Баявы арганізатар. З успамінаў франтавіка, партызана, рэдактара «Совецкага патрыёта» Аляксандра Фядотавіча Астапава

Насельніцтва раёна ў гады вайны з вялікай цікавасцю сачыла за кожным друкаваным словам, якое зыходзіла ад нашай партыі, клікала на барацьбу супраць фашысцкіх прыгнятальнікаў. Да выдання падпольнай газеты “Совецкі патрыёт” працоўныя раёна інфармаваліся аб падзеях на франтах Вялікай Айчыннай вайны, аб барацьбе і працы савецкага народа праз зводкі Саўінфармбюро, якія партызаны прымалі па радыё і распаўсюджвалі ў некалькіх экзэмплярах на пішучай машынцы або запісвалі ад рукі.

У пачатку верасня 1943 года па распараджэнню партыйных органаў партызанскі атрад імя Лазо з Машукоўскага лесу накіраваўся ў Старыцкі, што ў Капыльскім раёне. Праз некалькі дзён там мы сустрэлі сакратара Баранавіцкага падпольнага абкома КП (б) Б Ф. А. Баранава.

Цэнтральны камітэт Кампартыі Беларусі прыслаў Ф. А. Баранава для кіраўніцтва партызанскім рухам у Паўднёвай зоне Баранавіцкай вобласці. Мы былі вельмі рады сустрэць чалавека з Вялікай зямлі. Радасць наша стала яшчэ большай, калі мы даведаліся, што сакратар абкома партыі прывёз для Ляхавіцкага падпольнага райкома партатыўную друкарскую машынку з запасам шрыфтоў, прагальнага матэрыялу, паперы і друкарскай фарбы.

Франтавік, партызан, рэдактар «Совецкага патрыёта» Аляксандр Фядотавіч Астапаў.

Вяртацца назад у Машукоўскі лес нам давялося з вельмі адказным і дарагім грузам. А трэба ж было пераадолець вялікую адлегласць, адразу ўсім атрадам фарсіраваць Брэст-Маскоўскую шашу. Старанна арганізаваная разведка і надзейная ахова дазволілі ўдала прайсці ўвесь шлях.

У Машукоўскім лесе С. К. Дзесюкевіч пачаў рыхтавацца да выпуску падпольнай газеты. У атрадзе імя Жукава знайшоўся партызан, які некалі працаваў наборшчыкам. Прозвішча яго – Мішня. Дапамагаць яму згадзіўся яшчэ зусім малады хлопец Яўген Гурын з атрада імя Лазо. Спачатку ў яго не ладзілася. Але з цягам часу ён навучыўся наборнай і друкарскай справе. Адказным за ўсю друкарскую гаспадарку быў прызначаны стары камуніст Я. Л. Шэвелеў, які да вайны працаваў суддзёй. Па яго прапанове для зручнасці пераносу шрыфтоў была пашыта спецыяльная лёгкая шрыфтакаса. Знайшліся партызаны, якія зрабілі адсутныя загалоўныя літары.

Першы нумар “Совецкага патрыёта” выйшаў у Машукоўскім лесе 24 кастрычніка 1943 года. Над загалоўкам былі словы: “Смерць нямецкім акупантам!”.

Газета адкрывалася Зваротам Урада і Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі, якія заклікалі беларускі народ бязлітасна вынішчаць нямецкіх акупантаў, нападаць на нямецкія абозы, знішчаць іх усюды, дзе б яны ні паяўляліся.

У гэтым жа нумары была змешчана зводка Саўінфармбюро, карэспандэнцыя пра баявыя дзеянні партызан атрада імя Лазо за подпісам “Партызан Адам”. Гэта быў сакратар падпольнага райкома камсамола Адам Ерашаў. Ён пісаў аб тым, што група партызан пад камандаваннем Аляксея, гэта значыць Аляксея Любімава, па заданню камандавання знішчыла пяць кіламетраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязі ворага.

Трэці нумар “Совецкага патрыёта” быў прысвечаны 26-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У перадавым артыкуле “Знамянальная гадавіна” расказвалася аб паспяховых наступальных аперацыях савецкіх войск і аб узмацненні партызанскіх удараў па варожым тыле. На другой старонцы гэтага нумара пад загалоўкам “Баявы рахунак атрада” змешчана мая карэспандэнцыя за подпісам “Камандзір атрада імя Л. Аляксандр Ф.” У ёй расказвалася аб магутных ударах, нанесеных акупантам партызанамі атрада імя Лазо, аб удала праведзеных дыверсіях на чыгунцы, аб тым, што атрад выхаваў смелых, бясстрашных народных мсціўцаў, мужных патрыётаў Савецкай Радзімы. У ліку іх называецца і Рыгор Ш. (Шастак) з Перахрэсця, які першым з Ляхавіцкага раёна прыбыў у атрад.

Тыражы газет былі рознымі. Большымі, калі больш было паперы, і меншымі, калі яе не хапала. Іншы раз газету друкавалі на разгорнутых лістах школьных сшыткаў, якія дастаўлялі нам з Баранавіч партызанскія сувязныя, у тым ліку Лідзія Іосіфаўна Пільнік з Машукоў.

Газеты і лістоўкі, надрукаваныя ў лесе, партызаны і іх сувязныя дастаўлялі не толькі насельніцтву раёна, але, іншы раз, і ў нямецкія камендатуры, вывешвалі ў Баранавічах і раённых цэнтрах.

Апрача газеты і лістовак рэдакцыя выпусціла зборнік чырвонаармейскіх і партызанскіх песень, якія карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва. Савецкія песні гучалі ў партызанскіх атрадах і вёсках, клікалі людзей на свяшчэнную барацьбу супраць акупантаў. Шэраг песень, якія ўвайшлі ў зборнік, былі ўключаны ў рэпертуар партызанскай мастацкай самадзейнасці, выконваліся партызанамі брыгады № 19 у вёсках Ліпск, Асавец і іншых.

Кіраваў выданнем газеты сакратар Ляхавіцкага падпольнага райкома партыі Сцяпан Канстанцінавіч Дзесюкевіч. З самага пачатку ў рэдакцыі працаваў партызан Вікенцій Ільіч Бурло. Потым быў прыцягнуты да гэтай справы Уладзімір Паўлавіч Коўчур, а пазней і Павел Сцяпанавіч Вярбіцкі. Апрача карэспандэнцый і заметак В. Бурло і У. Коўчур змяшчалі ў газеце свае вершы.

Газета, лістоўкі, звароты дапамагалі народным мсціўцам у іх барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Калі раён быў вызвалены ад гітлераўскіх акупантаў, газета “Совецкі патрыёт” (пазней яна стала называцца “Будаўнік камунізму”) мабілізоўвала на барацьбу за хутчэйшае аднаўленне і далейшае развіццё народнай гаспадаркі, клікала рабочых, сялян і савецкую інтэлігенцыю не шкадаваць сваіх сіл у імя ўмацавання магутнасці сацыялістычнай Радзімы.

(Перадрукавана з кнігі «Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна»).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *