Збіраюцца ў школу хлопчыкі і дзяўчынкі Ляхавіччыны

З дапамогай мамы Ілья Цвік выбраў не толькі пінжак, але і ранец

Летнія канікулы пралятаюць хутка. Пакуль яшчэ рабяты з задавальненнем цешацца доўгачаканым адпачынкам, а навучальныя ўстановы наводзяць марафет — рыхтуюцца да чарговай сустрэчы са школьнікамі.  Надышоў час здаваць экзамен на падрыхтаванасць да новага навучальнага года бацькам вучняў,  прадпрыемствам, якія выпускаюць тавары для школьнікаў, і, канешне ж, гандлёвым кропкам. Сёння сярод самых хадавых тавараў на рынку і ў магазінах – канцылярскія і школьная форма. Па ўсёй краіне пачалі працаваць школьныя кірмашы.

Сучасныя, прыгожыя, на розныя густы сарафаны, спадніцы, штаны, камізэлькі, пінжакі, камфортны абутак, пісьмовыя прыналежнасці, партфелі і многае іншае, што спатрэбіцца і першакласнікам, і выпускнікам, у вялікім асартыменце прапануюць буйныя гандлёвыя цэнтры, маленькія магазіны і рынкі. А што ж у нашых Ляхавічах?

Яшчэ на пачатку ліпеня на перадрыначнай плошчы ў райцэнтры размясціўся павільён са школьным таварам. Праўда, выбар у ім не надта вялікі (калі не сказаць, бедны): крыху канцылярскіх тавараў і пару штук партфеляў.

Зусім іншыя ўражанні пасля наведвання магазіна “Дзіцячы свет “Аліса”. Мэтанакіраваны паход сюды за абноўкамі для школы прыносіць задавальненне і дзецям, і іх бацькам. Паліцы прыемна здзіўляюць разнастайнасцю асартыменту. Хаця, як адзначаюць  прадаўцы магазіна, асабліва бойка пойдзе гандаль, пачынаючы са жніўня. Многія пакупкі адкладваюць ледзь не да апошняга дня: тавару хапае, і на дэфіцыт ніхто не скардзіцца. Па словах загадчыцы магазіна Святланы Байрамавай, за дзень выручка складае ад 5 да 7 мільёнаў рублёў (і гэта толькі пачатак).

Як і ў мінулыя гады, адзенне для школьнікаў можна набыць пры жаданні ў растэрміноўку на 6 месяцаў. Такая прапанова ў пакупнікоў запатрабавана.

У “Алісе” прадстаўлены тавары розных вытворцаў, у асноўным, беларускіх швейных і абутковых фабрык. Прапануюцца касцюмы для хлопчыкаў вытворчасці Баранавіцкай фабрыкі класічнага фасону і розных хадавых колераў коштам ад 350 да 550 тысяч рублёў. Ёсць штаны з пінжаком, а ёсць і з камізэлькай. ААТ “БелКрэда” (многім знаёмае як Навагрудская швейная фабрыка) прапаноўвае штаны на розны ўзрост, кошт якіх вагаецца ў межах 200 тысяч рублёў.

Для дзяўчынак цяпер шыюць “Дыгма плюс (Драгічын) – розныя спадніцы, сарафаны, касцюмы; “Калінка”, “ 8 Сакавіка” – блузкі коштам ад 90 да 280 тысяч рублёў. Вялікі выбар спартыўных касцюмаў і штаноў ААТ “Бабруйсктрыкатаж” і “8 Сакавіка”, спартыўнага абутку коштам ад 62 тысяч рублёў і вышэй ад ААТ “Лідская абутковая фабрыка”. Белыя, блакітныя, карычневыя, бардовыя, зялёныя, сінія – кашулі гэтых і іншых колераў можна купіць у “Алісе” ад 130 да 160 тысяч рублёў за штуку ў залежнасці ад памеру. Чаго пакуль малавата? Абутку для хлопчыкаў. Хаця і не скажаш, што яго ўвогуле няма — 3-4 мадэлі ўсё ж выстаўлены. Як запэўніла Святлана Байрамава, падвоз тавару ў гэты магазін адбываецца штотыднёва, а калі і часцей.

Што датычыць канцылярскіх прыналежнасцяў, то іх на прылаўках хапае. Пра такі асартымент гадоў 15 назад нават не марылі. Кошт прымальны. Цікавай для бацькоў будзе інфармацыя, што ў “Алісе” самыя танныя сшыткі – па 700 рублёў за штуку, паўагульныя сшыткі – 3600 рублёў. Алоўкі, ручкі, пеналы, каляровая папера, пластылін, вокладкі розных вытворцаў, на розны густ і кошт.

Давялося назіраць, як экіпіруецца ў школу дзяўчынка-трэцякласніца пад кіраўніцтвам мамы і старэйшай сястры. Яны выбіралі абнову ў школу. Прымералі некалькі варыянтаў. Спыніліся на чорным з белай палоскай сарафане за 247 тысяч рублёў, да яго падабралі белую з касынкай кашулю (280 тысяч рублёў), потым яшчэ спартыўны касцюм (170 тысяч рублёў). Усё астатняе вырашылі купіць яшчэ ў некалькі заходаў.

Школьнымі таварамі, акрамя райпо, гандлююць і прадпрымальнікі. Тавар іх, у пераважнай большасці, замежны, але і на яго нямала жадаючых. Разнастайныя канцылярскія тавары для школы можна набыць ва ўсіх кіёсках ”Брэстаблсаюздруку”. Там жа, напрыклад, можна купіць канцылярскі набор для першакласніка.

Традыцыйна перад пачаткам новага навучальнага года праводзяцца разнастайныя дабрачынныя акцыі, якія дапамагаюць “сабраць” партфель рабятам з неўладкаваных, мнагадзетных сем’яў. Акцыя пад назвай “Партфель першакласніка” стартавала 21 ліпеня ў Мінску ў буйных гандлёвых кропках. Прыняць удзел можа кожны жадаючы — дастаткова купіць школьныя прыналежнасці, якія валанцёры перададуць у гарадскую арганізацыю ГА “Беларуская асацыяцыя мнага-                                        дзетных бацькоў”. Чаму б нешта падобнае не прыдумаць і ў Ляхавічах? Ведаючы, наколькі актыўна ляхавічане ўключаюцца ў дабрачынныя акцыі, можна меркаваць, што дапамога такім рабятам была б адчувальнай.

Галіна КАНЬКО.

Гэты час з хваляваннем чакаюць і дарослыя, і дзеці. Размова ідзе пра падрыхтоўку да новага навучальнага года. І незалежна ад таго, першаклашка ў сям’і ці выпускніца-школьніца, — пытанні і клопаты ў бацькоў напярэдадні 1 верасня практычна аднолькавыя: што і дзе купіць, каб не надта “падарваць” сямейны бюджэт, а дзіця пры гэтым выглядала і адчувала сябе не горш за іншых.

У большасці сем’яў так павялося, што вышэйзгаданыя пытанні (магчыма, толькі за выключэннем фінансавання стратэгічна важных пакупак) вырашаюць жанчыны.

У мужчын элементарна не хапае вытрымкі доўга хадзіць па магазінах, кірмашах, вымяраць, прыцэньвацца.

Таму пытанне “як збіраеце дзяцей у школу?” “ЛВ” адрасаваў менавіта зямлячкам.

Ала ДОЛМАТ,

выкладчыца ліцэя (г. Баранавічы):

— Зайшлі ў магазін “Аліса” і, як аказалася, не дарэмна. Купілі сыну Серафіму, які перайшоў у 7 клас, ранец. Мадэль спадабалася, задаволіў кошт – танней, чым бачылі ў Баранавічах, а якасць добрая. Прыглядаліся да цэн і на канцылярскія тавары, яны таксама на парадак ніжэйшыя. Тое-сёе прыдбалі адразу, іншае – адклалі на пасля.  Робім пакупкі і ў Белсаюздруку. Вось дзённік, напрыклад, купілі. Кожнае лета да школы рыхтуемся паступова –  для сямейнага бюджэту не так адчувальна. Дарэчы, такога парадку прытрымліваліся ў нашай сям’і, калі вучыўся ў школе і старэйшы сын.

Ірына ТОЛКАЧ, паштальён

аддзялення сувязі “Русінавічы”:

— Новы навучальны год для нашай сям’і асаблівы.  Дзве старэйшыя дачкі  Наташа і Насця – выпускніцы, перайшлі  адна ў 9, другая – у 11 клас. А малодшая – Палінка – цяпер першакласніца.  Таму, безумоўна, перадвераснёўскіх клопатаў хапае. Канешне, важны і фінансавы бок пытання. Дзяўчынкам, мне здаецца, патрэбна ўсё ж больш, чым хлопчыкам. Добрай прыбаўкай да сямейнага бю-джэту   з’яўляецца   матэрыяльная дапамога, якую аказваюць мужу да новага навучальнага года ў СВК “Ляхавіцкі”, дзе ён працуе.

Наша сям’я мнагадзетная, таму харчаванне ў школе  для дзяцей бясплатнае.  Усе дочкі будуць вучыцца ў Ляхавічах у СШ № 1, пра падвоз не хвалюемся – усё адладжана.

Да збору школьніц прыступілі ўжо. Праўда, купілі толькі канцылярскія прыналежнасці, мяч, скакалку для малодшай — на месцы ў Русінавічах, у аддзяленні паштовай сувязі. Галоўныя чаканні ў Паліны звязаны з формай. За ёй і за абновамі для старэйшых паедзем у Баранавічы. Там выбар  большы, можна купіць усё і адразу.  Наташа і Насця  дарослыя, самастойныя. Яны не толькі сабе падбяруць усё, што неабходна, а і для Палінкі параяць, падкажуць.

Наталля НАВУМОВІЧ,

кантралёр малочнай прадукцыі

Ляхавіцкага малочнага завода:

— У нашай сям’і школьнік адзін. Таму  сабраць яго да новага навучальнага года не так складана, як у сем’ях, дзе выхоўваюцца  двое ці больш дзяцей. Ужо купілі сыну Івану, вучню 2 класа, школьную форму. Выбралі ў “Бусліку” ў Баранавічах. У бліжэйшы час плануем падабраць абутак: туфлі, спартыўны, зменны. За ўсім гэтым таксама паедзем у Баранавічы. А вось канцылярскія тавары, хутчэй за ўсе, купім у Ляхавічах, чулі, што ў магазіне “Аліса” выбар добры.

Іван сумуе па школе, пытаецца, калі ж, нарэшце, 1 верасня. Так што такія зборы для нас у радасць.

Наталля КСЁНЖЫК, педагог цэнтра

дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі:

— Літаральна днямі ў Баранавічах купіла канцылярскія прыналежнасці – сшыткі, фламастары, ручкі, алоўкі.  Заплаціла больш за 500 тысяч рублёў,  і гэта толькі пачатак. Школьнае адзенне, абутак, партфелі,  іншае – усё гэта самае неабходнае. У нашай сям’і школьнікаў двое: дзевяцікласнік Ілья і чацвёртакласніца Насця. Будзем шукаць  адзенне і абутак ў гандлёвых кропках Ляхавічаў і Баранавічаў. Дзе падыдзе па памеры, кошце і фасоне, там і купім.  Не першы раз, збіраючы дзяцей у школу, заўважаю, што для дзяўчынак падабраць форму лягчэй. А вось для сына даводзіцца перашываць. Добра, што сама ўмею шыць і таму з дробным рамонтам клопатаў не маю. А так трэба было б яшчэ шукаць майстра.  Не менш падрыхтоўкі  патрабуецца і для малодшай дачкі Ксюшы, якая наведвае дзіцячы сад: цэлы пералік канцылярскіх тавараў, прыгожае і зручнае адзенне, абутак. Так што экіпіруемся ўсёй сям’ёй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *