Лясная быль. Прафесійнае свята адзначаюць калектыў і ветэраны Ляхавіцкага лясгаса

Кажуць, што імя, дадзенае пры нараджэнні, нейкай магічнай сілай уздзейнічае на лёс чалавека. Так ці не на самай справе, але Ігару Шчаўроўскаму (яго імя азначае “ваяўнічы”) на жыццёвым шляху давялося прайсці нямала выпрабаванняў, з якіх, у рэшце рэшт, выходзіў пераможцам. Дарэчы, заўсёды першым ва ўсіх справах імкнуўся быць і яго брат-блізнец, якога назвалі Валерыем у гонар Чкалава.

Брат стаў прафесарам, прарэктарам Уральскай лесатэхнічнай акадэміі, а Ігар Шчаўроўскі пайшоў па слядах свайго дзядулі Сямёна Іванавіча, які працаваў лесніком. З адзнакай закончыў Полацкі лесатэхнікум, прыехаў на ляхавіцкую зямлю, якую палюбіў усім сэрцам.

Пачынаў памочнікам ляснічага, пасля працаваў ляснічым. Новыя людзі, новыя абавязкі. А Тухавічы, Навасёлкі – самыя аддаленыя ад райцэнтра вёскі. У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя гэта была сапраўдная глухамань, куды яшчэ і электрасеткі не дацягваліся, і дарогі – ні прайсці, ні праехаць. Бывала, такі сум напаткае, што воўкам выць хацелася (дарэчы, драпежнікаў было ў лесе шмат, без ружжа – ні кроку). Малады спецыяліст памятаў і стараўся прытрымлівацца важнага прафесійнага правіла: лес багаты на дары, але іх неабходна аднаўляць. Першыя 100 гектараў маладняку былі пасаджаны пад кіраўніцтвам Ігара Шчаўроўскага ля вёскі Завінне ў 1961 годзе. Сёння яны ўжо даюць лясгасу прыбытак. А калі праязджаеш па Брэст-Маскоўскай шашы ля Завінскай горкі, то міжволі залюбуешся беластволымі бярозамі ўздоўж трасы. Яго, Ігара Аляксандравіча, бярозкі-прыгажуні.

Прыжыўся Шчаўроўскі ў гэтых мясцінах. Лес стаў неад’емнай часткай яго жыцця. Малады спецыяліст разумеў гэта і паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага тэхналагічнага інстытута. Работа ніяк “не ўмяшчалася” у васьмігадзінны працоўны дзень, падручнікі, сесіі, экзамены, а яшчэ закахаўся…Піянерважатая Ліпскай СШ Марыя Гатоўчыц узяла прозвішча Шчаўроўская.

Неўзабаве маладая сям’я пераехала ў Мыслабаж: Ігар Аляксандравіч быў назначаны ляснічым Ляхавіцкага лясніцтва. Тут, акрамя работы ў лясной гаспадарцы, ён узяўся за будаўніцтва: новыя кантора, гаражы, гаспадарчыя пабудовы, шышкасушылка. Эксперыментальна вырошчваў вешанкі.

А яшчэ наладзіліся вытворчыя кантакты з замежнымі спажыўцамі, драўніну сталі адпраўляць на экспарт. Ігар Аляксандравіч успамінае, што самай папулярнай была “цюлька” – так называлі 72-сантыметровыя дошчачкі, якія ішлі на выраб тары і гонты для дахаў. А яшчэ займаліся вытворчасцю хвойнай вітаміннай мукі, якую малолі круглыя суткі.

Ніколі не забываў Шчаўроўскі пра лесааднаўленне: падлічыў, прыкладна шостая частка лясных угоддзяў гэтага лясніцтва пасаджана пад яго непасрэдным кіраўніцтвам.

А дома з нецярпеннем чакалі з работы бацьку сын Аляксандр і дачка Святлана. Пасля заканчэння школы Аляксандр выбраў бацькаў шлях – паступіў ва Уральскую лесатэхнічную акадэмію. Святлана, як і мама, стала педагогам. І вось ужо сын – за бацьку: спачатку майстар лесанарыхтовак у Крывошынскім цэху перапрацоўкі драўніны, пасля інжынер, 11 гадоў ўзначальваў Ляхавіцкі лясгас і цяпер яго работа таксама звязана з лесам.

Ігар Аляксандравіч любіць жыццё. Асабліва радуецца ўнукам. Дарэчы, унук Арцём выбраў прафесію дзеда – закончыў Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт і атрымаў спецыяльнасць эканаміста лесапрамысловых распрацовак. Дынастыя!

Аліна ЛАПІЧ.

Фота з сайта http://kirsmi.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *