Пінскі шлях. Сталіца Палесся на дзень стала яшчэ і хлебаробскай сталіцай /фота/

Актыўная сельскагаспадарчая пара будзе працягвацца яшчэ не тыдзень і не месяц. Да маразоў і снегу знойдзецца для аграрыя работа ў поле. У тым ліку і работа па зборы вырашчанага багацця: даспявае кукурузнае зерне, працягваюць расці і “цукравець” буракі, толькі-толькі пайшоў другі хлеб. А вось з хлебам першым завершана. І вельмі ўдала, з клічнікам, калі паспрабаваць надаць сказанаму нейкі вобраз.

Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014”, што сонечным суботнім днём прагучаў у Пінску, і стаў такім клічнікам, салютам у гонар хлебароба, у знак прызнання першачарговасці яго працы. Пінскаму шляху ляхавічан папярэднічала нястомная і як ніколі выніковая праца аграрыяў нашага раёна. Канкрэтнай ілюстрацыяй сказанаму з’яўляецца ўраджайнасць сярэдняга раённага гектара, які ў гэтым годзе заважыў больш як на 50 цэнтнераў зерня. Гросмайстарскі вынік, які ўсяго пару дзясяткаў кілаграмаў саступае лепшаму сярод раёнаў Берасцейшчыны.

Пра тое, куды трымаем маршрут, нагадвалі тэматычныя дэкарацыі за акном камфортнага аўтобуса яшчэ задоўга да канцавой кропкі маршрута, і чым бліжэй да сталіцы беларускага Палесся, тым больш настойліва і разнастайна. “Напісанае” цюкамі саломы слова “Дажынкі” на мяжы горада – гарманічнае прывітанне лепшым з лепшых у справе вырошчвання хлеба.

Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар сёлетнім берасцейскім збожжавым коласам задаволены.

Але гэта крыху пазней: для дэлегацыі Ляхавіччыны ў складзе пераможцаў і прызёраў у розных намінацыях аблспаборніцтва на ўборцы ўраджаю, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, кіраўніцтва раёна фестываль пачаўся за некалькі дзясяткаў кіламетраў да галоўнага пункта маршрута. На цэнтральнай сядзібе аднайменнага сельгаскааператыва ў аграгарадку Лыжча ляхавічан сустрэлі з палескім каларытам і гасціннасцю, з караваем, што быў уручаны старшыні райвыканкама Вячаславу Сельмановічу.

Аказваецца, у гэтай пінскай гаспадарцы нашых землякоў добра ведаюць. Па справе паляпшэння тамтэйшых зямель, якую ў Лыжчы пакінулі ляхавіцкія меліяратары.

Горад-прыгажун у любы час і пару года, Пінск фестывальны яшчэ больш падняўся над сабой у плане добраўпарадкаванасці вуліц, асобных тэрыторый. Сярод іншага і адметны факт — адкрыццё ў горадзе над Пінай у дзень “Дажынак” памятнага знака Хлебу. Першага ў вобласці і краіне. Надпіс на мармуровым пастаменце: “Хлеб. Жытнёвы. Пшанічны. Духмяны. Найвялікшае дзіва вякоў. Хлебаробам жыццёвага звання і пашана, і наша любоў”.

Пашану, любоў, павагу да хлебаробаў, што ў складзе дэлегацый сваіх раёнаў святочнай калонай прайшлі па цэнтры горада, пінчане, госці выказвалі на працягу ўсяго маршруту следавання. Прывітальныя словы, апладысменты, мноства адрасна накіраваных фотакамер.

Галоўная падзея дня – ушанаванне пераможцаў жніва – праходзіла на галоўнай плошчы горада. Звяртаючыся да прысутных, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар, у прыватнасці, сказаў: “Сёння тут, на палескай зямлі, мы адзначаем асноўнае свята хлебаробаў – абласныя “Дажынкі”… Галоўныя героі сённяшняга свята — нашы хлебаробы і ўсе, хто прымаў удзел у сёлетнім жніве, якое з’яўляецца вельмі важнай часткай не толькі эканамічнага развіцця краіны, кожнага раёна і гаспадаркі, але і жыцця беларусаў. Хлеб вырошчвалі нашы продкі, на павазе і любові выхоўвалі нас. А зараз мы вучым нашых дзяцей цаніць і паважаць цяжкую, але вельмі высокародную працу хлебаробаў… Сёлетняе жніво паказала, што дасягаць добрых вынікаў мы можам і ўмеем…” Кіраўнік вобласці адзначыў таксама, што ўборка была праведзена ў самыя кароткія тэрміны. Што ў гэтым годзе ўсё “сышлося”: надвор’е, шчодрасць палёў, высокі ўзровень арганізацыі работ. Як вынік, па вобласці сабрана 1 мільён 452 тысячы тон збожжа без уліку кукурузы, што не толькі на 385 тысяч тон перавышае леташні паказчык, але і на 83 тысячы тон большы, чым у рэкордным 2012 годзе, калі ўборачныя плошчы перавышалі сёлетнія амаль на 50 тысяч гектараў. У разліку на кожнага жыхара Брэстчыны намалочана 1 тона 46 кілаграмаў збожжа. У сярэднім па вобласці атрымана 41,5 цэнтнера збожжа з гектара і, тым самым, аналагічны мінулагодні паказчык аказаўся перавышаным на 10 цэнтнераў. ”Трэба адзначыць, што сярод раёнаў лідарства па ўраджайнасці з самага пачатку ўборкі трымалі хлебаробы Баранавіцкага раёна, і атрымалі збожжа па 50,6 цэнтнера з гектара…

Як заўсёды, на абласных “Дажынках” было шмат гасцей.

Больш як 50 цэнтнераў збожжа з гектара сабралі ў Ляхавіцкім раёне… Самая высокая ўраджайнасць у гаспадарцы “Агра-Кобрынскае” Кобрынскага раёна, дзе ў сярэднім з аднаго гектара сабралі 75,2 цэнтнера збожжа. Амаль да 70 цэнтнераў з гектара (69,5) наблізіліся у гаспадарцы “Ляхавіцкі” Ляхавіцкага раёна. У дзевяці гаспадарках ура- джайнасць перавысіла 60 цэнтнераў”, — адзначыў кіраўнік вобласці. Прыемна, што першымі з ліку гэтых дзевяці былі названы нашы СВК “Жарабковічы” і “Шлях новы”. Напрыканцы свайго выступлення губернатар яшчэ раз падзякаваў усім хлебаробам – за працу і хлеб, за ўкладзеныя ў абласны каравай сілы і цярпенне, за любоў і адданасць сваёй зямлі.

Узнагароды атрымалі лепшыя з лепшых.

Пераможцамі абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых прызнаны: сярод галоўных аграномаў сельгасарганізацый, валавы збор збожжа якіх перавышае 7 тысяч тон, – галоўны аграном СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Шымкевіч; сярод маладзёжных экіпажаў камбайнаў – старшы камбайнер СВК “Шлях новы” Васілій Шадура; сярод машыністаў зернесушыльных комплексаў – машыніст ЗСК СВК “Жарабковічы” Тадэвуш Смычкоўскі.

Старшы камбайнер ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” Андрэй Юруць стаў другім у абласным спаборніцтве сярод экіпажаў камбайнаў; такое ж месца сярод маладзёжных экіпажаў прысу-джана старшаму камбайнеру ЗТАА “БелДан” Максіму Горбіку; сярод машыністаў зернесушыльных комплексаў – машыністу ЗСК СВК “Жарабковічы” Сяргею Тарандзе; сярод маладых вадзіцеляў – вадзіцелю СВК “Ляхавіцкі” Андрэю Жэрка.

Трэцім у абласным спаборніцтве камбайнавых экіпажаў выйшаў старшы камбайнер СВК “Жарабковічы” Сяргей Салагуб; сярод маладых вадзіцеляў – вадзіцель ЗАТ “Белпрампрыбор” Пётр Слабкевіч.

Старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко на галоўную пляцоўку “Дажынак” падымаўся двойчы: каб атрымаць з рук намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пятра Пракаповіча Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і за Дыпломам І ступені абкама прафсаюза работнікаў АПК за забеспячэнне належных сацыяльна-бытавых умоў удзельнікам уборкі ўраджаю. Разам з кіраўніком гэтую перамогу раздзяліла старшыня прафкама гаспадаркі Валянціна Герасімовіч.

З Ганаровай граматай Мінсельгасхарчу вярнуўся з “Дажынак” галоўны аграном СВК “Шлях новы” Аляксандр Рамейка.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Дэлегацыя Ляхавіцкага раёна ў фестывальным Пінску.

Праца старшыні СВК “Ляхавіцкі” Аляксандра Вітко адзначана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

Старшы камбайнер СВК “Шлях новы” Васілій Шадура

Галоўны аграном СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Шымкевіч.

Машыніст ЗСК СВК “Жарабковічы” Тадэвуш Смычкоўскі.

Старшы камбайнер ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” Андрэй Юруць і старшы камбайнер СВК “Жарабковічы” Сяргей Салагуб.

Старшы камбайнер ЗТАА “БелДан” Максім Горбік.

Вадзіцелі СВК “Ляхавіцкі” і ЗАТ “Белпрампрыбор” Андрэй Жэрка і Пётр Слабкевіч.

Машыніст ЗСК СВК “Жарабковічы” Сяргей Таранда.

Галоўны аграном СВК “Шлях новы” Аляксандр Рамейка.

У гэты дзень у Пінску быў адкрыты памятны знак хлебу.

Андрэй Цямчык на сцэне абласных "Дажынак-2014"

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *