Хлебароб – гэта гучыць! Свята хлебаробаў “Дажынкі” ў раённым фармаце прайшло ў аграгарадку Русінавічы ў мінулую суботу.

Каравай з мукі новага ўраджаю ўручаны старшыні райвыканкама Вячаславу Сельмановічу.

Свята хлебаробаў “Дажынкі” ў раённым фармаце прайшло ў аграгарадку Русінавічы ў мінулую суботу. Сёлета Ляхавіччына мае важкі каравай – 80265 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 50,3 цэнтнера з гектара. А ў неаднаразовага пераможцы рэспубліканскіх, абласных і раённых спаборніцтваў на ўборцы збожжавых і зернебабовых СВК “Ляхавіцкім” яна адпаведна 69,5 цэнтнера на круг. Гаспадарка стала пераможцай на жніве-2014 у раёне. Дзе ж яшчэ было святкаваць дыжынкі як не тут?!

Старшыня “Ляхавіцкага” Аляксандр Вітко пра поспехі гаворыць сціпла, хаця гаспадарка адна з лепшых у вобласці і па ўраджайнасці, і па намалотах, і па выхадзе зерня на бала-гектар. Тое, што сёлета ўдалося сабраць значна больш, чым у мінулым годзе, Аляксандр Іванавіч лічыць заслугай усяго калектыву: “Паўсядзённая работа – гэта не подзвіг. Працуем без аўралаў. У добрым выніку заслуга кожнага нашага працаўніка. Ніхто не адседжваўся, працавалі дружна, адной камандай”.

Сёлетніх віноўнікаў урачыстасцей ў Русінавічах можна было ўбачыць здалёк, дзякуючы стужкам з надпісам “Пераможца”. Для загадчыка майстэрняў СВК “Жарабковічы” Георгія Жука жніво-2014 другое ў працоўнай біяграфіі ў якасці старшага камбайнера. І на гэты раз пераможнае – ён заняў другое месца сярод маладзёжных экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў: “Уборка праляцела як адно імгненне. Дакладна ведаў : трэба працаваць хутка, якасна. Памочнік у мяне быў надзейны — Дзмітрый Лук’янчык. Работа спорылася і таму, што дома чакалі жонка і маленькі сын Захар”.

Дэлегацыя СВК “Ляхавіцкі”.

А вось для вадзіцеля СВК “Шлях новы” Дзмітрыя Анціпенкі быць перадавіком увайшло ў звычку. Ён неаднойчы быў першым у спаборніцтвах рознага ўзроўню як малады вадзіцель. А ў гэтым сезоне стаў пераможцам у раёне сярод “дарослых”: “Усё склалася як нельга лепш: пасеялі своечасова, збожжа ўрадзіла на славу, надвор’е не падвяло, хаця і спякотна было ў машыне. Лічу, што 3 тысячы тон перавезенага мною зерня не мяжа. У наступным годзе паспрабую пабіць уласны рэкорд”, – гаворыць Дзмітрый.

У гэты вераснёўскі дзень нават сама прырода, якая так паспрыяла і падчас жніва, падарыла ляхавіцкім рупліўцам выдатнае надвор’е, нібы вярнула ў лета.

Вось яно, урачыстае шэсце галоўных герояў, рупліўцаў зямлі ляхавіцкай! Як і належыць, у першых радах героі-перадавікі, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Святочная калона прайшла перад гасцямі фестывалю, якія шчыра віталі лепшых хлебаробаў. Кульмінацыя свята разварочвалася на сцэне СДК.

Як сімвал багацця і працвітання Ляхавіччыны прыгожы каравай, спечаны з мукі новага ўраджаю, быў уручаны старшыні райвыканкама Вячаславу Сельмановічу. Не менш прыгожы атрымаў і гасцінны гаспадар — Аляксандр Вітко.

Дэлегацыя СВК “Шлях новы”.

“Наша зямля славіцца шчырымі, працавітымі, таленавітымі людзьмі. Гэта, дзякуючы вам, шаноўныя хлебаробы, мы па праву ганарымся сёлетнімі намалотамі. Менавіта мудрасць аграрыяў, набытая за многія гады, вылілася ў такі важкі каравай. Дзякуй вам за нястомную працу, за адданасць справе”, — звярнуўся кіраўнік раёна да герояў свята.

Нямала цёплых слоў у адрас ляхавіцкіх аграрыяў сказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктар Сакоўскі.

Сярод пераможцаў раённага спаборніцтва на жніве, узнагароджаных дыпломам І ступені,– лепшыя з лепшых камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы зерня, машыністы зернетакоў. Не адставала ад прызнаных майстроў жніва і моладзь. Гэта значыць, што будучыня беларускай вёскі, яго лепшыя традыцыі ў надзейных руках маладога пакалення. Сярод узнагароджаных ганаровымі граматамі і падзячнымі пісьмамі райвыканкама, якія ўручыў Вячаслаў Сельмановіч, – механізатары, аграномы, кіраўнікі гаспадарак.

Нямала пераможцаў на сёлетняй уборачнай з СВК «Жарабковічы».

Шчыра падзякаваў за паспяховае жніво-2014 старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч і ўручыў дыпломы пераможцам за другое месца, граматы і падзячныя пісьмы райсавета.

Пад апладысменты прысутных падымаліся на сцэну СДК і ўладальнікі дыпломаў ІІІ ступені, якія атрымалі з рук намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Баргамона. Некаторыя працаўнікі адзначаны граматамі райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Яшчэ больш узняў настрой удзельнікаў урачыстасці выдатны канцэрт, падрыхтаваны бадай самымі лепшымі самадзейнымі калектывамі і асобнымі выканаўцамі Ляхавіччыны.

Свята разгортвалася і за сценамі СДК. Выступаў самы гумарыстычны народны тэатральны калектыў “Вастраўчане” Востраўскага СДК, жартавала ляхавіцкая, дакладней, навасёлкаўская Лявоніха і яе сябры. Гучалі песні ў выкананні іншых творчых калектываў.

Народныя майстры, прычым не толькі з нашага раёна, але, напрыклад, з Пінска, прывезлі на фэст свае работы — керамічныя, саламяныя, вышываныя, плеценыя, каваныя вырабы.

Бойка ішоў гандаль у аб’ектах раённага спажывецкага таварыства. Многія ўдзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі. Гандлёвыя палаткі працавалі на працягу ўсяго свята — і тавары тут прапаноўваліся на розны густ, узрост і кашалёк. Дзеці з задавальненнем прыгалі на батуце, ласаваліся цукровай ватай і поп-корнам, прымалі ўдзел у атракцыёнах і гульнях. Свята стала сямейным.

Госці і гаспадары былі задаволены. Асабліва радаваліся святу мясцовыя жыхары – іх аграгарадок нібы памаладзеў і яшчэ больш папрыгажэў. А фінальным акордам святкавання стала дыскатэка – да поўначы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Хлеб-соль свяшчэннаслужыцелям

ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – лепшы на жніве сярод гаспадарак ІІ групы.

Дэлегацыя ДП "Нача"

Узнагароду ўручае старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч

Залатое калоссе беражліва трымае ў далонях будучыня краіны.

Вадзіцель Дзмітрый Шастак з ДП “Нача” – з жонкай Наталляй і сынам Маркам.

Аляксандр Папко, Алег Янушкевіч, Сяргей Параскевіч – паспяховыя механізатары ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”.

Песнямі і танцамі віталі гасцей самадзейныя артысты

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *