Жоўталісты карагод пачынае новы год. Навучальны. 234 першакласнікі прыйшлі ў школы Ляхавіцкага раёна

Ад усмешак першаклашак у Падлескім дзіцячым садзе-сярэдняй школе стала святлей

Навучальны год традыцыйна пачаўся Днём ведаў — урокам на тэму “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”. Да гэтага быў яшчэ адзін дзень — асаблівы, доўгачаканы.

У мінулую суботу ва ўсіх школах горада і раёна, гучала: “ У добры шлях, рабяты! У добры шлях, дарослыя!” Адрасаваны гэтыя словы і 234 першакласнікам і 206 — адзінаццацікласнікам і наогул усім вучням ( а ў гэтым годзе за школьныя парты селі 2946 нашых юных землякоў) педагогам, дырэкцыі школ, бацькам.

Мора кветак, усмешак, віншаванняў, госці і падарункі, святло і цеплыня,  шчаслівыя вочы і натхнёныя твары. Святочныя лінейкі, прымеркаваныя да пачатку новага навучальнага года, былі і застаюцца такімі.

Урачыста і мнагалюдна раніцай мінулай суботы было ў добраўпарадкаваным, утульным двары школы аграгарадка Падлессе. Сёлета ў школе будуць вучыцца і выхоўвацца 52 хлопчыкі і дзяўчынкі, плюс яшчэ 12 дашкалят: пад адным дахам знаходзяцца школа і дзіцячы сад. Менавіта на іх прыйшлі паглядзець аднавяскоўцы, парадавацца за маладое пакаленне, раздзяліць свята. Сёлетняя першавераснёўская лінейка асаблівая, бо з новага навучальнага школа пачала работу ў новым статусе – “Падлескі дзіцячы сад-базавая школа”.

Шмат цёплых слоў у адрас рабят, настаўнікаў і бацькоў сказала дырэктар школы Ніна Расоха. Шчыра віталі вучняў і настаўнікаў кіраўнік справамі райвыканкама Юрый Несцяровіч, упраўляючы ўчастка СВК “Жарабковічы” Міхаіл Багацкі, старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Аляксандр Трыбухоўскі. Ад раённай улады школе ўручаны мультыпраектар, ад гаспадаркі-шэфа СВК “Жарабковічы” — музычны цэнтр.Дарэчы, без падарункаў сёлета не засталася ні адна навучальная ўстанова Ляхавіччыны. Самыя шыкоўныя, канешне ж, – на 100 працэнтаў падрыхтаваныя навучальныя ўстановы. Але гэта не ўсё. За грошы, выдаткаваныя з раённага бюджэту, у гімназіі і Начаўскай СШ устаноўлены новыя камп’ютарныя класы. Аўдытарныя дошкі папоўнілі матэрыяльна-тэхнічную базу СШ № 1 і № 2, Дараўскага ДС-СШ, Мядзведзіцкай, Навасёлкаўскай, Жарабковіцкай СШ, Конькаўскім ДС-СШ. Дарэчы прыйшлася рабятам і педагогам Ліпскай СШ, Малагарадзішчанскага ДС-СШ, Свяціцкай СШ капіравальная тэхніка. А мультыпраектары “абжываюцца” ў Востраўскай, Тальмінавіцкай і Тухавіцкай школах. Рэканструяваная і адрамантаваная Крывошынская СШ прыняла і аўдыятарную дошку, і капіравальную тэхніку.

Не абышлі ўвагай Дзень ведаў спонсары і шэфы. Напрыклад, СВК “Шлях новы” кожнай навучальнай установе, якая знаходзіцца на тэрыторыі гаспадаркі (Навасёлкаўская СШ, Конькаўскі і Дараўскі ДС-СШ), падарыў розныя патрэбныя рэчы на суму 5 мільёнаў рублёў кожнай. Начаўская школа атрымала новыя кнігі для пачаткоўцаў – падарункі ад ДП “Нача” і кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Даманская” Івана Шкляніка. Жарабковіцкай СШ дапамог новай газонакасілкай СВК “Жарабковічы”, а індывідуальны прадпрымальнік Зінаіда Буевіч — кулерам для пітной вады. Не пакідае без дапамогі сваіх падшэфных – вучняў Тухавіцкай СШ — торфабрыкетны завод ”Ляхавіцкі”, сёлета ў школе рады новаму спартыўнаму інвентару. Дзякуючы СВК “Тальмінавічы”, у Тальмінавіцкай СШ з’явіліся новы лазерны прынтар, а ў Мядзведзіцкай СШ — мячы. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм для мядзведзіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак купіла каляровы прынтар. Раённая арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа падарыла чатыром першакласнікам Свяціцкай СШ канцылярскія тавары.

…У Падлессі свята працягвалася па сцэнарыі. Увага ўсіх пераключылася на галоўных дзеючых асоб — васьмярых першаклашак. У школьнай форме, з вялікімі букетамі, усмешлівыя, яны адразу адчулі, што іх тут чакаюць. Тым больш, што побач таты, мамы і самы важны на бліжэйшыя 4 гады чалавек — першая настаўніца Наталля Карпач.

Кіраўнік справамі райвыканкама Юрый Несцяровіч уручыў першакласнікам падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — кнігу “Беларусь — наша Радзіма”. Дзевяцікласнікі падрыхтавалі для малодшых сяброў свае падарункі.

Гэта субота асаблівая і для пяці тутэйшых дзевяцікласнікаў — пачынаецца год развітання са школай. Але пакуль яны, як заўсёды, разам са сваім класным кіраўніком Святланай Карабухінай, давалі наказ першакласнікам. Былі словы віншаванняў ад бацькоў — Дзмітрыя Краўчэні і Ігара Зайцава.

І вось ён такі доўгачаканы  момант – зазвінеў званок, які абвясціў пачатак новага навучальнага года. Прывітанне, школа! У добры шлях, вучні і настаўнікі! Да заканчэння навучальнага года засталіся 234 дні…

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Адны з галоўных дзеючых асоб лінейкі - падлескія дзевяцікласнікі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *