Шлях да хлеба

Кожны раз як заўсёды. Кожны раз бы ўпершыню. Спрадвечная хлебаробская справа. Жніво – гэта вяршыня, шлях да якой доўжыцца месяцамі, вымяраецца не кіламетрамі, а працай, руплівасцю, цярпеннем, стараннасцю. І, канешне, навуковым падыходам – як таго патрабуюць сённяшнія тэхналогіі. Кожны хлебароб павінен быць прафесарам у сваёй справе. Толькі тады колас атрымаецца запраграмавана важкім, ураджай – багатым, засекі – паўнюткімі.

…Няма нічога смачнейшага, чым луста свежага хлеба з печы. Праўда, апошняя акалічнасць сёння набліжана да экзотыкі. Частуюць нас галоўным прадуктам заводскія хлебапёкі, але па-ранейшаму, мусіць, на генетычным узроўні, закладзена асалода ад хлебнага водару. Дзякуй за самую смачную са страў, чалавек, які вырошчвае хлеб!

Традыцыйна ўборачная пачынаецца зажынкамі. І зусім не лішнімі з’яўляюцца і народная песня над хлебным полем, і жанкі ў нацыянальным убранні, і сярпы ў іх руках. Хутка пасля гэтага абраду загудуць магутныя камбайны. Поле-дарога-зерняток – асноўны маршрут жніва. Убраць да зярнятка, беражліва даставіць да пункта прызначэння, скарыстаць кожную спрыяльную хвіліну для ўборкі. Простыя і адначасова складаныя задачы тэлеграфным стылем, які нібы падкрэслівае: час на вагу золата. Абед па раскладе, але расслабіцца нельга: жніво. І гэтым усё сказана.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *