Люблю і ганаруся

Сённяшнія маладыя цікавяцца гісторыяй свайго роду, краю, Радзімы.

Сённяшнія маладыя цікавяцца гісторыяй свайго роду, краю, Радзімы.

Напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў “Ляхавіцкі веснік” і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама аб’явілі конкурс сачыненняў “Праўнукі пра прадзедаў”. Да ўдзелу ў творчым конкурсе запрасілі школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў, усіх, каму неабыякава тэма Вялікай Айчыннай вайны і Вялікай Перамогі, хто хоча падзяліцца з землякамі сваімі думкамі і разважаннямі, расказаць пра родных, суседзяў, знаёмых і незнаёмых герояў вайны і яе сведкаў.

Вашай увазе – самае, на наш погляд, цікавае сачыненне, дасланае на конкурс.

Успамінаецца дзяцінства… Я з татам у вёсцы ў дзядулі. На сценах – фатаграфіі ў рамках. Разглядаю чорна-белыя старыя здымкі. На адным з іх – маладая пара. Гэта фатаграфія з вяселля маіх прадзядулі і прабабулі.

Гісторыя іх сям’і радасная і сумная. Радасная яна таму, што гэта была вялікая, дружная сям’я з васьмі чалавек: бацькі, пяцёра сыноў і  дачка.  Аляксандр, Васілій і Мікалай былі старэйшымі, а Ванюша, Волечка і Косцік – меншанькімі дзеткамі. Яны дзялілі пароўну ўсе радасці, нягоды і нястачы. А сумная таму, што 1944 год акажацца апошнім годам шчасця ў гэтай сям’і… Чацвёра герояў пойдуць у іншы свет, а чацвёра застануцца жыць сіротамі з глыбокай ранай на сэрцы…

Адкрываю кнігу “Памяць”, чытаю: “Максімчык Сцяпан Сцяпанавіч 1900-1944 г.” – не проста цёзка па прозвішчы, а мой прадзядуля, бацька майго дзеда. “Быў расстраляны разам з сынамі ў горадзе Ляхавічы ў 1944 годзе фашыстамі за сувязь з партызанамі”.

…А было так: “Брамка, што вяла ў дом, заскрыпела не па-добраму, пачуліся цяжкія крокі, а затым грубыя словы… Гэта прыйшлі немцы. Узброеныя, ва ўсім белым… Уварваліся ў хату, чую – б’юць… Крык, плач такі – сэрца халадзее. Асабліва здзекаваліся над Мікалаем, сярэднім сынам. Даведаліся, што ён меў сувязь з партызанамі. Скрываўленага, яго вывелі ў сенцы і пачалі зноў катаваць. Білі, закладвалі пальцы рук у дзверы і з усёй сілы закрывалі іх. Як ён стагнаў, бедны, як стагнаў…

Потым вывелі бацьку і Колю, Васю і Сашу. Падвялі да хлява… Доўга іх білі… А потым прымусілі даставаць бульбу з цёмнага падвала і грузіць на фурманкі. Фашысты забралі з дому ўсё. Пакінулі толькі голыя сцены. Мне цяжка ўспамінаць, як ледзь дыхаючых бацьку і братоў выводзілі на вуліцу. Прывязалі вяроўкамі да машын і павялі ў Ляхавічы. Там усіх зноў катавалі, а потым расстралялі. Над Колем яшчэ чатыры дні здзекаваліся. Яго білі нагамі, прыкладамі. Але ён ужо не адчуваў болю. Натоўп узброеных салдат мучыў яго цела. Не дай Бог, што рабілася…”, — расказваў дзядуля, глытаючы горкія слёзы.

Лёс памілаваў меншых дзяцей сям’і Максімчыкаў. Калі прыйшлі немцы, Ваня ўзяў за рукі маленькіх браціка і сястрычку і схаваў усіх за печ. Там яны і прасядзелі гэтыя жудасныя часы.

Той маленькі Ваня – мой дзядуля Іван Сцяпанавіч. Ён годна насіў прозвішча свайго бацькі, які загінуў у суровыя гады вайны. На жаль, час няўмольны. Цяпер ужо і дзядулі няма з намі. Пахавалі мы яго на могілках у роднай вёсцы.

Калі я разважаю пра нашу сям’ю, адчуваю, як моцна спляліся карані і галінкі майго сямейнага дрэва. Дзед з мамінага боку  Аляксандр Андрэевіч Антонаў, родам з-пад Разані, ажаніўся з беларусачкай – так яна яму спадабалася. Таксама ваяваў на той вайне, абараняючы родную зямлю. Перад вачамі паўстае помнік з чорнага граніту, вялікі партрэт мужнага чалавека. Мы на Радуніцу наведваем могілкі сваіх родных. Замест голасу бабулі чую ціхі і тужлівы шэпт старога клёна – сведкі людскіх лёсаў. Паклаўшы сваё лісце-далонькі мне на плечы, клён сумна вядзе размову. Старыя людзі ў вёсцы даўно назвалі гэта дрэва “божым” — яно не падобна на іншыя дрэвы, таму што ў яго неаднойчы трапляла маланка. Але дрэва зноў ажывала і яшчэ гусцей, чым раней, апраналася ў лісце. Мой прадзед сарваў ліст з гэтага дрэва, паклаў за пазуху і пайшоў ваяваць у партызаны. Яму здавалася, што ліст падобны на пунсовую зорку, і пакуль ён на целе воіна, нічога кепскага з ім не здарыцца.

На вайне Антонаў быў не навічок. За плячыма – служба на самай далёкай кропцы СССР – Кушцы, удзел у фінскай вайне. Але ў баях пад Оршай у час Вялікай Айчыннай вайны раненым трапіў у палон.

Бабуля расказвала, што разам з іншымі ваеннапалоннымі яго загналі ў балота, абнесенае дротам, дзе ўсе яны прастаялі па калена ў гразі чацвёра сутак пад дажджом, без ежы. Некаторыя не вытрымалі –  патанулі. На пяты дзень знясіленых людзей пагналі на захад. Па дарозе таксама многія падалі, і тады раздаваліся стрэлы, на якія ніхто не паварочваўся. Калі праходзілі вёскі, адусюль з-пад плоту або ў прыадчыненую браму, або ў цёмнае акенца глядзелі на маркотны натоўп палонных міласэрныя вочы беларускіх жанчын, і цягнулася рука з хлебам а, здаралася, жанчыны з-пад хусткі даставалі гліняны збан  з малаком… Многія, хто мацнейшы, спрабавалі ўцякаць. Так і мой прадзед кінуўся за спіной канваіра ў ельнік і доўга поўз пад стрэламі. Дабраўся да вёскі, пастукаўся ў незнаёмую хату… Прынялі яго ў сваю сям’ю людзі, і стаў ён “зяцем” для 20-гадовай дачкі гаспадароў Анюты. Не прывык мой прадзед баяцца ворагаў, хавацца за спадніцы жанчын. Пайшоў у партызаны, у атрад Канстанціна Заслонава. Калі немцы накіраваліся разбіць атрад, то іх сустрэлі загартаваныя ў баях і добра ўзброеныя партызаны. Зямля гарэла пад нагамі фашыстаў, не было ім літасці ні на фронце, ні ў тыле.

…Недалёка ад Хатыні я бачыла поле званочкаў. Гледзячы на гэтыя кветкі, чула жалобны звон, які расказваў пра жахі мінулага і заклікаў берагчы мір. У тым, што цяпер смяюцца дзеці, будуюцца дамы і пішуцца кнігі, — заслуга нашых дзядоў, памяць пра якіх мы павінны шанаваць.

Ружы ў Брэсце растуць, дзе ля ціхага Буга спяць салдаты. Жыццём сваім яны заплацілі за Перамогу. Ля падножжа Мамаева кургана ляжаць палявыя кветкі. Вайна ў маім разуменні – гэта, перш за ўсё, памяць. Я схіляю галаву перад тымі, хто аддаў свае жыцці за мір.

Подзвігі герояў, загінуўшых на полі бітвы, у Беларусі шануюць паўсюдна. У іх гонар узведзены Курган Славы, іх імёнамі названы вуліцы, устаноўлены мемарыяльныя дошкі, помнікі.

У Дзень Перамогі бачу слёзы на вачах сваіх бацькоў – слёзы ўдзячнасці ўдзельнікам вайны за мірныя гады. Чырвоная кроў салдат ператварылася ў пунсовыя цюльпаны. Прамяністае неба пранізваюць залатыя рукі сонца. Салдаты выратавалі свет дзеля любві, усмешак, дабра… Блішчаць слёзы ў гэты дзень і на маіх вачах. У мяне да вайны асаблівыя адносіны. Для майго бацькі была другая вайна – у чужой краіне Афганістан. Я ганаруся сваім татам. Ён з гонарам выконваў інтэрнацыянальны абавязак. І бацька, і дзед з гонарам вытрымалі выпрабаванні, былі моцныя духам. Гэта іх прыклад вучыць мяне быць сапраўдным Чалавекам.

Кацярына МАКСІМЧЫК,

11 клас, гімназія г. Ляхавічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *