36.6 – і гэта не здорава!

Тэмпература паветра б’е ўсе магчымыя рэкорды. У групу рызыкі ў гэты час перш за ўсё трапляюць людзі з хваробамі сардэчна-сасудзістай сістэмы. Менавіта да іх, як паведамілі ў аддзяленні хуткай дапамогі Ляхавіцкай ЦРБ, часцей за ўсё выклікаюць гэтымі днямі медыкаў. Павялічылася і колькасць усіх выклікаў: з 3 па 5 жніўня іх зарэгістравана 84.

Як расказалі ў прыёмным пакоі райбальніцы, на колькасць паступаючых на лячэнне ў стацыянар гарачыня не паўплывала. Пакуль не зарэгістравана ніводнага выпадку цеплавога ўдару. Увогуле, медыкі раяць як мага менш знаходзіцца пад прамымі сонечнымі промнямі. Калі ўсё ж гэта немагчыма, то абараняйце галовы капелюшамі і парасонамі. Сонца найбольш актыўнае з 12 да 16 гадзін, пажадана ў гэты час насіць закрытае адзенне і карыстацца спецыяльнымі крэмамі. Неабходна выпіваць не менш за 2 літры вады. І, канешне, ні ў якім разе не ўжываць алкаголь.

Начальнік АДАІ Юрый Малевіч рэкамендуе, па магчымасці, абмежаваць далёкія паездкі на аўтамабілі, быць уважлівымі на дарогах. Ва ўмовах высокіх тэмператур можа раптоўна пагоршыцца самаадчуванне, знізіцца рэакцыя, што здольна справакаваць ДТЗ. У такім выпадку лепш спыніцца для адпачынку. Абавязкова трэба захапіць у машыну некалькі літраў пітной вады.

Энергетычнай службе раёна анамальная гарачыня асаблівых клопатаў не прынесла. Вось толькі графік работы некаторых брыгад пацярпеў часовыя змяненні: замест 8 гадзін раніцы, змена пачынаецца з 6 гадзін і, адпаведна, заканчваецца на 2 гадзіны раней. А вось навальніца з градам, якая пранеслася ў мінулы аўторак па некаторых населеных пунктах Ляхавіччыны, работы дабавіла. Як расказаў начальнік раёна электрасетак Віктар Станкевіч, стыхія стала прычынай спынення падачы электраэнергіі ў Ліпску, Крывошыне, Галаўнінцах, Шчэрбаве і іншых вёсках. Дзякуючы хуткім і зладжаным дзеянням работнікаў электрасетак, за 2 гадзіны пашкоджанні на лініях электраперадач былі ліквідаваны.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *