У рэжыме павышанай гатоўнасці працуюць ляхавіцкія выратавальнікі

Ліпень для райаддзела па надзвычайных сітуацыях выдаўся спякотным: зарэгістравана 9 пажараў, 5 узгаранняў травы, 8 разоў давялося выязджаць на тушэнне тарфянікаў.

У сувязі з высокім узроўнем пажарнай небяспекі ў лясах і на тарфяніках з-за сухога спякотнага надвор’я ў Ляхавіцкім раёне ўведзены рэжым павышанай гатоўнасці. Забаронена наведванне лясоў і тарфянікаў грамадзянамі, выпальванне сухой расліннасці, спальванне сельскагаспадарчых адходаў і высякальных рэшткаў, развядзенне вогнішчаў.

Кожны павінен разумець, што любая неасцярожна кінутая запалка, недакурак, разведзенае вогнішча могуць прывесці да экалагічнага бедства і сур’ёзных матэрыяльных выдаткаў. Лясныя і тарфяныя пажары, як правіла, справа рук чалавека. Да ўзгарання могуць прывесці сфакусіраваны сонечны прамень у шкляным асколку, кінутая прамасленая ануча.

Калі вы сталі сведкам узгарання, дакладна ацаніце становішча. Галоўная задача – не даць пажару набрацца сілы і распаўсюдзіцца. Калі магчыма, трэба патушыць агонь (самы просты спосаб – засяканне зялёнымі галінкамі; можна закідаць агонь грунтам) і пераканацца, што не засталося ачагоў узгарання. Падчас тушэння пажару неабходна захоўваць правілы пажарнай бяспекі і цвёрда ведаць, што падчас верхавых лясных пажараў паратунак трэба шукаць на берагах вадаёмаў, буйных палянах, у лісцевым лесе без хваёвага падросту.

Калі ж агонь ужо разышоўся, тэрмінова тэлефануйце 101.

У адпаведнасці з распараджэннем старшыні райвыканкама, у раёне арганізаваны штодзённае патруляванне і назіранне за ляснымі масівамі і тарфянікамі. Праводзяцца сумесныя рэйды РАНС, лясгаса, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, райсельгасхарчу для недапушчэння палаў сухой расліннасці, спальвання сельскагаспадарчых рэшткаў і г.д., развядзення вогнішчаў.

За парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі (у тым ліку, ігнараванне забароны на наведванне лясоў) прадугледжаны штраф да 25 базавых велічынь, а ў выпадку нанясення шкоды лесу і тарфянікам – ад 25 да 50 БВ. За знішчэнне і пашкоджанне лесу прадугледжана і крымінальная адказнасць.

Валерый РАВІНСКІ, начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *