Нарад ад апаратнай нарады

На пачатку тыдня прайшла чарговая апаратная нарада ў старшыні раённага выканаўчага камітэта. Канстантай і, як правіла, першым пунктам гэтых рабочых пасяджэнняў з’яўляецца даклад аб правапарушэннях і злачынствах, што адбыліся на Ляхавіччыне ў папярэднія 7 дзён. Напрыклад, мелі месца факты начнога пранікнення і крадзяжу з гандлёвых кропак, адзначаецца некаторы рост агульнай злачыннасці. Гэта, канешне ж, інфармацыя са знакам мінус.

У адрозненне ад паведамлення пра завяршэнне раёнам уборкі збожжавых каласавых. Нават так – паспяховым завяршэнні: пры другой сярод раёнаў Брэстчыны ўраджайнасці сабрана ў межах 80 тысяч тон збожжа. Арганізацыя і правядзенне “Дажынак” стала адным з двух прыярытэтных пытанняў нарады. Пачынаючы з гэтага года, сістэма афіцыйных ушанаванняў працаўнікоў вёскі будзе праходзіць з некаторымі адрозненнямі. Рэспубліканскі збор мяркуецца праводзіць у больш познія тэрміны і ў заметна іншым фармаце. Абласное свята працаўнікоў вёскі не спазнае нічога прынцыпова новага. Абавязковымі становяцца раённыя дажынкі, прымаць якія па чарзе будуць аграгарадкі раёнаў. Наша раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014” запланавана на 6 верасня. Адкрыць новую традыцыю належыць Русінавічам – цэнтру самай ураджайнай гаспадаркі раёна СВК “Ляхавіцкі”. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч даў даручэнні адпаведным службам адносна падрыхтоўкі і арганізацыі мерапрыемства.

Сітуацыя з зонамі адпачынку ля вады застаецца на працягу апошніх гадоў стабільнай. Стабільна дрэннай, паколькі ва ўсіх трох афіцыйна для таго вызначаных месцах – на рацэ Шчара ў вёсцы Дарава, на вадаёме аздараўленчага лагера “Чайка”, на Ведзьме ў межах гарадскога пляжу – купанне забаронена. Прычына таму – дрэнны стан вады, калі гаварыць без канкрэтыкі. Чым можна растлумачыць, што і год, і два назад, і сёлета адпаведныя раённыя службы толькі праводзілі маніторынг і канстатавалі факт неадпаведнасці вады нарматыўным патрабаванням? Бачаннем сітуацыі падзялілася кіраўніцтва раённых цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, камунгаса, таварыства выратавання на водах. З мэтай высвятлення прычын забруджвання старшыня райвыканкама распарадзіўся стварыць 3 “аўтаномныя” камісіі, з удзелам спецыялістаў камунальнай гаспадаркі, санэпід- і экалагічнай службаў раёна. У тэрмін да 1 верасня кожная з камісій павінна вызначыцца з высновамі. Пасля – “зверка гадзіннікаў”. Стаіць задача ў тэрмін да наступнага лета павярнуць сітуацыю на карысць купальшчыкаў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *