Лета з добрай кнігай у Ляхавіцкім раёне

Акцыя «Лета з добрай кнігай» праходзіць па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з 1 чэрвеня па 7 верасня па ўсёй краіне. Яе мэта – узмацніць выхаваўчую ролю і значэнне кнігі ў перыяд летніх канікулаў. Нямала цікавага прапануюць землякам – юным і не толькі – і супрацоўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ляхавіцкага раёна.

Сярод спрадвечных каштоўнасцей беларусаў – гасціннасць. Як часта вы ходзіце ў госці, ці госці наведваюць ваш дом? Як стаць сапраўднымі гасціннымі гаспадарамі? Якія стравы часцей за ўсё знаходзяць месца на стале сённяшніх беларусаў? На гэтыя і многія іншыя пытанні спрабавалі даць адказ удзельнікі бібліятэчных вячорак “Гасціннасць на кожны дзень”. Чытальная зала раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прапануе вялікую колькасць перыядычных выданняў па тэме дамаводства, попыт на іх рознай чытацкай аўдыторыі ўстойлівы круглы год. Для такіх землякоў падрыхтаваны агляд “Пад дахам дома свайго”.

Кніжная выстава “Падзеі Першай сусветнай вайны ў літаратуры” нагадала пра трагічныя падзеі таго часу.

Па-ранейшаму сярод чытачоў запатрабаваны кнігі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Бібліятэкары арганізавалі агляд ваеннай паэзіі і прозы “Пра вайну напісана не ўсё”.

У ваенны час і творчая інтэлігенцыя спазнала суровыя выпрабаванні: 250 пісьменнікаў Беларусі — удзельнікі Вялікай Айчыннай. Дзякуючы ім наша літаратура ішла дарогамі вайны, набліжала Перамогу. Лёс збярог нам Васіля Быкава падчас вайны, каб ён пісаў ад імя цэлага пакалення, ад імя тых, хто ваяваў. У чэрвені бібліятэкары правялі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 90-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі.

Дэвізам гэтага лета для бібліятэкараў раёна сталі словы “Лето – не для скуки, если книгу взял ты в руки”. Цікава прайшло свята “Канікулы – любімы час” у Зубелевіцкай сельскай бібліятэцы. Рабяты з задавальненнем адказвалі на пытанні віктарыны “На ўсе выпадкі жыцця”, выконвалі творчыя заданні “Сачыняем апавяданне пра лета”, удзельнічалі ў гульнях. А яшчэ ўсім прапанавалі намаляваць лета – атрымалася яркая кніга з ілюстрацыямі.

Гульнёвая праграма “І зноў лета паклікала” прайшла ў Вялікалотаўскай сельскай бібліятэцы.

Шырокі рэзананс атрымала сустрэча з мясцовым краязнаўцам Уладзімірам Лаўрэнавым, арганізаваная ў Жарабковіцкай СБ.

Дзіцячая бібліятэка пачала цыкл мерапрыемстваў “Вандруем па свеце, Беларусі, Ляхавіцкім краі”. Асноўная мэта – расказаць пра Беларусь у кантэксце свету, пра Ляхавіцкі раён – у кантэксце Беларусі.

Стала добрай традыцыяй супрацоўніцтва дзіцячай бібліятэкі з цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. На адну з чарговых сустрэч, прымеркаваную да Міжнароднага дня абароны дзяцей, была запрошана ляхавіцкая паэтка Валянціна Пабягайла.

Яшчэ ад-на добрая традыцыя, якой не здраджвае дзіцячая бібліятэка: кожную другую нядзелю тутэйшы лялечны тэатр «Малышок» за-прашае сваіх аматараў на новы спектакль.

Улюбёныя ў сваю справу бібліятэкары Ляхавіччыны заўсёды гатовы дарыць радасць зносін з кнігамі сваім шматлікім чытачам, у тым ліку і дзецям. Заўсёды рады бачыць вас у чытальных залах і бібліятэках!

Марына НІКІЦІНА,

метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *