Са знакам якасці. Не інакш. Жніво выставіла ацэнкі

Радасна за раён, за хлебаробаў: сёлета мы сабралі выдатны ўраджай зерня, перавысілі леташні паказчык і нават 2012 года, які лічыўся самым багатым у гісторыі Ляхавіччыны. Валавы раённы збор склаў 80265 тон пры ўраджайнасці 50,3 цэнтнера з гектара, што вышэй мінулагодняй на 12,5. Тыдзень назад пры ўшанаванні лепшых хлебаробаў Брэстчыны не аднойчы гучалі прозвішчы ляхавічан і на сцэну абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2014” у Пінску падымаліся за заслужанымі ўзнагародамі нашы слаўныя землякі. Па працы – пашана. Ганарымся і віншуем!

Жніво выставіла рэальныя ацэнкі арганізатарскім здольнасцям кіраўнікоў гаспадарак і спецыялістаў, праверыла прафесіянальнае майстэрства механізатараў і надзейнасць уборачнай тэхнікі. Ацэнкі гэтыя пераважна высокія. Уборка хлеба ў нашым раёне прайшла на дастаткова высокім арганізацыйна-тэхнічным узроўні. Шчыравалі ўсе – ад кіраўніка да непасрэдных удзельнікаў жніва, якія ў гарачыні сёлетняга лета ўбіралі, перавозілі і сушылі здабыты нялёгкай працай ураджай.

Асабліва адзначу ўклад у агульны каравай раёна, які ўнеслі хлебаробы сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, “Жарабковічы”, дзяржаўнага прадпрыемства “Нача”. Дзве трэція гэтага караваю (66 працэнтаў) – іх доля! Яны поўнасцю выканалі і дзяржаўны заказ па продажы збожжа.

Несправядліва было б не сказаць пра заслугі тых гаспадарак раёна, бальнасць урадлівасць глебы якіх значна меншая, чым у перадавікоў. Маю на ўвазе найперш ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, ЗТАА “БелДан”.

“Белпрампрыбор” сёлета намалаціў 4461 тону зерня пры сярэдняй ураджайнасці 47,6 цэнтнера з гектара, прыплюсаваў да мінулагодняй 13,6. На асобных участках трыцікале парадавала 60-цю цэнтнерамі з гектара.

У “БелДане” валавы намалот зерневых дасягнуў 5123 тоны – значна вышэй паказчыка ўсіх папярэдніх “белданаўскіх” гадоў. Сярэдняя ўраджайнасць перавысіла леташнюю на 17,4 цэнтнера з гектара і трохі не дацягнула да 40.

Ушчыльную наблізіўся да 10000 тон зерневы каравай райаграсэрвіса (дакладна ён склаў 9865 тон зерневых і зернебабовых) пры сярэдняй ураджайнасці 40 цэнтнераў з гектара. А стаўленне кіраўніцтва таварыства да рэалізацыі зерня дзяржаве сведчыць пра свядомасць і дысцыпліну.

Дарэчы, хлебаробы райаграсэрвісу, “Белпрампрыбора” і “БелДана” Андрэй Юруць, Пётр Слабкевіч, Максім Горбік у ліку лепшых землякоў-хлебаробаў дастойна прадставілі наш раён на абласных дажынках у Пінску.

Жніво даўно закончана, але гучаць словы ўдзячнасці ўсім тым, хто быў у адказе за ўраджай: хто рыхтаваў глебу, сеяў, даглядаў і, канешне, убіраў наша галоўнае багацце. Нездарма і вельмі сімвалічна: на абласных дажынках у Пінску адкрыты першы ў краіне помнік хлебу.

Ірына СТРАМАВУС,

намеснік начальніка

райсельгасхарчу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *