Эфект са знакам мінус

Ход капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй Крывошынскай сярэдняй школы – адно з асноўных пытанняў, якія разглядаліся на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак. Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч пабываў у гэтай навучальнай установе і застаўся незадаволены ходам рэканструкцыі і рамонту, адзначыўшы: “Калі і далей работы будуць выконвацца гэтак жа марудна, то канчатковыя тэрміны здачы аб’екта ў эксплуатацыю так і не будуць вытрыманы. Ці зможа тады школа сустрэць дзяцей 1 верасня абноўленай і падрыхтаванай?”. Як запэўнілі праекціроўшчыкі і прадстаўнікі генпадрадчыка і падрадчыка, усе пытанні будуць вырашаны ў вызначаныя тэрміны. А каб якасць работ была на ўзроўні, прадстаўнікі тэхнагляду і праекціроўшчыкі павінны пастаянна інспектаваць разам з дырэктарам СШ будаўнічую пляцоўку.

Уздымалася яшчэ адна актуальная тэма: калі ж, нарэшце, ляхавічане будуць мець магчымасць карыстацца чыстай пітной вадой. Размова ішла пра ўвядзенне ў дзеянне станцый абязжалезвання ў райцэнтры і аграгарадках Нача і Жарабковічы.

Не зусім зразумелая сітуацыя склалася і з рэнтгеналагічным кабінетам райбальніцы. Даўно закуплена дарагое медыцынскае абсталяванне, а вось кабінет для апарата-“навасельца”да гэтага часу не гатовы…

Чарговы раз старшыня райвыканкама выказаў абурэнне і незадаволенасць арганізацыяй гандлю. Вузкі асартымент тавараў у магазінах райпо, праблемы з нарыхтоўкамі, нездавальняючы стан тэрыторый вакол неэксплуатуемых аб’ектаў гандлю, асабліва ў сельскай мясцовасці, дрэнная, мякка кажучы, сітуацыя з адкрыццём аб’ектаў грамадскага харчавання — далёка не поўны пералік накірункаў, у якіх райпо мае эфектыўнасць са знакам “мінус”. Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў ад кіраўніцтва райпо шукаць варыянты і новыя формы работы, прымаць рашэнні згодна патрабаванняў часу і запытаў насельніцтва.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *