Прыходзьце да нас працаваць! У жніўні маладыя спецыялісты прыйшлі працаваць у розныя галіны і сферы дзейнасці Ляхавіцкага раёна

Пра здароўе ляхавічан пачалі клапаціцца разам з вопытнымі калегамі і маладыя ўрачы, медсёстры, фельчары, лабаранты.

Хто з нас не памятае сваё першае месца працы? Для кагосьці ўспаміны самыя прыемныя, для іншых – зусім адваротныя, што думаць і гаварыць пра іх адпадае ўсякае жаданне. Ёсць і такія, для каго яно стала адзіным у працоўнай кніжцы на працягу многіх гадоў. На гэта ўплывае шмат фактараў: жаданне самога маладога спецыяліста працаваць аддана, мэтанакіравана, дысцыплінавана, самаўдасканальвацца; умовы, створаныя для яго на прадпрыемстве ці ў арганізацыі, сацыяльныя гарантыі і магчымасці для кар’ернага росту; атмасфера ў калектыве, канструктыўнае, а не дырэктыўнае настаўніцтва.

Сёлетні жнівень аказаўся ўраджайным на маладых спецыялістаў, якія размеркаваліся ці самастойна знайшлі сваё першае месца працы на Ляхавіччыне.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяны Зубік, у навучальныя ўстановы горада і раёна размеркаваліся 12 выпускнікоў ВНУ і ССНУ. Прычым 5 з іх – тутэйшыя. Выпускніцы БДУ і БарДУ Ганна Жагунь і Вольга Рокач – цяпер ужо настаўніцы замежнай мовы СШ № 2. У цэнтр сучасных сродкаў навучання інжынерам-праграмістам пасля заканчэння вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі прыйшоў Станіслаў Бяліцкі. Міхаліна Гатоўчыц з дыпломам Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа будзе прывіваць любоў да музыкі выхаванцам цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яшчэ адна ляхавічанка Крысціна Зялёнка пакуль у сацыяльным водпуску па доглядзе за дзіцем, а потым будзе працаваць у сваёй роднай СШ № 1. Упершыню за апошнія гады нарэшце сярод маладых настаўнікаў-прадметнікаў з’явіўся матэматык: гэты дакладны і складаны прадмет у СШ № 1 будзе выкладаць Ірына Манкевіч. Дарэчы, яшчэ на папярэднім размеркаванні ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце Ірына (родам яна з Баранавічаў) выбрала менавіта Ляхавічы. Таксама з гэтага суседняга горада ў школы нашага раёна вучыць дзяцей прыедуць Анастасія Арцём – у Навасёлкаўскую СШ, Надзея Гаўдзіс – у гімназію. А, напрыклад, для настаўніцы геаграфіі і біялогіі Востраўскай СШ Ганны Дзенісовіч падабралі ўжо здымную кватэру ў тутэйшым аграгарадку. У гэтай жа школе 2014/2015 навучальны год у якасці педагога-псіхолага і настаўніцы абслуговай працы пачне Наталля Пятроўская. Усе адукацыйныя навабранцы са статусам маладога спецыяліста штомесячна дадаткова да заработнай платы будуць мець павышаючы каэфіцыент ці 20 працэнтаў ад стаўкі.

Са “свабодным” дыпломам вырашылі спыніцца на Ляхавічах Алена Русакевіч, якая будзе працаваць педагогам дадатковай адукацыі ў цэнтры турызму і краязнаўства, і Аляксандр Дарэўскі (ён зойме пасаду інжынера-праграміста ў СШ № 2).

Як расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Якубоўская, “маладая гвардыя”, канешне ж, дазволіла палепшыць сітуацыю з недахопам педагагічных кадраў. Аднак, па-ранейшаму востра стаіць пытанне адсутнасці неабходнай колькасці настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю. Для вырашэння праблемы заключаны дагаворы з БрДУ і БарДУ. А пакуль вакантныя месцы займаюць вопытныя настаўнікі, якія па ўзросце – пенсіянеры. Да таго ж пасля закрыцця некаторых устаноў адукацыі ў межах аптымізацыі ні адзін з настаўнікаў не застаўся без работы – уладкаваны ў іншыя школы.

Дарэчы, сёлета ўпершыню да нас прыехала медыкаў удвая больш, чым педагогаў. Галоўны ўрач Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Усцюшкоў не хавае задавальнення: “Такога ў медыцыне раёна не было даўно: размеркаваліся 8 урачоў і 13 работнікаў сярэдняга медыцынскага звяна. Такім чынам, хоць і не поўнасцю кадравая праблема вырашана, але змяненні адчувальныя”. Нарэшце ў ЦРБ з’явіўся яшчэ адзін неўролаг – Арцём Прыход, пакуль ён працуе ў стацыянары, а хутка будзе весці прыём у паліклініцы. Прадаўжальніца сямейнай дынастыі Вольга Грыцкевіч (яе маці фельчар Малагарадзішчанскага ФАПа) першыя крокі ў прафесіі робіць у якасці ўрача-педыятра. Яшчэ адзін наш зямляк Алег Арлоўскі з Русінавічаў працуе тэрапеўтам у паліклініцы, па пэўных днях вядзе прыём у Падлескай урачэбнай амбулаторыі. Прыйшлі яшчэ 3 терапеўты: Кацярына Шастак (паліклініка і Ганчароўская УА), Андрэй Курак (тэрапеўтычнае аддзяленне райбальніцы) і Валянціна Харыла (Дараўская УА). Дзяніс Лапоцін будзе лячыць дзяцей, а Ірына Маркава – зубы.

Значнае папаўненне сярэдняга медыцынскага персаналу – заслуга адміністрацыі райбальніцы. Уладзімір Усцюшкоў ездзіў на папярэдняе размеркаванне ў Пінскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Маладыя спецыялісты з дыпломамі лабарантаў, фельчараў, медыцынскіх сясцёр будуць практыкаваць у Крывошынскай участковай бальніцы, Дараўскай УА, паліклініцы і райбальніцы.

Навіны, канешне, прыемныя. Але ці не паўтораць маладыя медыкі лёс многіх сваіх папярэднікаў пасля адпрацоўкі ці не адправяцца туды, дзе для іх створаны лепшыя і больш зручныя ўмовы працы і жыллёвыя? Забяспечанасць жыллём – адна з вызначальных умоў для маладых кадраў. Хаця не заўсёды: гэтым летам пераехала ў іншы горад маладая сям’я ўрачоў, якая адпрацавала ў райбальніцы некалькі гадоў і жыла ў службовай кватэры.

Шукаюць здымную кватэру для маладога спецыяліста ў камунгасе.

Папаўняюцца рады працуючых і ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Пакуль яшчэ не ўсе размеркаваныя з’явіліся на першае месца працы, таму канчатковыя вынікі дакладна ацаніць не атрымаецца. Аднак, як расказала галоўны спецыяліст па прававых і кадравых пытаннях упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Юрлевіч, найбольшы наплыў маладых аграрыяў – у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 15 юнакоў і дзяўчат, прычым 7 з іх – з вышэйшай адукацыяй. Акрамя прадугледжаных заканадаўствам ільгот і выплат, новаспечаным аграрыям на працягу года гаспадаркі штомесячна будуць даплачваць да заработнай платы суму да 2БВ, пасля двухгадовай адпрацоўкі на працягу наступных двух гадоў – да 3 БВ.

Маладыя, таленавітыя, адукаваныя работнікі нялішнія і ва ўстановах культуры раёна. Сёлета іх трое, і ўсе – тутэйшыя. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алены Матчэня, уладальнік дыплома Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Іван Плескацэвіч (родам з Русінавічаў) робіць першыя крокі ў якасці мастацкага кіраўніка ў Тальмінавіцкім СДК, тухавічанка Аляксандра Абрамава прыйшла ў Тухавіцкую школу мастацтваў, ляхавічанка Вольга Крываль – у Ляхавіцкую школу мастацтваў.

Пасля заканчэння вышэйшага Магілёўскага каледжа МУС Рэспублікі Беларусь оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку РАУС вярнуўся на сваю малую радзіму Генадзій Лойка.

Прыступілі ці вось-вось прыступяць да работы ў іншых галінах, арганізацыях, установах, на прадпрыемствах маладыя спецыялісты – учарашнія навучэнцы, студэнты. Наперадзе іх чакае цікавая, разнастайная, адказная работа. Самастойная.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *