Прагноз і рэальнасць. Падведзены паўгадавыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны

Месяц, квартал, паўгода і далей з такімі ж інтэрваламі – адрэзкі часу, па якіх можна і прынята адсочваць гадавую дынаміку розных працэсаў. Гэта як прамежкавы фініш у шэрагу спартыўных дысцыплін: нягледзячы на адсутнасць канчатковай яснасці – многае становіцца зразумелым. І чым далей, тым больш.

Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта прайшло ў шырокім складзе ўдзельнікаў. Вынесенае на разгляд у якасці галоўнага пытанне “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіцкага раёна ў першым паўгоддзі 2014 года” дыктавала неабходнасць прысутнасці ў зале кіраўнікоў, спецыялістаў прадпрыемстваў, арганізацый, службаў раёна.

Што ў здабытку народнай гаспадаркі раёна па завяршэнні першай паловы года, наколькі блізкімі да прагнозных аказаліся рэальныя вынікі яе работы?

З 17 устаноўленых за паўгода (а ў некаторых выпадках арыенцірамі з’яўляюцца 5 або 3 месяцы) Ляхавіччына “ўзяла” 13 прагнозных паказчыкаў. У тым ліку па энергазберажэнні, выручцы ад рэалізацыі прадукцыі камерцыйнымі арганізацыямі ў разліку на аднаго сярэдняспісачнага работніка, па прыцягненні прамых замежных інвестыцый, тэмпах росту аб’ёму падрадных работ і рознічнага тавара- абароту, уводзе жылля, стварэнні новых малых арганізацый. Вышэй прагнознага склаўся сярэдні “зарплатны” паказчык – 4319,3 тысячы налічаных рублёў пры заданні 4258. Варта адзначыць асаблівую дынаміку ў нарошчванні прадпрыемствамі раёна экспарту паслуг: паказчык пяці месяцаў года бягучага ад базавага адрозніваецца ў 14 разоў, раўняецца 76,6 тысячы долараў ЗША супраць леташніх 5,4 тысячы і, адпаведна, характарызуецца значным станоўчым сальда.

Чатырох прагнозных пунктаў дасягнуць не атрымалася. У адрозненне ад паслуг, экспарт тавараў пры заданні амаль у 111 працэнтаў да базавага перыяду ў рэальнасці склаў толькі 93. Не выкананы заданні па нарошчванні інвестыцый у асноўны капітал – вытворчыя і адміністрацыйныя будынкі, станкі, машыны і іншае, што працуе на прыбытак прадпрыемства на працягу доўгага часу, больш як адзін вытворчы цыкл. Дэльта мінус атрымалася фактычна роўнай 20 працэнтным пунктам.

Індэкс фізічнага аб’ёму вырабу прамысловай прадукцыі – колькасны паказчык, характарызуе адносіны аб’ёмаў справаздачнага і базавага перыядаў – недавыкананы больш як на 10 працэнтаў. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Таццяна Кацуба, на працягу апошніх трох месяцаў назіраецца тэндэнцыя да павелічэння аб’ёмаў прамвытворчасці. Тым не менш, ні камунгас, ні “Трансэлектракамплект”, ні малочны, кансервавы, ільно- і торфабрыкетны заводы не здолелі спрацаваць на ўзроўні сваіх жа леташніх аб’ёмаў. Торфабрыкетчыкі “змінусавалі” найбольш заметна, і цёплая зіма таму першапрычына. Яна “справакавала” падзенне попыту на паліва. Попыт жа, як вядома, вызначае прапанову, чытай – аб’ёмы вытворчасці. Ільнозавод не зменшыў выпуск асноўнай прадукцыі, аднак, не ў прыклад году мінуламу, не займаўся вырабам кастрабрыкетаў і пасцельнай бялізны. “Трансэлектракамплект” і кансервавы завод, калі да ўвагі браць абсалютна вытворчыя аб’ёмы, спрацавалі на ўзроўні першай паловы 2013 года. Аднак, у адпаведнасці з тэндэнцыямі рынку, узнікла неабходнасць у змене вытворчых прыярытэтаў – на карысць попыту, але, часам, менш выгадна з цанавога пункту гледжання. Узгадаем зіму 2013-2014 і ў сітуацыі з камунгасам. З прычыны яе “мяккасці” прадпрыемству не спатрэбілася выпрацоўваць і прадаваць спажыўцам такую ж колькасць цяпла, як годам раней. Яго ж, не без іроніі скажам, на склад не пакладзеш да лепшага часу. Малочны завод і рады зрабіць больш, ды недапастаўкі сыравіны не дазволілі вывесці аб’ёмы вытворчасці на ўзровень 2013 года.

Лагічным у гэтай сітуацыі працягам будзе канстатацыя таго факта, што галоўныя вытворцы сыравіны для завода – аграрыі раёна — свой паўгадавы прагноз таксама не выканалі. Пры заданні па тэмпе росту валавой прадукцыі ў 103 працэнты рэальна атрымалі 99,3. Недабралі малака, кармоў некаторыя сельгаспрадпрыемствы нарыхтавалі менш леташняга. Але, як паведамілі ў райсельгасхарчы, складваецца станоўчая дынаміка, і ў цэлым па годзе прагноз можа быць выкананы. Вырашчаны і ў значнай частцы ўжо сабраны ўраджай збожжавых, зернебабовых, рапсу дае падставу так гаварыць. Вал, напрыклад, насення рапсу сёлета аказаўся працэнтаў на 20 больш важкім за леташні. Ды і гектар зерневых, уборка якіх у разгары, сыпле як ніколі.

Шмат лічбаў, фактаў, высноў, аргументацый прагучала ў ходзе пасяджэння райвыканкама, так што адрэагаваць у газеце хаця б на палову з іх – справа аб’ёмная, у нечым спецыфічная, што называецца, не для шырокага кола.

Да ўжо сказанага дабавім, што на гэтым адрэзку часу 2 прадпрыемствы нашага раёна з’яўляюцца стратнымі. ДУБП “Ляхавіцкая ПМК-17” ужо не навічок у названым спісе, у адрозненне ад дэбютанта – ААТ “ТБЗ  «Ляхавіцкі”.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *