Сонца і хлеб аднаго колеру

Гэта ведаюць лепшыя сушыльшчыкі раёна Аляксандр Страшук і Уладзімір Кандыбовіч (на 2-ім здымку).

Яшчэ здалёк можна было вызначыць месцазнаходжанне зернятока Галавачоўскага вытворчага ўчастка СВК “Шлях новы”: збожжа, якое адлівала сонечным бляскам, нагадвала горы. З двух бакоў пляцоўкі працавалі зернесушыльна-ачышчальныя агрэгаты, ля якіх увіхаліся аператары Уладзімір Кандыбовіч і Вячаслаў Высоцкі. Уладзімір толькі што змяніў свайго напарніка Аляксандра Страшука, з якім пазменна абслугоўваюць новенькую зернесушылку ЗСК-30 і за вызначаныя гадзіны даводзяць да патрэбнай кандыцыі 100 – 130 тон зерня.

Гэта каманда — адзін з лідараў раённага спаборніцтва на жніве сярод аператараў сушыльна-ачышчальных комплексаў. Уладзімір і Аляксандр настроены аптымістычна і сур’ёзна: яны вартыя быць пераможцамі.

Пачалі работу з сушкі рапсу. На сваёй сушылцы перапрацавалі 848 тон насення гэтай культуры – трэцюю частку ўраджаю, сабранага сельгаскааператывам. Перапрацавалі амаль што 3180 тон ячменю, які паступіў на зерняток, 615 тон зернебабовых, больш за 682 тоны трыцікале.

Другі сезон працуюць разам Уладзімір і Аляксандр. І летась, і цяпер яны ў перадавіках, бо ў абодвух асаблівае стаўленне да ўборкі хлеба. Яны перакананы: гэта справа дзяржаўнай важнасці. І ганарацца, што маюць да яе непасрэднае дачыненне. Уладзімір ужо 30 гадоў працуе ў сельскагаспадарчай вытворчасці: начальнік участка (аграном), інжынер па ТБ, млынар. Аляксандр другі год як закончыў БДАТУ і прыехаў у родную вёску ў якасці інжынера-энергетыка. Абодва — дастойныя прадаўжальнікі справы сваіх бацькоў.

Выдатна працуе і Вячаслаў Высоцкі, які таксама, напэўна, мог бы значыцца ў лідарах, аднак сушыльна-ачышчальная ўстаноўка М-18, якую ён абслугоўвае, ужо адпрацавала свой рэсурс, і прадукцыйнасць яе значна меншая.

Як зазначыў галоўны аграном СВК “Шлях новы” Аляксандр Рамейка, зерняток Галавачоўскага вытворчага ўчастка працуе выдатна. Старанню аператараў установак дапамагае і сонца, якое сёлета надзвычай спрыяе хлебаробам: галоўная стаўка робіцца на ачыстку зерня, а дасушванне амаль што не патрабуецца.

— Зярняты поўныя, буйныя – хлебныя, — гаворыць Аляксандр Валянцінавіч. — Прыемна працаваць з такім скарбам: ураджайнасць на сёння перавышае 64 цэнтнеры з гектара, а валавы намалот па нашай гаспадарцы — больш як 17 тысяч тон. Дзякуючы таму, што ўдала ідуць справы на зернетаках, мы паспяхова спраўляемся з галоўным заданнем – продажам зерня дзяржаве. Адправілі 556 тон піваварнага ячменю – зярняты адборныя, 3 тысячы тон пшаніцы, 2300 тон рапсу. Продаж збожжа дзяржаве працягваецца. Адначасова рыхтуем насенне збожжавых і для ўласных патрэб. Дарэчы, сёння іменна Уладзімір Кандыбовіч і Аляксандр Страшук даводзяць збожжа да патрэбнай кандыцыі, каб засыпаць яго ў засекі – лепшае, што маем, бо, як вядома, што пасееш…

У цэлым, сёлетняе жніво, дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю і добрай падрыхтоўцы гаспадарак да ўборачнай кампаніі, праходзіць спакойна і размерана. На зернетаках работа арганізавана без начных змен. Ёсць магчымасць адпачыць і людзям, і машынам.

Наогул жа, як сцвярджае галоўны аграном, жніво ў сель-гаскааператыве будзе завершана дні праз тры, калі надвор’е пратрымаецца. На зернетаках работа працягнецца крыху больш: уладкаваць такі хлебны вал не проста.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *