Лета. Назапашваем здароўе


Менавіта лета з’яўляецца самым спрыяльным часам для аднаўлення недахопу вітамінаў. У харчаванні павінна быць дастатковая колькасць малочных і мясных прадуктаў, свежых фруктаў і агародніны.
Сонца – гэта цеплыня, добры настрой, здароўе. Аднак, залішняе апраменьванне сонечным святлом можа мець адмоўны эфект: сонечныя апёкі, расстройства сардэчна-сасудзістай сістэмы, дыхання, вяласць, раздражняльнасць, галавакружэнне ў выніку цеплавога і сонечнага ўдараў. Не варта спецыяльна загараць на адкрытым сонцы. Значна больш бяспечна і камфортна — пад дрэвамі, тэнтам, па магчымасці, на адлегласці ад праезных дарог, прамысловых прадпрыемстваў. Каб пазбегнуць перагрэву, не забывайцеся пра галаўны ўбор. Самая камфортная тэмпература паветра ў цяні – 20-22 градусы. Нельга прымаць сонечныя ванны нашча і раней чым праз гадзіну-паўтары пасля прыёму ежы. Лепшы час – з 9 да 11 гадзін і з 16 да 18. Пажадана, каб дзеці не ляжалі на адкрытым сонцы, а гулялі, бегалі, трапляючы ў цень. Сонечныя ванны супрацьпаказаны дзецям з павышанай тэмпературай цела, недамаганнем, галаўным болем.
А ці ведаеце вы, што прыём некаторых лекавых прэпаратаў перад адпачынкам на пляжы можа справакаваць сонечны апёк? Да такіх, напрыклад, адносяцца сульфаніламідныя прэпараты. Прыём іх і некаторых іншых лякарстваў павышае адчувальнасць скуры да сонца ў некалькі разоў.
На прагулкі неабходна браць з сабой мінеральную, пітную ў бутэльках ці гатаваную ахалоджаную (але не ледзяную) ваду, якую трэба піць патрохі, маленькімі глыткамі, а таксама сокі ці фрукты.
Камфортнае адчуванне ў гарачыя дні ва многім залежыць ад адзення. Выбірайце натуральныя тканіны, вельмі падыдуць рэчы з бавоўны і лёну. Аддайце перавагу каляровым тканінам (чырвонай, зялёнай, жоўтай, аранжавай, сіняй), чым аднатонным светлым. Адзенне светлых таноў (асабліва белае) у большай ступені прапускае сонечныя промні, а рэчы з хімічных валокнаў “не дыхаюць” і да таго ж прапускаюць ад 13 да 25 працэнтаў выпраменьвання.
Купацца ў адкрытым вадаёме можна дзецям з 3-4-гадовага ўзросту, але толькі пасля праходжання курса падрыхтоўчых працэдур (абціранне, абліванне, душ). Тэмпература паветра павінна быць 24-25 прадусаў, а вады – не ніжэй 20. Працягласць купання спачатку складае 1-2 мінуты, па меры прывыкання і ў залежнасці ад рэакцыі дзіцяці – 5-10 мінут.
Пры з’яўленні першых прыкмет пераахалоджання (гусіная скура, дрыжыкі) трэба выйсці на бераг. Дарэчы, многія дзеці любяць гуляць на беразе. Перыядычна яны самі забягаюць у ваду. Такі варыянт – выдатная загар-тоўваючая працэдура.
Калі вы адпачываеце ў вёсцы ці на дачы, дазвольце дзіцяці раніцай бегаць басанож па расе. Кароткачасовае ўздзеянне халоднай вады на ступні прыводзіць да таго, што сасуды ступняў і адначасова насаглотачнай вобласці звужаюцца, а затым рэзка расшыраюцца. У выніку кровазварот у вобласці насаглоткі ўзмацняецца, ствараючы надзейную перашкоду да хваробатворных бактэрый і вірусаў. Да таго ж гэта добрая прафілактыка плоскаступнёвасці.
Да ўсяго гэтага нагадаю пра абавязковае патрабаванне – па-клапаціцца пра бяспеку дзіцяці. Перш чым пусціць яго катацца на веласіпедзе, ролікавых каньках, пераканайцеся, што яны спраўныя і дзіця добра ведае, як усім гэтым карыстацца. Вельмі важна засцерагчы дзіця ад траўм.
Валянціна ЛАНКУЦЬ,
памочнік урача-гігіеніста РЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *