Галоўны «інструмент» — нераўнадушнасць. У Ляхавічах прайшла пашыраная канферэнцыя аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі

У мінулую пятніцу ў вялікай зале  Дома Саветаў прайшла  пашыраная канферэнцыя аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, на якую, акрамя супрацоўнікаў аддзела і ўстаноў культуры, былі запрошаны кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны ці іх намеснікі, якія курыруюць пытанні  ідэалагічнага накірунку.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч адзначыў, што галоўная мэта гэтай сустрэчы — канструктыўны аналіз таго, што зроблена за апошні час не толькі аддзелам, але і ўсім ідэалагічным актывам раёна.

—Ініцыятыўнасць, мэтанакіраванасць, жаданне зрабіць жыццё іншых больш рознабаковым і змястоўным, уласная зацікаўленасць і неабыякавасць гарантуюць 50 працэнтаў  таго, што ваша дзейнасць будзе карыснай і мець чаканыя вынікі – як сёння, так і ў перспектыве, — зазначыў кіраўнік раёна. — Ідэалагічнае суправаджэнне павінна быць ва ўсім: на пасяўной ці ўборачнай, пры аказанні гандлёвых, бытавых, медыцынскіх, адукацыйных паслуг,  падчас спартыўных і культурных мерапрыемстваў.

Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што  абсалютную большасць  свайго часу  ідэолагі павінны праводзіць менавіта  сярод людзей, а не з паперамі.

З  першых  выступленняў стала зразумела: канферэнцыя не будзе звычайнай сухой справаздачай. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алег Траццяк прааналізаваў работу  ідэалагічнага актыву. Яго прапанова стварыць  савет ідэалагічнага актыву раёна выклікала неадназначны рэзананс.  З аднаго боку, гэта можа станоўча паўплываць на скаардынаванасць дзейнасці, а з іншага паўстае пытанне, ці не стане  савет чарговым фармальным фарміраваннем.

Дыскусія разгарэлася пры абмеркаванні прычын непапулярнасці некаторых культурных мерапрыемстваў. Выправіць сітуацыю, па меркаванні Алега Траццяка, дапаможа падаўжэнне часу правядзення дыскатэк і танцавальных праграм для непаўналетніх. Паступіла прапанова хаця б у летні перыяд дазволіць іх прысутнасць на дыскатэках да 23 гадзін. Асноўным аргументам на карысць гэтага была думка, што падлеткі не ідуць у Дамы культуры і клубы,  бо ім да 22 гадзін мала часу, каб патанцаваць.

Але ні для каго не сакрэт, што і  да вышэйазначанай “гадзіны пік” моладзь ва ўстановах культуры можна пералічыць на пальцах.  Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікалай Дабрыянец, хоць і нядаўна прызначаны на гэту пасаду, але паспеў пабываць у некаторых СДК якраз у вячэрні час. Ён расказаў, як у адным з іх яшчэ да 22 гадзін  пры адсутнасці і мастацкага кіраўніка, і дырэктара ўстановы блукалі нецвярозыя падлеткі. Яго заўвага слушная:

— Непаўналетнія не ідуць на дыскатэку не таму, што час абмежаваны, а таму, што ім там не цікава. Трэба шукаць новыя формы работы з моладдзю. Проста дыскатэка – гэта аджыўшы сваё фармат. Патрэбны тэматычныя сучасныя праграмы, арыентаваныя на  маладзёжны інтарэс.

Пра новыя формы работы з насельніцтвам па арганізацыі вольнага часу гаварыў і Алег Траццяк, звярнуўшы ўвагу культработнікаў на тое, што трэба адыходзіць ад штампаў і аднатыпнасці, напрыклад, у правядзенні тых жа святаў вёскі.

На Ляхавіччыне нямала цікавых, самабытных творчых калектываў, асобных выканаўцаў. Але, як справядліва адзначыў Вячаслаў Сельмановіч, дзе пра іх ведаюць, акрамя раёна. А ўсё таму, што адсутнічае прэзентацыйны матэрыял: відэафільмы,  буклеты, прэзентацыйныя дыскі і г.д.  Каб дабіцца поспеху, неабходна займацца, у тым ліку, і самарэкламай.

Канешне, інфраструктура, якая з’яўляецца важным складальнікам масавага прыцягнення турыстаў у раён, мякка кажучы, слабавата развіта.  Але ж не толькі яна, насуперак меркаванню метадыста раённага метадычнага цэнтра па гісторыка-культурнай  спадчыне Наталлі Скрыпнік, — стрымліваючы фактар для стварэння “Залатога кальца раёна”, ініцыяванага “ЛВ”. Адсутнасць прэзентабельных інфармацыйных праектаў, граматна распрацаваных  экскурсійных маршрутаў  па багатым на гістарычныя мясціны і архітэктурныя помнікі нашым раёне, як і  падрыхтаваных экскурсаводаў — тое, што перашкаджае “Ляхавіччыне турыстычнай” увасобіцца ў рэальнае жыццё.  Не зусім зразумелая і пазіцыя, выказаная ў выступленні метадыста, што нельга даносіць да шырокай аўдыторыі інфармацыю пра  магільнікі і курганы, якія ёсць на тэрыторыі раёна, бо “прыедуць чорныя капальнікі і іх разбураць”, ці “ каму цікава глядзець на гэтыя кучкі зямлі”… Як  адзначыў старшыня райвыканкама, не так страшна, што “нехта прыедзе і будзе капаць, праваахоўныя органы з гэтым разбяруцца на законных падставах. Страшна тое, што пра курганы ніхто не ведае”.

Дарэчы, у тэму была і просьба загадчыцы Конькаўскага СДК Тамары Морскай — прафінансаваць афармленне сцэны ў СДК для пастаноўкі спектакляў мясцовага тэатральнага клуба, тым больш, што сярод пастановак ёсць і гістарычныя, якія  цікава было б паглядзець і турыстам. Адна з іх была паказана ў Грушаўцы і пакінула добрыя ўражанні сярод гледачоў.

Непадробную цікавасць  выклікала выступленне  намесніка дырэктара Ляхавіцкай ЦБС Таццяны Арлоўскай, якая  расказала пра змястоўную работу, якую праводзяць бібліятэкары па захаванні культурнай спадчыны раёна.  Гэта сапраўдная пошукавая работа па архівах, выданнях, кнігах. Яе вынік — сабраны багацейшы матэрыял пра нашых славутых землякоў у галіне культуры, мастацтва, навукі.

Работа кінавідэасеткі, сённяшні дзень і задачы на перспектыву, якія  стаяць перад калектывам дзіцячай школы мастацтваў, работа райкама ГА БРСМ па арганізацыі занятасці і вольнага часу моладзі — гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўваліся на канферэнцыі.

Апладысментамі сустрэлі прысутныя паведамленне пра тое, што ў былым будынку РАУС будзе створаны раённы музей. Прыемная навіна, якую даўно чакалі.

Галіна КАНЬКО

One thought on “Галоўны «інструмент» — нераўнадушнасць. У Ляхавічах прайшла пашыраная канферэнцыя аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі

  • 15/08/2014 в 07:52
    Permalink

    Ну наконец то, даже дискуссия разгорелась. А то раньше было все одобрямс и одобрямс(всеобщее согласие со всем) и о выполнении плана на 200%)) Будауники коммунизма(я не газету имею ввиду))), в шоке наверное, но ничего не поделаешь, время другое,УРА)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *