Іх нумар першы. 10 жніўня прафесійнае свята адзначаюць будаўнікі Ляхавіччыны /фота/

На рыштаваннях ЖБСК-21 муляры ПМК-13 Юрый Васілько, Канстанцін Татарыновіч, Аляксандр Саўчук, Андрэй Кулак і брыгадзір Генадзій Максімчык.

Вакол лічбы 13, якая прысутнічае ў назве прадпрыемства, арэол не самай шчаслівай. Пры гэтым кожны з нас цудоўна разумее – шчасце не ў назве, а ў характарыстыках, якасцях яе ўладальніка.

Калі праз прызму сказанага паглядзець на Ляхавіцкую ПМК-13 ААТ “Пінсксаўгасбуд”, відавочным становіцца факт яе першынства на будаўнічым полі нашага раёна. Калі на яго плане фарбай аба-значыць усё, што з генеральным удзелам адбудавала ПМК-13, не пафарбаваных участкаў застанецца не так ужо і шмат. Жылыя дамы, а то і цэлыя вуліцы катэджнай забудовы, жывёлагадоўчыя фермы, у тым ліку і ўзведзеныя апошнім часам самыя сучасныя іх варыянты, фарміруюць сёння новы твар сельскіх тэрыторый, складаюць аснову вытворчага патэнцыялу сельгаскааператываў.

Квартал жыллёвай забудовы ў сумежжы з вуліцай Інтэрнацыянальнай у Ляхавічах цалкам можна было б назваць трынаццатым — у гонар прызнання заслуг ПМК-13 у яго ўзвядзенні. Прадпрыемства, дарэчы, і не пакідала “свой” на ўскрайку райцэнтра квартал. Зараз там вядзецца будаўніцтва чарговага шматпавярховіка. Жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў пад нумарам 21, дзе ПМК-13 атрымала генеральны падрад, “падняўся” ўжо фактычна на два паверхі з пяці ўвогуле. Плануецца, што да канца года тут знойдуць жыллё 40 сем’яў. Амаль усе кватэры ў доме атрымаюць статус арэндных. Як расказаў галоўны інжынер ПМК-13 Пётр Юзафовіч, работы выконваюцца ў рэжыме нон-стоп. Выхаднога зацішша будоўля не ведае: людзі працуюць па схеме 2 праз 2 дні па 12 гадзін. Тым самым пры выкананні нормаў адпрацоўкі дасягаецца максімальная паўната выкарыстання працоўнага часу. Штодзённа на аб’екце занята каля 6 дзясяткаў спецыялістаў: муляры, аддзелачнікі, цесляры-бетоншчыкі…

Галоўны інжынер Пётр Юзафовіч (справа) і прараб Валерый Бацечка ў новым цэху льнозавода.

Будаўніцтва жыццёва неабходнай гораду станцыі абязжалезвання, дзе ПМК-13 таксама выконвае партыю першай скрыпкі, выйшла ў завяршальную стадыю. Засталося правесці наладку і выверку тэхналагічнага абсталявання, добраўпарадкаваць аб’ект і — можна націскаць на кнопку “пуск”.

Яшчэ адзін (і ці не галоўны з пункту гледжання важнасці для раёна і нават вобласці) аб’ект, які Ляхавіцкая ПМК-13 мае падставы запісаць сабе ў актыў, ужо выдаў пробныя кілаграмы прадукцыі. Гутарка пра ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, дакладней, яго “рэканструкцыю з устаноўкай высокапрадукцыйнай лініі па выпрацоўцы льновалакна”. У рамках праекта ўзведзены новы вытворчы корпус, шэраг дапаможных збудаванняў, працягваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі і іншае. З 1 жніўня на аб’екце працуе ўжо камісія па прыёмцы новабудоўлі ў эксплуатацыю. Плануецца, што Дзень ведаў стане і днём пачатку новай работы старога льноперапрацоўшчыка.

Будуючы – будуйся. Гэта адно з правіл выжывання на рынку будаўнічых паслуг. Рынку, дзе тэхналогіі, матэрыялы, інструмент, аснастка значаць вельмі і вельмі многае, на змену сучасным прыходзяць самыя сучасныя. І ў ПМК-13 абнаўляецца тэхніка, праводзіцца рэканструкцыя асобных вытворчасцяў. З ліку апошніх – мадэрнізацыя раствора-бетонных вузлоў. Зараз РБВ уяўляюць сабой глыбока аўтаматызаваныя вытворчыя адзінкі, працэс прыгатавання прадукцыі на якіх задаецца і кіруецца пры дапамозе некалькіх кнопак. Тут і якасць без пагрэшнасці на “чалавечы фактар”, і прадукцыйнасць, і штатная выгада. Дарэчы, галоўнай праблемай прадпрыемства, па словах Пятра Юзафовіча, з’яўляецца кадравая. Патрэбны кваліфікаваныя муляры, інжынерна-тэхнічныя і работнікі некаторых іншых спецыяльнасцяў. Кадры ж з’яўляюцца і галоўным багаццем ПМК-13. На асаблівым рахунку – Аляксандр Гачко, Віктар Пішч, Станіслаў Бушэйка, Мікалай Заяц, Іван Зуй, Леанід Скрыцкі, Леанід Шчука, Аляксандр Пілецкі, Анатолій Куніцкі, Аляксандр Пішч, Вячаслаў Піліпчык, Віктар Гаўдзіс, Мікалай Глобуз, Надзея Кулік … Іх, увесь калектыў Ляхавіцкай ПМК-13 і ўсіх будаўнікоў мы шчыра віншуем з прафесійным святам.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Брыгада аддзелачнікаў Надзеі Кулік (трэцяя справа).

Будаўніцтвам ЖБСК-21 кіруе прараб Сяргей Каролік (трэці злева).На фота з брыгадай муляраў Аляксандра Гачко.

«Офіс» ПМК-13.

Брыгада цесляроў Мікалая Зайца (першы справа).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *