На «зебры» і далей. «ЛВ» пацікавіўся ў землякоў , як зрабіць дарогі больш бяспечнымі

У снежні мінулага года суд Ляхавіцкага раёна ўпершыню канфіскаваў у даход дзяржавы легкавы аўтамабіль, пры гэтым яго ўладальнік быў на год абмежаваны ў волі і пазбаўлены права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў тэрмінам на 5 гадоў. Да таго ж яму быў прызначаны штраф у памеры 39 мільёнаў рублёў за паўторнае на працягу года кіраванне аўтамашынай у стане алкагольнага ап’янення. Хочацца верыць, што судовы працэс, на які былі запрошаны і некаторыя з правапарушальнікаў (вадзіцелі, затрыманыя аўтаінспектарамі за “нецвярозую” язду), стаў для многіх своеасаблівай навукай.

Тым не менш, сёлета за 8 месяцаў затрыманы 88 нецвярозых вадзіцеляў. За  перавышэнне дазволенай скорасці  да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 1934 вадзіцелі, за парушэнне ПДР­ – ­915 пешаходаў.

З 28 ліпеня ў рэспубліцы  чарговы раз стала больш жорсткай адказнасць за парушэнне правілаў дарожнага руху. У тым ліку — за перавышэнне скорасці, зафіксаванае спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме. Штрафы, дарэчы, будуць адрознівацца ад тых, што накладаюцца за парушэнні, якія фіксуе супрацоўнік ДАІ.

У адпаведнасці з папраўкамі, з’явіліся штрафы і за “пагоню”.  Ігнараванне вадзіцелем патрабаванняў супрацоўніка ДАІ аб спыненні цяпер караецца штрафам ад 2 да 8 БВ, неаднаразовае наўмыснае непадпарадкаванне патрабаванням аб спыненні пагражае штрафам ад 3 да 10 БВ або пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам на тэрмін  да 6 месяцаў. Закон замацаваў адказнасць уласніка транспартнага сродку (а не вадзіцеля) за парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі, зафіксаваныя ў аўтаматычным рэжыме.

Усе ведаюць, што парушэнне правілаў дарожнага руху  да дабра не даводзіць. Але амаль кожны з нас хоць раз у недазволеным месцы  перайшоў вуліцу, перавысіў скорасць…

“ЛВ” спытаў у землякоў, што  неабходна, каб  і пешаходы, і вадзіцелі  выконвалі правілы дарожнага руху?

Ніна БУЛАТАЯ, жыхарка аграгарадка Жарабковічы:

– Нягледзячы на 17-гадовы вадзіцельскі стаж, заўсёды лічу транспартны сродак вельмі небяспечным. І як вадзіцель, і як пешаход правілы дарожнага руху выконваю строга. Не разумею маці, што пераходзіць вуліцу з каляскай, а ў вушах у яе навушнікі. Пра якую  пільнасць і ўважлівасць тут можна гаварыць? Толькі асцярожнасць, высокая дысцыплінаванасць кожнага з удзельнікаў дарожнага руху забяспечаць парадак  на праезнай частцы.

Яўгеній БЕЦЬКА, наладчык абсталявання завода “Металапластмас”:

– Праблема ў тым, што зараз усе кудысьці спяшаюцца. Дзіця нечакана выбягае на дарогу, вадзіцель імчыць на вялікай скорасці, пры гэтым размаўляе па тэлефоне. Лічу, што з першых крокаў жыцця малых трэба вучыць азам бяспекі, пастаянна на гэта звяртаць увагу. І самім паказваць толькі станоўчы прыклад.

Леанід ДУБІНА, брыгадзір паляводчай брыгады СВК “Ляхавіцкі”:

— Бывае, што з-за бесклапотнасці пешахода пакутуе вадзіцель. Першыя часта ведаюць свае  правы, а не  абавязкі. Дысцыпліна і адказнасць усіх удзельнікаў дарожнага руху – галоўная ўмова бяспекі. Дзейсным “выхаваўчым” сродкам з’яўляецца для многіх штраф.

Фёдар ШПАК, вадзіцель аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

– 30 гадоў за рулём. Мае пасажыры – дзеці. Гэтым усё сказана. Веданне і выкананне правілаў­ лічу  залогам  бяспекі і вадзіцеляў, і пешаходаў. Тым больш, што колькасць аўтамабіляў на нашых дарогах штогод павялічваецца. Акрамя страху перад штрафам павінна быць  адказнасці за свае паводзіны на дарозе. А яна выхоўваецца не толькі ў аўташколах, але і ў кожнай сям’і.

Здараюцца аварыйныя сітуацыі на дарогах і з-за невялікага вадзіцельскага вопыту. Павелічэнне тэрміну практычнага навучання ваджэнню ў аўташколах  спрыяла б адпрацоўцы навыкаў ваджэння.

Юрый МАЛЕВІЧ, начальнік АДАІ РАУС:

– Нізкая дысцыпліна ­– галоўная прычына большасці ДТЗ.

Калі намаляваць агульны “партрэт” сучаснага дарожнага парушальніка, гэта будзе малады чалавек да 30 гадоў. Часцей за ўсё ў стане алкагольнага ап’янення, не пазначаны святлоадбівальнымі элементамі.

Для бяспекі неабходны, у першую чаргу,  усведамленне адказнасці за свае ўчынкі і ўзаемапаважлівыя адносіны ўдзельнікаў руху. Мае значэнне і памер штрафу. Менавіта ён прымушае некаторых вадзіцеляў прызадумацца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *