За ваколіцай жыта клоніцца. Жарабковіцкі каравай аказаўся важкім, духмяным, прыгожым

Лепшыя камбайнеры Міхаіл Кандыба і Ігар Літвіновіч.

Бяскрайні прастор хлебнай нівы, прыгажосць, багацце – каласы буйныя, поўныя моцных зярнят. Радасна, светла на душы –  будзем з хлебам! З аптымізмам, новымі спадзяваннямі пачыналі зажынаць хлебаробы СВК “Жарабковічы”. Ім належала ўбраць 3750 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, якія і сёлета абяцалі важкія намалоты. Натхнялі і маштабы ўборачных плошчаў: будзе дзе размахнуцца магутнаму тэхатраду і паказаць майстар-клас. На хлебную ніву выйшлі адразу 18 камбайнаў. У складзе  экіпажаў – падрыхтаваныя, вопытныя хлебаробы, якія самааддана ўключыліся ў работу. Сказаць, што кожным кіравала жаданне быць лепшым у спаборніцтве,  недакладна (хоць гэты фактар, несумненна, прысутнічаў). Хутчэй за ўсё, сваё ўзялі хлебаробская жылка, адказнасць за хлеб надзённы, над якім шчыравалі ўсе працаўнікі сельгаскааператыва. Таму і тэхнічныя непаладкі выпраўляліся надзвычай хутка,  і не была перашкодай (а хутчэй спрыяла) спёка, якая стаяла ў час жніва.

Адразу выйшлі ў лідары бацька і сын Салагубы, амаль не адставалі ад іх Міхаіл Кандыба і Ігар Літвіновіч. Здавалася, імгненна напаўняецца бункер камбайна, на якім працавалі Юрый Панфіла і Аляксандр Ленкавец. Глядзелі на вопытнейшых, але і самі не марнавалі часу маладзёжныя экіпажы Сяргея Бурака і Аляксандра Жука, Георгія Жука і Дзмітрыя Лук’янчыка. Наогул, стараліся ўсе.

Вадзіцелі Віктар Клемяня і Міхаіл Праневіч.

Неўзабаве лідары з’явіліся і сярод вадзіцеляў, якія адвозілі збожжа на зернетокі. МАЗы бесперапынна хадзілі па наезджаных дарогах, але, здавалася, найчасцей траплялі на вочы тыя, якімі кіравалі Віктар Клемяня, Міхаіл Праневіч і, асабліва, Мікалай Лойка. На адвозцы збожжа быў задзейнічаны 21 аўтамабіль, і за рулём кожнага — надзейныя вадзіцелі, якія перавезлі ўвесь валавы намалот – амаль 23 тысячы тон. Роўна столькі прайшло і праз зернеачышчальна-сушыльныя комплексы, на якіх шчыравалі 2 звяны аператараў. Ім таксама дапамагала сёлета надвор’е: устаноўкі М-819 у асноўным чысцілі збожжа, а сонца яго дасушвала.

Жарабковіцкі каравай аказаўся важкім, духмяным, прыгожым. Пашана тым, хто яго здабываў! На абласным фестывалі працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014” ушаноўвалі старшага камбайнера Сяргея Салагуба, які па выніках жніва аказаўся трэцім у абласным спаборніцтве. Аператары зернеачышчальна-сушыльных комплексаў Тадэвуш Смычкоўскі і Сяргей Таранда таксама сталі лепшымі на Брэстчыне, заняўшы адпаведна першае і другое месцы. І ў раённым спаборніцтве многія лідзіруючыя пазіцыі ў хлебаробаў СВК “Жарабковічы”.

Старшыня сельгаскааператыва Віталій Бусько па выніках жніва шчыра дзякаваў усім, хто працаваў, каб з кожнага гектара атрымаць амаль па 65,8 цэнтнераў збожжа і зернебабовых культур.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На зернятаку працаваў і Андрэй Свінабурка.

Старшы камбайнер Генадзій Калбаса і камбайнер Віктар Буцько

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *