Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Гора-дачнік

На мінулым тыдні супрацоўнікі РАУС затрымалі 25-гадовага ляхавічаніна, які абвінавачваецца ў крадзяжах з некалькіх дачных домікаў. Сярод “экспрапрыіраванай” гэтым мужчынам маёмасці дачнікаў, напрыклад, была відэакамера коштам 4 мільёны рублёў. Дарэчы, на дзвюх з трох абкрадзеных дач (у кааператывах “Дружба” і “Мара”) адбыліся ўзгаранні. Зараз міліцыя ўстанаўлівае, ці мае да іх дачыненне затрыманы.

Калі грамадзяне, чые дачныя ўчасткі размешчаны ў межах горада, клапоцяцца пра бяспеку сваёй маёмасці, то могуць скарыстацца паслугамі дэпартамента аховы МУС – устанавіць ахоўную сігналізацыю.

Аляксандр ЕРМАКОЎ,

начальнік РАУС.

Дасварыліся

Ці то 30-градусная спякота, ці то алкагольныя градусы так паўплывалі на некаторых грамадзян, што галоўным аргументам у спрэчцы яны выбралі нож. У нядзелю а палове 16-й гадзіны ў адной з кватэр у Ляхавічах падчас сумеснага распіцця спіртнога з-за непрыязных адносін 34-гадовы пасынак ударыў нажом свайго айчыма 1959 года нараджэння. Пацярпелы дастаўлены на лячэнне ў райбальніцу, а падазроны ва ўчыненні злачынства затрыманы.

Позна вечарам аналагічнае здарэнне адбылося ў Шчаснавічах. Падчас сваркі нецвярозы 68-гадовы вясковец ударыў нажом жыхара вёскі Перахрэсце 1960 года нараджэння. Таксама спатрэбілася дапамога медыкаў. Яго крыўдзіцель узяты пад варту.

Па абодвух фактах узбуджаны крымінальныя справы па частцы 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Калі віна падазроных будзе даказана, то яны могуць быць абмежаваны ў волі тэрмінам ад 3 да 5 гадоў ці пазбаўлены волі ад 4 да 8 гадоў кожны.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,

намеснік начальніка

Ляхавіцкага РАСК.

Трагедыя на двух колах

Дарожна-транспартнае здарэнне са смяротным зыходам адбылося позна вечарам у мінулую нядзелю на 14-м кіламетры аўтадарогі Баранавічы-Ляхавічы. Матацыкл, якім кіраваў ляхавічанін 1987 года нараджэння, сутыкнуўся з аўтамабілем, што выконваў манеўр павароту і выехаў на паласу сустрэчнага руху. Ад атрыманых траўмаў матацыкліст загінуў на месцы. Вадзіцель аўтамабіля, жыхар Ляхавіцкага раёна, з цялеснымі пашкоджаннямі дастаўлены ў райбальніцу. Праводзіцца праверка.

Юрый МАЛЕВІЧ,

начальнік АДАІ РАУС.

Папалявалі…

1 жніўня супрацоўнікі Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, Ляхавіцкага РАУС і егер нацыянальнага парка “Белавежская пушча” склалі адміністрацыйныя пратаколы на трох ляхавічан, якія 21 ліпеня недалёка ад вёскі Свяціца палявалі ва ўгоддзях НП “Белавежская пушча” (лесапаляўнічай гаспадарцы “Выганаўскае”) без дакументаў, што даюць права на паляванне (пуцёўкі на здабычу паляўнічай жывёлы і дазволу на нашэнне і захоўванне паляўнічых стрэльбаў). Пры затрыманні адзін з паляўнічых выстраліў у накірунку егера.

РАУС праводзіць праверку па факце. Адабраны дзве незарэгістраваныя і адна зарэгістраваная стрэльбы.

За згаданае правапарушэнне прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь.

З 9 жніўня адкрываецца сезон палявання на вадаплаўную дзічыну. Паляўнічым неабходна звярнуцца да карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў раёна за пуцёўкамі на паляванне, а таксама ўдакладніць дазволеныя месцы палявання.

Сяргей КРЫСЮК,

начальнік Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага

і расліннага свету.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *