Каласы на фоне неба

ТАНДЭМ НАВУКІ І ПРАКТЫКІ

Паміж Ляхавічамі і Каменкай – доследнае поле аграрнага кале-джа. Нават калі ты далёкі ад сельскагаспадарчай вытворчасці, усё роўна заўважыш, якая прыгожая тут хлебная ніва: тугія густыя каласы і нідзе ніводнага каліва пустазелля, ні метра палегліцы. Як расказаў загадчык вучэбна-доследнага поля Сяргей Тарлюк, вырошчвалі зерне на 105 гектарах з поўным захаваннем усіх тэхналагічных норм і правіл. Сяўба – у лепшыя тэрміны, пасевы былі апрацаваны гербіцыдамі, праведзены падкормкі. Сачылі, каб не спаз-ніцца з уборкай, каб сабраць усё да зярняці. Тым больш, як задаволена адзначыў галоўны інжынер вучнёўскай гаспадаркі Валерый Юрчык, сёлета ўбірае ўраджай новы камбайн. Першыя два дні ён шчыраваў у ЗАТ “Белпрам-прыбор”, дзе экіпаж намалаціў 150 тон збожжа. Вось-вось дажнуць хлопцы хлеб і ў сваёй гаспадарцы. Потым рушаць ў СВК “Жарабковічы” прымнажаць свой відавочны поспех: у агракаледжы самая высокая ў раёне ўраджайнасць зерневых – 62 цэнтнеры з гектара!

Каб сабраць і захаваць такі добры ўраджай, сёння тут працуюць і навучэнцы, і работнікі – хто на полі, хто на зернетаку. А практыкант Яўгеній Аўдзей на трактары з прыстасаванай бочкай для вады ( на ўсякі пажарны выпадак) курсіруе па ўборачных плошчах. Адразу ж прэс-падборшчык цюкуе салому, якая звозіцца і складзіруецца на захоўванне.
Вось што значыць — навука і практыка крочаць у адным накірунку!

ПА-ПЕРШАЕ,
ДЗЯРЖАЎНЫ
ЗАКАЗ

Зразумела, канюхоўскія аб’ёмы ўборачных работ ніяк не параўнаць з аб’ёмамі буйнамаштабных сельгаспрадпрыемстваў. Аднак, для гэтай невялічкай гаспадаркі 470 гектараў зерневых і зернебабовых культур – даволі сур’ёзная нагрузка на 2 камбайны КЗС-10 ”Палессе”, якія тут ёсць у наяўнасці. Трэці, старэнькі “Дон”, падладзілі і адправілі на дапрацоўку льновораху: у СВК ”Канюхі” сёлета пасеяна 120 гектараў даўгунцу. І вось што значыць умела размеркаваць сілы: сельгаскааператыў ужо ўбраў большую частку сваёй хлебнай нівы пры ўраджайнасці 34,7 цэнтнера зерня з гектара.
Адразу ўзяліся за выкананне дзяржзаказу па продажы хлеба. Пшаніца даводзіцца да патрэбнага стандарту, правяраецца ў лабараторыі на адпаведнасць усім патрабаванням піваварны ячмень. Усяго плануецца адправіць у засекі дзяржавы 410 тон пшаніцы і 110 – піваварнага ячменю.

Як і ўсюды ў гэты час, у Канюхах захапляючы жніўны малюнак: адна за другой пад’язджаюць на зерняток машыны, гружаныя зернем, паток яго здаецца бясконцым. Шафёры Іван Качан, Аляксандр Страмавус, Мікалай Лойка стараюцца доўга не затрымлівацца – імчаць за новым грузам. На зернетаку завіхаюцца Святлана Юруць, Ала Сіліцкая, Уладзімір Зайчанка. Іх справа – кантроль за дасушваннем зерня і яго складзіраванне. Адказная справа ў машыністаў зернесушылкі: сёлета ў іх якасці працуюць муж і жонка Мікалай і Наталля Глазуновы, іх змяняюць Сяргей Расоха і Дзмітрый Багдановіч.
А за вёскай, як вокам кінуць, шуміць пад ветрыкам хлебная ніва. Камбайны Івана Шушаля і Ігара Чвыра, братоў Мікалая і Івана Байчыкаў бачны аж на самай лініі гарызонта. Круг – і зноў поўны бункер зерня…
ГАЛАЎНІНСКІЯ
СТАРАЦЕЛІ

Літаральна некалькі дзён мінула, як на хлебнае поле выйшлі камбайны, а сёння паабапал дарог замест каласістых ячменю, пшаніцы ці жыта ўецца пожня. Убраныя зерневыя вакол Шчэрбава і Галаўнінцаў, дабаўляюць залатой фарбы да агульнага пейзажу роўныя рады выцерабленага льну. У ЗАТ ”Белпрампрыбор” уборачныя работы ў поўным разгары. Сёлета сельгаспрадпрыемству належыць сабраць ураджай зерневых і зернебабовых культур з плошчы ў 918 гектараў. У загонку сталі 4 камбайны, за штурваламі якіх вопытныя механізатары, прафесіяналы. Дарэчы, іх у сельгаспрадпрыемстве 14. На жніве кожны з іх за гонар мае быць у ліку хлебных старацеляў. Напрыклад, загадчык мехмайстэрняў Юрый Рацэвіч сеў за штурвал камбай- на КЗС-10К і разам з камбайнерам Мікалаем Сокалам убірае зерне новага ўраджаю. Вывелі на палеткі свой КЗС-7 браты Уладзі-мір і Дзмітрый Саганы, якія таксама ўжо не першае лета шчыруюць на ўборцы і заўсёды працуюць з добрымі тэмпамі і беражліва – гэта ж хлеб! Аляксандр Сельмановіч і Яўгеній Памазанскі, Аляксандр Дубіна і Дзмітрый Патапчык – таксама асы ў хлебаробскай справе. А вось Мікалай Бярэзіч і Юрый Папчэня лічацца маладымі камбайнерамі, аднак яны сур’ёзна прэтэндуюць на званне лепшых. Каб не гэтыя хлопцы, то стаяць бы пад плотам і ржавець без усялякай карысці спісанаму “Дону”. Яны адрамантавалі камбайн, што, як засведчыў галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Хмарук, працуе сёння, “бы гадзіннік”. Пакуль намалацілі яны 104 тоны збожжа, але настроены на сур’ёзны вынік. Прыклад паказалі калегі з аграрнага каледжа і з СВК “Жарабковічы”. Сёлета прыехалі яны ў Галаўнінцы ўсяго на дзень, а паказалі майстар-клас. Сяргей Вашчылка і Максім Бортнік з аграрнага каледжа ў “Белпрампрыборы” зрабілі зажынкі на сваім зусім новенькім, які яшчэ пахне заводскай фарбай, КЗС-1218 – з кандыцыянерам, камфортнай кабінай. З дапамогай суседзяў у гэты дзень намалацілі 301 тону зерня. Вельмі стараліся! Нібы падначваў іх дождж: паліў у Стральцах, тады камбайнеры рушылі ў суседнія Малышы, дзе, як на дзіва, не ўпала ніводнай кроплі…

Не трацілі марна часу і вадзіцелі Аляксей Кулак, Валерый Вайцешык, Мікалай Бярэзіч, якія на сваіх магутных МАЗах так і снавалі: поле – зерняток. А там круглыя суткі на падвозцы і адвозцы збожжа заняты Пётр Слабкевіч, Аляксандр Сокал, Сяргей Аўсей. На сушылках пазменна шчыруюць Павел Страмавус і Вячаслаў Мішкевіч, які, дарэчы, і машыніст, а трэба – выканае работу высокакваліфікаванага зваршчыка.
Услед за камбайнамі арганізавана прасаванне і вываз саломы, складзіраванне ў сцірты. А там, дзе камбайны здрабняюць яе, пайшлі трактары з плугамі. Адно поле плошчай каля 30 гектараў ужо заарана.
Здаецца, што сёння ўсе ў Галаўнінцах працуюць на ўраджай, і калі некага няма непасрэдна ў полі, то ён дапамагае ўскосна на сваім рабочым месцы. Напрыклад, Святлана Зубік і Святлана Івановіч гатуюць смачныя абеды і падвячоркі для хлебаробаў, на пасту медыкі, работнікі, адказныя за тэхніку бяспекі, у тым ліку і пажарнай. Хлеб усяму галава.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *