” “Сакуны” былі дазарыблены ў красавіку. “Але першы год цяжка разлічваць на прыбытковасць работы вадаёма”, — завяршаючы экскурсію для карэспандэнтаў гаворыць Андрэй Бубен.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Заатэхнік-рыбавод Андрэй Бубен

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *