Добрага здароўя, таварыш ваенкам!

Слаўны доўгі шлях ад курсанта ваеннага вучылішча да ваеннага камісара Ляхавіцкага райваенкамата (узначальваў з 1975 па 1985 гады) прайшоў наш зямляк, падпалкоўнік у адстаўцы Аляксей Дзяшко. 30 гадоў на службе ва Узброеных Сілах краіны для яго не проста стаж, а штодзённая адданасць прафесіі, назва якой – “Радзіму абараняць”.

За ўвесь перыяд службы Аляксей Васільевіч характарызаваўся толькі станоўча, вызначаўся добрасумленнымі адносінамі да выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Заўсёды быў надзвычай патрабавальны не толькі да сваіх падначаленых, але і да сябе. Камунікабельны, ініцыятыўны, ветлівы і дружалюбны, ён карыстаўся заслужаным аўтарытэтам сярод калег і падначаленых. Свае арганізатарскія здольнасці Аляксей Дзяшко выкарыстоўваў і ў актыўнай ваенна-патрыятычнай рабоце з падрастаючым пакаленнем. На час яго службы ў ваенкамаце прыйшлася адпраўка нашых землякоў для выканання інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістан. Аляксей Васільевіч узнагароджаны медалямі “За бездакорную службу”, юбілейнымі ўзнагародамі, граматамі.

І на заслужаным адпачынку падпалкоўнік у адстаўцы не сумуе. У яго шмат спраў і па-за межамі гарадской кватэры, а дакладней — на дачы ў Стараселлі. Ён вопытны пчаляр са стажам.

Днямі супрацоўнікі райваенкамата віншавалі юбіляра з прыгожай датай – 80-годдзем – і зычылі здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Аляксандр РУСІН,

старшыня РА ГА “Беларускі саюз афіцэраў”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *