У Люсіна да Коласа. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах сустракаліся прадстаўнікі СМІ Брэстчыны

На Алеі пісьменства

Жураўліны край, пачатак беларускага Палесся. Так называюць гэты куточак Брэстчыны, багаты не толькі на цікавых людзей, таленты, але і на паданні, на старажытныя абрады, на гісторыі і легенды. У гэтым пераканаліся падчас абласнога семінара прадстаўнікі СМІ Брэстчыны, якіх Ганцавічы прымалі напрыканцы жніўня — напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Арганізатарамі сустрэчы выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з Брэсцкай абласной арганізацыяй ГА “Беларускі саюз журналістаў”.

У раённай бібліятэцы

Сустрэча пачалася экскурсіяй па Алеі пісьменства. Тры гады мінула з таго часу, як райцэнтр быў сталіцай Дня беларускага пісьменства. Менавіта ў гонар гэтай падзеі і нарадзілася алея – ушанаванне знакамітых землякоў-літаратараў. Пачэснае месца тут займае помнік народнаму песняру Якубу Коласу, чый лёс звязаны з ганцавіцкай зямлёй. Ёсць тут і арыгінальныя памятныя дошкі з прозвішчамі тутэйшых паэтаў і пісьменнікаў: Аляксандра Сержпутоўскага, Васіля Праскурава, Міхася Рудкоўскага, Віктара Гар-дзея, Уладзіміра Марука, Івана Кірэйчыка, Алеся Каско, Івана Лагвіновіча.

Працягам знаёмства з Ганцавічамі стала наведванне раённай бібліятэкі, якая носіць імя былога рэдактара газеты “Савецкае Палессе” Васіля Праскурава, яму тут прысвечана асобная экспазіцыя.

У краязнаўчым музеі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ала Занько была кампетэнтным і эрудыраваным гідам па раёне

У палескай глыбінцы ўсё прасякнута пашанай да вялікага класіка Якуба Коласа. Да 120-годдзя з дня яго нараджэння расчыніў дзверы ў драўляным асабняку па вуліцы Заслонава краязнаўчы музей, фонды якога сёння налічваюць больш за 5 тысяч экспанатаў. Тут ёсць нават насценны гадзіннік, падораны асабіста імператарам Аляксандрам III за добрую працу майстру чыгуначнай станцыі Малькавічы Кліменту Крупенічу.

За межамі раёна шырока вядомы літаратурна- этнаграфічны музей імя Якуба Коласа, які дзейнічае ў Люсінскім дзіцячым садзе - школе

Люсіна ­– вёска, дзе пачынаў сваю педагагічную дзейнасць Канстанцін Міцкевіч. На месцы старой школы знаходзіцца памятны знак, прысвечаны аўтару трылогіі “На ростанях”. За межамі раёна шырока вядомы коласаўскі літаратурна- этнаграфічны музей, які дзейнічае ў Люсінскім дзіцячым садзе-школе.

У музеі

Прырода тут чароўная, непаўторная. Кожная мясціна з гісторыяй. У вёсцы Вялікія Круговічы размяшчалася сядзіба аднаго са старажытных беларускіх родаў – Абуховічаў. Сама сядзіба згарэла ў 1964 годзе, але захаваўся парк плошчай каля 3 гектараў. Тут “жыве” асілак-дуб, узрост якога больш за 7 стагоддзяў. Шасцёра чалавек разам ледзь могуць абхапіць яго. Побач ля волата “прыпыніўся” і госць з ледніковага перыяду – вялікі валун. Каля гэтых старажытных “жыхароў” ладзяцца святы, напрыклад, гулялі вяселле па беларускіх абрадах, на якім маладыя былі ў нацыянальных касцюмах.

Дуб-асілак

Не даязджаючы некалькі кіламетраў да вёскі Будча, па дарозе на Дзяніскавічы, у лесе на дрэвах праглядаюць рознакаляровыя стужкі. Гэта Ізбійскі бор. Месца лічыцца святым, намоленым. Сюды штогод 28 жніўня ідуць людзі, каб малітоўна звярнуцца да Божай Маці. Расказваюць, быццам тут некалі стаяла невялікая царква ў гонар Прасвятой Багародзіцы, куды на Прачыстую збіралася ўсё духавенства акругі служыць малебен, а яшчэ што на гэтым месцы была знойдзена ікона Маці Божай. Тут жа бруілі гаючыя крыніцы. Таму і стаў бор месцам масавага паломніцтва.

Удзельнікаў творчай лятучкі захапілі тутэйшыя пейзажы, прыгожыя краявіды, дагледжаная аграсядзіба “55 кардон”. Захацелася яшчэ раз перачытаць коласаўскія творы, адчуць хараство душы яго герояў, многія з якіх жылі менавіта ў гэтым жураўліным краі — па-суседску з Ляхавічамі.

Удзельнікі лятучкі пабывалі і ў рэдакцыі «Савецкага Палесся».

Завяршыўся семінар “круглым сталом” з удзелам старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Аляксандра Саланевіча, на якім абмяркоўваліся пытанні творчага адлюстравання рэчаіснасці на старонках газет.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Возера "дзікае"

Сухімі галінамі глядзіць у неба сведка 300-гадовых падзей сасна, на якой заўсёды павязаныя рознакаляровыя стужкі

Просяць людзі ў “старой” збавення ад хвароб і бедаў

У Ізбійскім бары


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *