Апошнія штрыхі да школьнага партрэта. У Ляхавіцкім раёне завяршаецца падрыхтоўка да новага навучальнага года

Гімназія рыхтуецца да сустрэчы з вучнямі.

У жніўні адно з галоўных пытанняў, што стаяць на парадку дня ў дзіцячых садах, школах, пазашкольных установах, – завяршэнне  падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Каб вызначыць ступень гатоўнасці, а пры выяўленні пэўных недахопаў мець час на іх выпраўленне, у апошнія гады прыёмка навучальных устаноў праводзіцца ўжо на пачатку жніўня. У наступныя панядзелак, аўторак і сераду камісіі ў складзе спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзела па надзвычайных сітуацыях, энерганагляду правераць школы, дзіцячыя садкі, цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама турызму і краязнаўства, ДЮСШ, каб вынесці вердыкт: гатовы яны ці не гатовы да прыёму дзяцей. Усё будзе правярацца і аглядацца дасканала, грунтоўна, уважліва, каб рабяты пасля не адчувалі нейкіх бытавых нязручнасцяў, вучыліся і адпачывалі ў бяспечных умовах. Пры адсутнасці значных заўваг і недапрацовак выдаецца пацвярджаючы дакумент – пашпарт гатоўнасці.

Яшчэ да пачатку прыёмнай кампаніі карэспандэнты “ЛВ” вырашылі на ўласныя вочы паглядзець, як рыхтуюцца да 1 верасня некаторыя навучальныя ўстановы раёна. Да першага школьнага званка заставаўся роўна месяц.

У адрамантаваных пакоях Конькаўскага ДС-СШ ужо займаюцца дашкаляты...

Конькаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа. Зялёным колерам, нягледзячы на спякоту, сустракаюць дагледжаныя ўчасткі з морквай, капустай, цыбуляй. Радуе багатым ураджаем і маладзенькі яблыневы сад. У працяг агародніннай тэмы – нарыхтоўчая. Школьныя повары якраз уладкоўвалі на захоўванне салёныя агуркі, нарыхтаваныя таксама з тутэйшых градаў. Хутка гэты гарнір дапоўніць абеды мясцовых вучняў.

— Касметычны рамонт зроблены ў класах, калідорах, фае, спартыўнай зале, сталоўцы. Спраўляемся ўласнымі сіламі. Фарбу і грошы на іншы матэрыял выдаткаваў аддзел адукацыі, спорту і турызму. Многія будаўнічыя спецыяльнасці паспяхова асвоілі нашы тэхработнікі. Выконваюць работы якасна. Канешне ж, не абыходзіцца без дапамогі педагогаў. Яшчэ некалькі дзён — і рамонт завершым, — расказвае дырэктар установы Аляксандр Новікаў.

...для якіх ужо засолены смачныя агуркі

Пакуль размаўлялі з кіраўніком, паспелі ў прамым сэнсе слова палюбавацца, як тэхработнік з 15-гадовым стажам Ганна Маладзецкая па-майстэрску фарбуе сцены ў калідоры.

А вось для 13 выхаванцаў мясцовага дзіцячага сада рамонт прайшоў амаль непрыкметна — усяго няпоўны тыдзень рабяты не наведвалі сад. Цяпер ім яшчэ ўтульней у адрамантаваных пакоях.

Некалькі кіламетраў, і мы ў Дараўскім ДС-СШ. На гадзінніку 11.20. У адрозненне ад папярэдняга адраса, тут значна цішэй. Нельга сказаць, што падрыхтоўка да навучальнага года не ідзе: з класных пакояў вынесена мэбля, кветкі кватаруюцца ў калідорах на падлозе. Дзякуючы мясцовым работнікам, 3 кабінеты змяніліся непазнавальна. На жаль, пагутарыць з кімсьці з кіраўніцтва не ўдалося. Як патлумачылі, дырэктар у водпуску, хоць з раніцы і была на рабоце. У бліжэйшыя дні, як потым у тэлефоннай размове расказала дырэктар школы Ала Бубен, мабілізуюць на рамонт увесь калектыў — да прыёмкі засталося зусім няшмат часу. А Дараўскі ДС-СШ заўсёды сярод лепшых, і гэты год не павінен стаць выключэннем.

У спальным пакоі Навасёлкаўскага дзіцячага сада ўтульна і прыгожа.

Заўсёды дзіву даешся, наколькі багатая фантазія ў работнікаў многіх навучальных устаноў раёна. Сёлета, напрыклад, прыемна парадавала Навасёлкаўская сярэдняя школа. У двары, што называецца, самаробныя малыя архітэктурныя формы – дзецям відавочна падабаецца. У самім будынку навучальнай установы засталося разабрацца з дробязямі, каб з упэўненасцю сказаць: усё поўнасцю гатова да заняткаў. Тэхработнік Вікторыя Якубовіч, якая дзяжурыла па школе, правяла карэспандэнтаў па месцах, дзе яшчэ нядаўна ішоў рамонт. Усё падфарбавана, дзе была неабходнасць, — пераклеены шпалеры, у спартыўнай зале і сталоўцы чысціня, парадак, нават не чуваць пах фарбы. У сваім кабінеце настаўніца пачатковых класаў Анжэла Пятрушка мыла вокны. Усё астатняе ў ажуры. Повар Марыя Еўхач па ўласным рэцэпце рабіла нарыхтоўкі з агуркоў са школьнага агарода.

Навасёлкаўскі дзіцячы сад заўсёды вылучаецца з густам добраўпарадкаванай тэрыторыяй. Навокал усё патанае ў зеляніне, клумбы зіхацяць кветкамі, трава акуратна падкошана. У ідэальным стане і пакоі ўнутры.

Настаўніца пачатковых класаў Навасёлкаўскай школы Анжэла Пятрушка наводзіць апошнія штрыхі чысціні і прыгажосці.

— Падлогу, батарэі пафарбавалі, столь пабялілі, пераклеілі шпалеры — усё гэта ўласнымі сіламі. СВК “Шлях новы” выдаткаваў 3 мільёны рублёў на набыццё кухоннага посуду, лінолеуму. Работнік сельгаскааператыва выклаў і плітку ў двары. У бліжэйшы час аформім куток кнігі і тэатральны, а яшчэ – купім новыя цацкі, — расказвае загадчыца дашкольнай установы Марыя Нячай.

Рамонтныя работы ідуць і ў гімназіі. Напярэдадні ў сваіх кабінетах шчыравалі педагогі. На дзень наступны настаўнікі фізкультуры фарбавалі пляцоўкі для заняткаў спортам на прышкольным участку. Хапае спраў і ў тэхработнікаў — колькі калідораў і кабінетаў трэба касметычна адрамантаваць!

— Словы асаблівай удзячнасці ад імя калектыву гаворым ПМК-13 і камунгасу. Работнікі гэтых прадпрыемстваў зрабілі выдатны рамонт у кабінеце біялогіі і мультымедыйным, — гаворыць дырэктар гімназіі Таісія Шыбун. Яна хоць і ў водпуску, але на рабоце штодня.

Не застаюцца ў баку ад клопатаў адміністрацыі, настаўнікаў і бацькі школьнікаў. Яны дапамагаюць у рамонце класных кабінетаў, задзейнічаны і ў іншых работах. З задавальненнем Таісія Шыбун паказвае пакой, дзе будуць займацца вучні 2 “А”, — арыгінальна паклееныя шпалеры — справа рук бацькоў вучняў.

Галоўная ж праблема для гімназіі і пакуль толькі мара – капітальны рамонт спартыўнай залы.

Да радаснай і ўрачыстай падзеі – першага званка – засталося зусім мала часу. У першы дзень восені сотні рабят прыйдуць у класы, спартзалы, калідоры, гульнявыя пакоі і г. д. і ўсё гэта павінна быць не толькі зручным, але і бяспечным. Хочацца спадзявацца, што пашпарт гатоўнасці атрымаюць усе і адразу ўстановы адукацыі.

Істотная заўвага, якая на гэта паўплываць не павінна, але эстэтыкі не дабаўляе: куды знікла тое мноства кветак, у якім патаналі ўсе школы і садкі яшчэ 2 гады назад?

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *