Квартэт, у якім усе салісты

Максім Люкіш, Васілій Шадура, Генадзій Місько і Уладзімір Махнач – лепшыя камбайнеры ў раёне.

Камбайн Васілія Шадуры і Максіма Люкіша нечакана стаў на прыкол: выйшла са строю запчастка, якую можна дастаць толькі ў Івацэвічах на рамонтным прадпрыемстве. Пакуль зробіш заяўку, пакуль прывязуць неабходнае – часу пройдзе нямала. А губляць яго нельга: маладзёжны экіпаж — сярод лідараў на жніве. Прынялі рашэнне, узгаднілі са старшынёй СВК “Шлях новы” Аляксандрам Вашчуком, і Васілій ужо быў у дарозе на Івацэвічы. Гадзіна-другая – і вярнуўся з патрэбнай запчасткай. Пасля абеду агрэгат выйшаў у поле. Упушчанае навярсталі ў той жа дзень.

Вось ён, прыклад адданых, нераўнадушных, адказных — сапраўдных хлебаробаў. Любоў да зямлі яны абодва атрымалі ў спадчыну. Васілій шосты сезон працуе механізатарам на Т-82, а ў жніўны час садзіцца за штурвал камбайна. Максім – студэнт аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, будучы інжынер-механік. Лета для яго пакуль што практыка і магчымасць зарабіць грошай на далейшую вучобу. А яшчэ ёсць мара: пасля заканчэння ўніверсітэта вярнуцца на работу ў родную вёску. Летась іх экіпаж быў першым на жніве ў абласным спаборніцтве сярод маладых камбайнераў.

Яшчэ адзін экіпаж віртуозаў жніўнага поля з гэтай жа гаспадаркі – Генадзій Місько і Уладзімір Махнач, якія па выніках сёлетняй уборачнай кампаніі лідзіруюць у раённым спаборніцтве. Яны – адзіныя на Ляхавіччыне, хто сёлета перасягнуў 2-тысячную мяжу намалоту. Генадзій – хлебароб са стажам: 26 гадоў працуе механізатарам, адданы справе прафесіянал. У яго руках магутны “ДжонДзір” становіцца манеўраным і хуткім. А летам – на камбайн!

Апошнія 3 гады яго калега – Уладзімір Махнач. Звычайна механізатар працуе на Т-82 — надзейны, старанны і адказны. Сёлетняе жніво для экіпажа было пераможным.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *