Урок ваджэння ад жарабковіцкіх вадзіцеляў /фота/

6 тысяч тон збожжа перавезлі на дваіх Віктар Клемяня і Міхаіл Праневіч з СВК «Жарабковічы».

Адны з лепшых у вобласці вадзіцеляў – адвозчыкаў збожжа працуюць у СВК “Жарабковічы”. Молада – не зелена. Так у гаспадарцы гавораць пра Віктара Клемяню і Міхаіла Праневіча.

У  залатым абрамленні спелых хлябоў ён глядзіцца вельмі натуральна, звыкла і законна. І зусім не такім гарманічным здаецца знаходжанне збожжаўборачнага камбайна на зеляніне поплава. Яшчэ з кілаграмамі пылу, адбіткам стомленасці, без свайго галоўнага рабочага органа – жаткі, GS-12 СВК “Жарабковічы” зрабіў прыпынак, каб пачысціць “крылцы” пасля тыдняў звышнапружанай работы…

Так, камбайны пакінулі хлебную ніву, і пра галоўны этап жніва-2014 трэба ўжо гаварыць у мінулым часе. “Жарабковічы” пачыналі 15 ліпеня, а фінішным днём стала мінулая субота – 9 жніўня. Гэты час, як забег на супер-спрынтарскую дыстанцыю: патрабуе граматнага выбару тактыкі і ўсіх сіл без астатку. Убрана больш як 3100 гектараў каласавых збожжавых пры амаль 66 цэнтнерах сярэдняй важкасці кожнага з іх. Гэта другі ў раёне паказчык. А вось валавыя жарабковіцкія 20 з паловай тысяч тон зерня ніхто з раённых сельгасвытворцаў перасягнуць не здолеў. Хоць, у адрозненне ад мінулых гадоў, з боку СВК “Шлях новы” была “навязана” абсалютна роўная канкурэнцыя.

Урок ваджэння на жніве прадэманстравалі жарабковіцкія “мазісты” Віктар Клемяня і Міхаіл Праневіч. На дваіх маладыя вадзіцелі перавезлі каля 6 тысяч тон зерня — прыкладна пароўну. Як расказаў падчас сустрэчы Віктар, да выхаду на маршрут, а ён падчас жніва разнастайнасцю не вызначаўся і пралягаў ад палетка да зернятоку і назад, МАЗ патрабаваў да сябе шторанішняй прафілактычнай увагі. Шчыраванні вакол аўтамабіля пачыналіся задоўга да першага рэйсу. Чыстка, змазка, прадуўка, кантроль тэхнічных вадкасцяў, у выпадку неабходнасці – правядзенне шэрага рэгуліровак і іншае. І толькі пасля гэтых рэгламентаў – маршрутныя кругі. Ні ў адзін з дзён апошні з іх не завяршаўся раней 10-11 гадзін вечара. Нягледзячы на палявыя (што азначае складаныя) ўмовы працы, тэхніка ні разу не падвяла ні Віктара, ні Міхаіла. Граматная эксплуатацыя стала, канешне ж, галоўнай таму прычынай. Сваю ролю адыграў і фактар належнай перадуборачнай падрыхтоўкі аўтамабіляў. Усе неабходныя тэхнічныя рэгламенты былі праведзены з асаблівай – уборачнай – ашчаднасцю, з папраўкай на тое, што “рамонтная паўза” на жніве каштуе вельмі дорага. І ў плане асабістай матэрыяльнай зацікаўленасці, і з пункту гледжання каштоўнасці літаральна кожнай уборачнай мінуты.

Калі ў панядзелак мы наведаліся ў “Жарабковічы”, засталі Віктара Клемяню і Міхаіла Праневіча ў рабоце. З адвозкі збожжа “перакваліфікаваліся” на падвоз грунту для тэхналагічных патрэб гаспадаркі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Андрэй Свінабурка не першы год працуе на зернятоку.

Тройка лепшых хлебаробаў СВК «Жарабковічы»: Міхаіл Кандыба, Андрэй Дзянішчык, Ігар Літвіновіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *