У верасні 39-га. 75 гадоў назад адбылося доўгачаканае ўз’яднанне Заходняй Беларуcі з БССР. Не засталася ў баку ад лёсавызначальных падзей і Ляхавіччына

Адна з цэнтральных вуліц райцэнтра носіць назву 17-га Верасня.

Ты з Заходняй,

Я з Усходняй

Нашай Беларусі.

Аўтар гэтых вершаваных радкоў народны пісьменнік БССР Янка Купала.

Падзеі восені 1939 года займаюць асаблівае месца ў айчыннай гісторыі. 1 верасня гітлераўская Германія напала на Польшчу, чым развязала Другую сусветную вайну. Фашысцкія войскі захапілі амаль усю тэрыторыю Польшчы і падступілі да межаў Заходняй Беларусі. З мэтай абароны інтарэсаў беларускага насельніцтва 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. Большасць насельніцтва ўспрыняла гэта як акт гістарычнай справядлівасці. Чырвонаармейцаў віталі як сваіх вызваліцеляў. Менавіта з гэтай датай звязана вялікая гістарычная для нашай краіны падзея ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. У выніку ўз’яднання значна павялічылася тэрыторыя рэспублікі, а яе насельніцтва вырасла прыкладна ўдвая і да канца 1940 г. склала больш за 10 мільёнаў чалавек.

Не засталася ў баку ад лёсавызначальных падзей і Ляхавіччына. Пагартаем кнігу “Памяць. Ляхавіцкі раён”. У ёй шмат цікавых звестак пра той час. У верасні 1939 года ў нашым райцэнтры было створана часовае ўпраўленне, якое ўзначаліў Барыс Маляр. З’явілася і свая народная міліцыя (першы начальнік Сцяпан Праневіч), створаны зямельны аддзел. Сотні беззямельных і малазямельных сялян атрымалі ўласныя надзелы, быў арганізаваны і першы калгас “Перамога” ў вёсцы Вялікая Лотва, старшынёй землякі абралі Івана Якубца. Прамысловасць раёна на той час была прадстаўлена толькі невялікай электрастанцыяй магутнасцю 40кВт, а таксама 11 млынамі і гарбарнымі саматужнымі прадпрыемствамі.

Актыўную работу праводзіў аддзел народнай асветы, у які ўваходзілі М. Л. Грамак і М. Г. Мінкевіч. Статыстыка сцвярджае: на пачатак кастрычніка 1939 года на тэрыторыі цяперашняга Ляхавіцкага раёна дзейнічалі больш за 30 пачатковых школ, у якіх навучанне вялося на беларускай мове, а ў Ляхавічах – сямігодка. Непісьменных у раёне было шмат, у тым ліку і сярод дарослага насельніцтва. Для ліквідацыі непісьменнасці былі створаны вячэрнія курсы менавіта для дарослых. У вёсках цэнтрам культурна-асветніцкай работы сталі разам са школамі хаты-чытальні. У гэты ж час ствараецца і творчы калектыў – Падлескі народны хор, які ўжо ў лютым 1940 года выступаў на сцэне Вялікага тэатра ў Маскве. Зноў жа ў кастрычніку 1939 года ў горадзе адкрылася амбулаторыя, а ў 1940 годзе ў раёне працавалі 3 бальніцы. Першых наведвальнікаў прыняла і бібліятэка, а яшчэ ўпершыню жыхары Ляхавіч і навакольных вёсак убачылі сапраўдны кінафільм, які дэманстраваўся ў будынку былой пажарнай аховы.

Вялікая кампазіцыя на тэму “Уз’яднанне” сабрана ў музеі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. З пажоўклых старых фотаздымкаў глядзяць, нібы жывыя, сведкі падзей першай паловы ХХ стагоддзя. Лойка І.А., Махляр К.А., Чарапавіцкі В.І., Баўтрукевіч К.І., Лойка В.В., Ланкуць С.І., Кічыла Н.Ю., Гоўша В.І., Бондзік Т.А. – члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якія ў перыяд акупацыі раёна панскай Польшчай змагаліся ў падполлі. Таксама з матэрыялаў, змешчаных на стэндах музея, можна даведацца, што з 1928 па 1937 год на Ляхавіччыне дзейнічалі 16 партыйных ячэек падпольнага райкама КПЗБ, самыя вялікія — у Жарабковічах, Канюхах, Востраве, Вялікай і Малой Лотве, Яцкаўшчыне. А ў 12 вёсках без спраў не сядзелі і камсамольцы-падпольшчыкі. Толькі дзякуючы вызваленчаму паходу Чырвонай Арміі, са шматгадовага зняволення з сумна вядомай турмы “Бяроза Картуская”, дзе ў большасці ўтрымліваліся палітычныя арыштанты, быў вызвалены і наш зямляк, жыхар вёскі Востраў Шылаў Т.А. (яго здымак таксама ёсць у музеі).

Безумоўна, цікавай будзе і інфармацыя пра тое, што ў перыяд з 1920 па верасень 1939 года ў раёне было 20 панскіх маёнткаў, 4 касцёлы, 6 цэркваў. Адсутнічалі дзяржаўныя бальніцы, магазіны, клубы, кінаўстаноўкі. Насельніцтва не выпісвала газет і часопісаў, не было пенсіённага забеспячэння. Галоўнымі прыладамі працы мясцовых сялян з’яўляліся малацільны цэп, саха, барана, ткацкія станкі. Усё гэта – гісторыя да 17 верасня 1939 года. Кіраўнік музея Віктар Тарасевіч засяроджвае ўвагу на карце Беларусі, на якой унізе справа можна ўбачыць надпіс невялікімі літарамі: “ Падпісана да друку 23.11.1940 года”.

Тут жа невялікі чорна-белы фотаздымак, на якім удзельнікі Падлескага народнага хору рыхтуюцца да чарговага выступлення (дарэчы, у музеі захаваўся і касцюм адной з удзельніц калектыву).

Работа па пошуку матэрыялаў, што датычацца той пары, расказы сведкаў, якія памятаюць верасень 1939 года, прадаўжаецца.

Час ішоў, адзіная Беларусь мацнела ў складзе СССР, а зараз займае дастойнае месца ў свеце як суверэнная дзяржава. З вышыні сённяшніх дзён гістарычная падзея ўз’яднання беларускіх зямель у 1939 годзе бачыцца як лёсавызначальная.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *