Вялікі хлеб “Ляхавіцкага”

Сямейны экіпаж у складзе Генадзія і Марты Граблюкоў і сёлета сярод лепшых на жніве

У СВК “Ляхавіцкі” хлебная ніва ўрадзіла на славу. Вось ён – вынік нястомнай працы тых, хто араў, сеяў, даглядаў, рамантаваў тэхніку, а сёння з раніцы да змяркання ўбірае вырашчанае. Больш як 74 цэнтнеры з гектара на далёка не самых ураджайных землях — “Ляхавіцкі” зноў б’е свае ж рэкорды. Нават летась, калі намалацілі на 20 цэнтнераў на круг менш, вынік быў дастойны. Сёння і наогул – лепшы не толькі ў раёне, але і на Брэстчыне.

Нават цяжка назваць культуру, якая сёлета не ўрадзіла. Ячмень, пшаніца, трыцікале аддзячылі хлебаробам за клопат. Некаторыя ўчасткі трыцікале і ячменю давалі звыш 90 цэнтнераў з гектара. Усё зерне элітнае, якаснае. Пачалі ўборку гароху. Новы гатунак “саламанка” таксама рэкардсмен па ўраджайнасці, — расказвае пра сёлетнюю ўборачную намеснік старшыні СВК “Ляхавіцкі” Іван Вітко.

На гэтым жніве ў гаспадарцы задзейнічаны 9 экіпажаў, усе працуюць не першы сезон — адказна і сумленна.

Каторы год запар прозвішча старшага камбайнера Генадзія Граблюка ўпрыгожвае раённую ”жніўную” Дошку гонару. Разам з ім некалькі сезонаў працуе дачка Марта. І сёлета сямейны экіпаж Граблюкоў сярод лідараў раённага спаборніцтва. На “ДжонДзіры” яны ўжо ўбралі 200 гектараў і намалацілі 1263 тоны збожжа. Іх і іх калег з першай намалочанай тысячай сёлета віншавалі прама ў полі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Баргамон, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вайцешык.

Гаворачы пра сямейныя экіпажы на ўборцы, нельга не ўзгадаць прозвішча Асланянаў. У мінулыя гады паспяхова ўбіралі хлеб бацька і сын Сяргеі Асланяны, а сёлета Асланяну-старэйшаму дапамагае нявестка Ірына. Далёка не навічок на жніве Сяргей Казакевіч. Другі ўборачны сезон ён старшы камбайнер, разам з ім працуе камбайнерам Міхаіл Хлапянік.

Без страт – галоўны дэвіз уборачнай і для вадзіцеляў, якія адвозяць збожжа ад камбайнаў. Гэтага патрабавання адказна прытрымліваюцца ўсе 17 вадзіцеляў СВК ”Ляхавіцкі”, занятых на жніве.

Поле для камбайнераў, вадзіцеляў на гэты час стала другім домам, праўда, адпачынак тут вельмі кароткі – на абед. Яго гатуюць у сталоўцы аграгарадка Русінавічы і прывозяць гарачым на жніўны стан. Паабедалі – і за справу.

Сёння ў СВК працуюць 4 зернесушыльныя комплексы. Традыцыйна займаюць цвёрдую пазіцыю лідараў аператары ЗСК Анатолій Герасімовіч і Леанід Юнік. Сёлета зладжаная каманда на М-829 перапрацавала 4945 тон збожжа.

А наогул у “Ляхавіцкім” нямала шчырых працаўнікоў. Іх адказная работа – кожнага на сваім месцы, дальнабачнасць і гаспадарлівасць старшыні Аляксандра Вітко даюць выдатныя вынікі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сяргей Казакевіч і Міхаіл Хлапянік – экіпаж зладжаны.

Сёлета Сяргею Асланяну дапамагае на жніве нявестка Ірына

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *