Адукацыі патрэбны інавацыі

У педагагічнай сям’і Ляхавіччыны – папаўненне.

Напярэдадні новага 2014/2015 навучальнага года настаўнікі, выхавальнікі, педагогі дадатковай адукацыі сабраліся на традыцыйную жнівеньскую канферэнцыю. Гарадскі Дом культуры ў мінулую пятніцу гасцінна сустракаў прадстаўнікоў педагагічных калектываў Ляхавіччыны. У пленарным пасяджэнні ў якасці гасцей прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі розных галін народнай гаспадаркі, грамадскасці, старшыні сельвыканкамаў. Надзвычай важнай і актуальнай была тэма размовы: “Інавацыйнае развіццё ўстаноў – рэсурс павышэння якасці адукацыі”.

Галоўная ўвага была сканцэнтравана на клопаце аб падрастаючым пакаленні.

Надзвычай хваляваліся і тыя, хто 1 верасня ўпершыню ўвойдзе ў клас у якасці настаўніка. У гэтым навучальным годзе 16 маладых спецыялістаў папоўнілі педагагічныя калектывы гарадскіх і сельскіх школ, дзіцячых садкоў, пазашкольных устаноў. Ім — словы віншаванняў, наказы і шчырае запрашэнне ў дружную настаўніцкую сям’ю, якое агучыла настаўніца гімназіі Людміла Раманенка. Дарэчы, Людміла Пятроўна за педагагічнае майстэрства занесена на раённую Дошку гонару.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская ў справаздачным дакладзе падвяла вынікі развіцця адукацыі за год мінулы і акрэсліла задачы на новы навучальны. Былі прааналізаваны дасягненні і перспектывы ўсіх этапаў дашкольнага і школьнага жыцця, засяроджана ўвага на рабоце спецыяльных устаноў адукацыі. Прагучалі імёны самых творчых, таленавітых настаўнікаў, выхавальнікаў, кіраўнікоў гурткоў.

Спецыяльнай стыпендыяй Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў і студэнтаў адзначаны гімназіст Дзмітрый Ракашэвіч за даследчую работу “Па слядах Першай сусветнай вайны”. Нямала таленавітых рабят паспяхова заявілі пра сябе і школы, у якіх вучацца, на абласных і рэспубліканскіх конкурсах, фестывалях, навукова-практычных канферэнцыях, спартыўных спаборніцтвах – заканамерны вынік зацікаўленасці педагогаў, выкарыстання імі ў навучанні новых метадычных распрацовак і аўтарскіх праграм.

Разам з тым адзначана, што ў раёне не наладжана на належным узроўні падрыхтоўка да прадметных алімпіяд. Часам прысутнічае фармалізм у распрацоўцы індывідуальных праграм у рабоце з адоранымі дзецьмі па канкрэтных прадметах вучэбнага плана, не забяспячваецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне такіх рабят. Не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца магчымасці факультатыўных заняткаў як эфектыўнай формы работы па вывучэнні прадмета на павышаным узроўні. Адна з важнейшых умоў паспяховай работы – высокая прафесіянальная тэарэтычная і метадычная падрыхтоўка кадраў. Але з больш чым 800 педагогаў раёна толькі 28 працэнтаў маюць вышэйшую атэстацыйную катэгорыю, а за 2 апошнія гады толькі настаўніцы пачатковых класаў СШ № 2 Алена Кісель і Іна Маневіч здалі экзамен на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Яшчэ 5 педагогаў яе пацвердзілі. Як адзначыла Святлана Якубоўская, адміністрацыі ўстаноў адукацыі недастаткова выкарыстоўваюць магчымасці маральнага і матэрыяльнага стымулявання для заахвочвання прафесійнага росту педагогаў.

Паспяхова спрацавалі ў мінулым навучальным годзе інавацыйныя пляцоўкі ў гімназіі, дзіцячых садах № 1 і № 3.

З 2014/2015 навучальнага года СШ № 2 стане рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай пілотнага праекта па тэме “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванага на выбар выпускнікамі школ педагагічных спецыяльнасцей”.

Сваімі напрацоўкамі і бачаннем справы падзяліліся прадстаўнікі педагагічных калектываў.

Адзначаны вопыт супрацоўніцтва школ і базавых прадпрыемстваў-шэфаў. У якасці станоўчага прыкладу ўзгадваліся, у прыватнасці, СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы”.

— Ад мудрасці настаўніка, яго педагагічнага таленту, вытрымкі і тактоўнасці, мабільнасці і творчага пошуку залежыць, якім будзе заўтра нашай краіны. Сваім прыкладам педагог выхоўвае і вучыць падрастаючае пакаленне. Таму трэба, каб прыклад быў станоўчым, – з такім пажаданнем да педагогаў звярнуўся старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч .

З пачаткам новага навучальнага года ляхавіцкіх педагогаў шчыра павіншаваў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Ціханчук. Шмат настаўнікаў, выхавальнікаў атрымалі граматы і падзячныя пісьмы Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі аблвыканкама, райвыканкама і райсавета, прафсаюзных камітэтаў.

На жнівеньскім педсавеце падведзены вынікі і адзначаны пераможцы раённага спаборніцтва сярод устаноў адукацыі Ляхавіччыны за 2013/2014 навучальны год. Сертыфікаты пераможцаў і грашовыя прэміі атрымалі СШ№2, гімназія, Жарабковіцкая СШ, дзіцячыя сады № 1 і № 3, Начаўскі.

Пераможцамі конкурса на лепшы праект і яго рэалізацыю па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі сталі Галаўнінскі д/с, СШ № 2, гімназія, дзіцячыя сады № 2 і Тухавіцкі.

Запамінальным акордам свята стала багатая на сюрпрызы канцэртная праграма.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Да дырэктара адзінага ў раёне аздараўленчага лагера «Чайка» Надзеі Патапчык – увага асаблівая

Дырэктар СШ № 2 Людміла Паўлоўская (першая справа) і яе намеснікі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *