Ляхавічы: жылфонд задае тон

Такі падарунак пакінулі ляхавіцкія каму-нальнікі пінчанам.

Апошнім часам скарбонка ўзнагарод Ляхавіцкага камунгаса папаўняецца ўсё новымі заслужанымі ”трафеямі”. Перамагаць для мясцовых камунальнікаў становіцца не толькі справай гонару, але і добрай традыцыяй. І вось зноў прыемная навіна і яшчэ адно прызнанне паспяховай, зладжанай і выніковай работы кіраўніцтва і кожнага на сваім працоўным месцы: КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” — пераможца рэспубліканскага агляду ўтрымання і тэхнічнага стану жыллёвага фонду за 2013 год. У мінулую пятніцу на калегіі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ганаровая грамата з гэтай нагоды была ўручана дырэктару камунгаса Аляксандру Мядзвецкаму. Дарэчы, Аляксандр Яўгеньевіч і асабіста ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства і рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў за актыўны ўдзел у згаданым рэспубліканскім аглядзе. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу ўлічваліся разнастайныя параметры, у тым ліку, утрыманне і стан дваровых тэрыторый, жылых дамоў, пад’ездаў.

У гэты ж дзень брыгада ўчастка ”Азеляненне” ЖКГ у складзе Алены Макрэцкай, Аляксандра Капузы, Юліі Палажанковай, Таццяны Паўлавай прымала ўдзел у штогадовым абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод работнікаў зялёнага будаўніцтва Брэстчыны. Традыцыйна такія спаборніцтвы па афармленні тэрыторый горада праводзяцца ў сталіцы абласных “Дажынак”. У мінулым годзе нашы Ляхавічы значна папрыгажэлі пасля фестывалю азеляняльнікаў. Сёлета эстафету пераняў Пінск, дзе і прайшоў конкурс пад назвай “Кветкі Палесся”.

Ляхавічане падарылі пінчанам цудоўную кампазіцыю пад назвай “Клубнічны рай”. На яе афармленне пайшло каля 5 гадзін і больш за 600 саджанцаў бягоній. Кампазіцыя спадабалася не толькі гараджанам, якія спыняліся, каб палюбавацца ёю, але і журы конкурсу. У выніку ляхавіцкія азеляняльнікі вярталіся дамоў з дыпломамі “За прымяненне новых тэхналогій” (кветкі ў кампазіцыі паліваюцца кропельным шляхам праз спецыяльна ўстаноўлены кран) і “За арыгінальнасць выканання”.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота з архіва ЖКГ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *