Перспектыўны маштаб з вынікам. СВК “Шлях новы” сёлетняе жніво пачынала ва ўзбуйненым фармаце

Міхаіл Дзядовіч і Яўгеній Камінскі: молада –не зелена!

Мусіць, самае вялікае сельгаспрадпрыемства Ляхавіччыны — СВК “Шлях новы” — сёлетняе жніво пачало зноў ва ўзбуйненым фармаце, на гэты раз  з далучаным да яго СВК “Дарава”. Такое стратэгічнае пашырэнне не перашкодзіла і сяўбу  збожжавых на 3033 гектарах правесці ў тэрміны. На высокім узроўні была арганізавана і падрыхтоўка да адказнейшай уборачнай кампаніі. Гатоўнасць тэхнікі — 100-працэнтная. І гэты пры тым, што тутэйшы  машынна-трактарны парк налічвае больш за 300 адзінак. На жніве былі задзейнічаны 15 экіпажаў камбайнаў, 30 вадзіцеляў перавозілі збожжа.

І хоць надвор’е сёлета надзвычай спрыяла аграрыям, 5 зернесушыльных комплексаў гаспадаркі працавалі бесперапынна. Сярод лепшых машыністаў ЗСК —  Іван Гарасюк і Сяргей Цупа, Уладзімір Кандыбовіч і Аляксандр Страшук. Дарэчы, як паведамілі ў райсельгасхарчы, на наступны год у СВК плануюць пабудаваць яшчэ адзін ЗСК у Дараве.

Старанна, надзейна, адказна  — так і толькі так дзейнічалі на полі экіпажы. Раўняліся ўсе на бясспрэчных лідараў, якія задавалі тон не толькі ў сельгаскааператыве, але і  ў раёне — Генадзія Місько і Уладзіміра Махнача, Васілія Шадуру і Максіма Люкіша. Дарэчы, экіпаж Місько–Махнача – адзіны ў раёне, які намалаціў больш за 2 тысячы тон збожжа.

Генадзій Місько і Уладзімір Махнач сярод лепшых камбайнераў.

Можна бясконца глядзець, як залатой ракой сыплецца збожжа з камбайнаў у кузаў машыны. Але не да любавання ўдзельнікам жніва, у тым ліку і вадзіцелям. Дарагая кожная хвіліна. Іх задача:  без страт і хутка  даставіць  новы ўраджай на ЗСК, у зернесховішча, на хлебапрыёмныя пункты. Стараліся ўсе. Але на раённай Дошцы гонару былі лепшыя з лепшых — такія, як Мікалай Царык, Дзмітрый Анціпенка.

Сёлетняе жніво для  механізатара гаспадаркі Васілія Шадуры  шостае.  Але асаблівае,  пераможнае. Гэта яго, як лепшага з лепшых, пераможцу абласнога спаборніцтва сярод мала-дзёжных экіпажаў, ушаноўвалі на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2014” у Пінску.  А галоўнаму аграному “Шляху новага” Аляксандру Рамейку ўручана Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

За шчырую самаадданую працу – адпаведна і важкі заробак. Але акрамя зарплаты ў “Шляху новым” для перадавікоў прадугледжана і іншае матэрыяльнае заахвочванне. Прама ў полі разам з віншаваннямі і падарункамі тысячнікі і двухтысячнікі атрымлівалі прэміі. Сёлета больш за тысячу тон збожжа намалацілі 13 экіпажаў гаспадаркі. Вадзіцель Мікалай Царык перавёз 3 тысячы тон зерня новага ўраджаю.

Работнікі мясцовай сталовай стараліся для ўдзельнікаў уборачнай гатаваць самыя смачныя абеды. Штодзённае двухразовае гарачае харчаванне — за кошт СВК.  І хоць на некалькі хвілін, але абавязкова на кожным участку, дзе ішло жніво, пабывалі з міні-канцэртамі ўдзельнікі народнага клуба песні, гумару, гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК.

Мікалай Царык перавёз 3 тысячы тон збожжа.

—Руплівая, зладжаная праца, захаванне тэхналогіі і агратэхнікі, якаснае насенне, выдатнае надвор’е паспрыялі таму, што наша гаспадарка атрымала ў сярэднім з гектара 65,1 цэнтнера збожжа — на 20 цэнтнераў больш, чым на жніве-2013. Дзякуй усім за дастойную працу! — гаворыць старшыня СВК “Шлях новы” Аляксандр Вашчук. Ён з удзячнасцю прыгадвае і тое, што гэтым летам на зернетаках, складах працавалі каля 40 школьнікаў. СВК —  адзін з лідараў па выхадзе збожжа на бала-гектар — 202 кілаграмы.

Сельгаскааператыў паспяхова выканаў і заданне па продажы хлеба дзяржаве – у рэспубліканскія засекі засыпана 3679 тон збожжа.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *