Чытаю, таму што люблю

У сябровак аднолькавы кніжны інтарэс.

А інтэрнэт кнігу ўсё роўна не заменіць. І ніхто і нішто мяне ў іншым не пераканае! Кніга –  не толькі крыніца ведаў, яна абуджае розум, уключае фантазію, уплывае на жыццёвыя погляды,  – горача даказвала адна субяседніца другой.

“Жывая” кніга  была, застаецца і, хочацца спадзявацца, будзе  і далей надзейным сябрам дзяцей і дарослых, дарадчыкам,  правадніком па жыцці,  пастаўшчыком самай разнастайнай інфармацыі. Увогуле, кніга валодае і іншымі шматлікімі ўласцівасцямі.  Яна і душу супакоіць, і  настрой падыме, і дасць адказы на многія  пытанні.

Колькі людзей – столькі і інтарэсаў.  Хтосьці любіць гістарычную літаратуру, іншы – дэтэктывы ці ваенныя эпапеі,  а, можа,  перачытаў не адзін том лірыкі ці жаночых раманаў. Ёсць кнігі,  прачытаўшы якія, без шкадавання адкладваеш на паліцу і больш ніколі пра іх не ўспамінаеш. Да іншых вяртаешся пастаянна на працягу ўсяго жыцця – іх яшчэ называюць настольнымі.

Што кніга для нашых землякоў? Якія кнігі любяць і чытаюць? Такая тэма чарговага апытання “ЛВ”.

Жанна ПРЫВОЛЬНЕВА, спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

— Бязмерна люблю чытаць, таму  што з кнігай можна адпачыць па-сапраўднаму. На нешта іншае ў мяне можа не хапіць часу, а вось для чарговай  кнігі абавязкова яго знайду. Якія творы падабаюцца? Розныя, залежыць ад настрою і стану душы. Захапляюць гістарычныя раманы пра эпоху ХІХ стагоддзя, а яшчэ творы Марыса Друона. З дэтэктыўных аўтараў  даспадобы Чэйз, Сідні Шэлдан, Нора Робертс. Цяпер, хоць зусім і не падлетак, чытаю пра Гары Потэра. Аказалася, найцікавейшая рэч!  Дома ў нас вялікая бібліятэка, кнігі збіралі на працягу  многіх гадоў, грошай  не шкадавалі. Канешне, можна пачытаць і з планшэта. Але гэта зусім не тое задавальненне, якое атрымліваеш ад кнігі.

Малодшая дачка Віка, якая перайшла ў 11 клас, таксама сябруе з кнігай.  Яна больш любіць фантастыку, яшчэ – рускую класічную літаратуру. Так што кніга – таксама член нашай сям’і.

Сяргей Лойка, студэнт:

— Апошнія 3 гады кнігі для мяне  – гэта спецыяльная літаратура. Буду інжынерам, таму ў маёй бібліятэцы, у асноўным,  падручнікі тэхнічнага напрамку. Шмат інфармацыі бяру з інтэрнэту.  Ёсць і абанемент на наведванне Нацыянальнай  бібліятэкі Беларусі, бываю там прыкладна раз у месяц.

А ў дзяцінстве любімай была кніга “Прыгоды Тома Сойера”. Нават дакладна не скажу, колькі разоў яе перачытваў.

Нядаўна на канікулах, пераключаючы тэлеканалы, натрапіў на фільм “Заўтра была вайна…”  З тытраў даведаўся, што  фільм зняты па аднайменнай аповесці Барыса Васільева.  Фільм зачапіў, і літаральна назаўтра ў знаёмых знайшоў і саму кнігу — вельмі захацелася яе прачытаць.  Аповесць уразіла яшчэ больш, чым кінастужка. Гэта твор пра сапраўдную дружбу і здрадніцтва, маладушша і гатоўнасць аддаць апошняе дзеля іншага. Нават міжволі лавіў сябе на думцы: а што б я зрабіў на месцы некаторых герояў?  Гэта вельмі важна, калі  твор прымушае задумвацца,  у тым ліку, і над уласнымі ўчынкамі.

Ніна ШАЛАВІНА, пенсіянерка:

— На жаль, цяпер амаль не чытаю – зрок пагоршыўся. А вось раней за кнігай праводзіла шмат часу, асабліва зімой, была пастаянным чытачом у ляхавіцкай “купалаўцы”.  Аддавала перавагу дэтэктывам. Пачынала са знакамітых расказаў Артура Конан-Дойла пра прыгоды Шэрлака Холмса. Потым захапілі раманы расійскіх аўтараў: Дар’і Данцовай, Аляксандры Марынінай, Паліны Дашкавай і іншых.

Сын мой таксама многа чытае, раней купляў кнігі, а цяпер выпісвае па пошце, часты госць і ў бібліятэцы. Канешне ж, як у кожнага паважаючага сябе чалавека, у мяне дома ёсць хоць і невялікая, але свая бібліятэка.

Дарына ЧАРКАС, вучаніца 3 класа:

—  Чытаць   навучылася ў дзіцячым садзе. Тады ж мама ўпершыню завяла мяне ў дзіцячую бібліятэку.  Цяпер разам са старэйшым братам Уладзікам кожны тыдзень ходзім сюды за новымі кнігамі.  Абавязкова бываем у чытальнай зале – там шмат цікавых часопісаў, газет. Бацькі таксама купляюць нам кнігі. Больш за ўсё мне падабаюцца вершы,   вучу іх на памяць. З задавальненнем чытаю пра жывёл, птушак, дзіцячыя прыгоды.  У школе нам  на лета задалі прачытаць 20 кніг. З заданнем амаль што справілася, засталіся ўсяго дзве.

Максім, адпачываючы:

— Наш час – гэта час вялікіх дасягненняў у галіне інфарматызацыі. Амаль у кожнага ёсць ноўтбук ці камп’ютар. Сучасныя людзі карыстаюцца скорасным інтэрнэтам, чытаюць аўдыя- і электронныя кнігі. Я не выключэнне. На маю думку, кнігі страцілі сваю актуальнасць.   Таму ў бібліятэках усё менш і менш чытачоў, прыходзяць, у асноўным, студэнты, каб падрыхтавацца да сесіі, напісаць курсавую ці  дыпломную работу, а таксама пенсіянеры, якія не асвоілі інтэрнэт. Не бачу ў гэтым вялікай праблемы. Ад таго, што  не прачытаеш некалькі кніжак, не станеш дурнейшым. Тым больш,  па тэлебачанні ідуць навуковыя перадачы, ёсць культурныя каналы. Ды і ў інтэрнэце  ўсе кнігі можна знайсці ў электронным варыянце. За іх і грошы аддаваць не трэба. Навошта сёння чытаць кнігу, калі можна паставіць патрэбную праграму на камп’ютар, слухаць і займацца сваёй справай?

One thought on “Чытаю, таму што люблю

  • 21/08/2014 в 15:26
    Permalink

    Вельмi прыгожыя дзяучаты!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *