Сёння дбаць пра заўтра

Ступень гатоўнасці да асенне-зімовага сезона арганізацый і ўстаноў, аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы абмяркоўвалася на апаратнай нарадзе ў старшыні раённага выканаўчага камітэта. У кожнай службы – свая спецыфіка і свае абавязкі.

Забяспечыць безаварыйны рух па дарогах – першачарговая задача ДРБУ-200. Да зімовага надвор’я рыхтуецца дарожная інфраструктура і тэхніка. Па словах начальніка арганізацыі Канстанціна Філіпчыка, на сённяшні дзень нарыхтавана ўжо 60 працэнтаў неабходнай пясчана-салявой сумесі, выраблены сігнальныя вехі, устаноўка якіх пачнецца з сярэдзіны кастрычніка.

Падобныя клопаты і ў ДЭУ-24, у зоне адказнасці ўпраўлення — дарога Ляхавічы – Баранавічы.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу на забеспячэнні належнага стану аўтобусных прыпынкаў, мастоў і ўстаноўку вех да наступлення замаразкаў.

Як запэўніў начальнік Ляхавіцкага раёна электрасетак Віктар Станкевіч, стабільнае і якаснае энергазабеспячэнне спажыўцоў будзе наладжана, незалежна ад надвор’я.

З надыходам восені насельніцтва стала актыўна запасацца палівам. У райпалівазбыце з рэалізацыяй дроў і торфабрыкету праблем не ўзнікае. З заяўленых сельвыканкамамі неабходных 6500 тон торфабрыкету прададзена спажыўцам 2600, выкуплена 1200 кубоў дроў з заказаных 2300.

Атрымалі пашпарты гатоўнасці ўстановы адукацыі раёна, медыцынскія ўстановы, праводзіцца праверка сістэм ацяплення. Падпісаны акты гатоўнасці ўсіх аб’ектаў культуры, акрамя Ганчароўскага СДК. Зараз вядзецца работа па вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі на ўсталяванне ў ім на ацяпляльны сезон сямі цеплавых пушак. Сумесна з РАНС праводзіцца праверка супрацьпажарнага стану аб’ектаў.

Асаблівая ўвага ў чарадзе перадзімовых клопатаў надаецца ветэранам, пенсіянерам, адзінока пражываючым. Асобным катэгорыям насельніцтва была аказана дапамога з фонду сацыяльнай абароны, заменена праводка ці адрамантавана пячное ацяпленне, устаноўлены прыборы АПА.

Кіраўнік раёна звярнуў увагу і на захаванне належнага тэмпературнага рэжыму ў магазінах райпо.

Адно з пытанняў нарады датычылася якасці вады ў вадаёмах раёна. Заслухаўшы інфармацыю галоўнага ўрача райЦГіЭ Віталія Ціханава і начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміра Пятроўскага, вырашылі паспрабаваць прымяніць адну з мер “выратавання” вадаёма ў аздараўленчым лагеры “Чайка” – ачысціць каналы, якія жывяць возера, а пасля перайсці непасрэдна да “лячэння” месца купання.

Збор другаснай сыравіны­ – важнае пытанне парадку дня. Да справы далучыліся і гараджане, і вяскоўцы. Па словах старшыні райпо Васілія Некрашэвіча, машына, якая збірае другасную сыравіну, пабывала ўжо ў некалькіх населеных пунктах. У дадатак да існуючага перасоўнага прыёманарыхтоўчага пункта райпо ў бліжэйшы час стане курсіраваць яшчэ адзін.

Тыдзень назад пачаўся месячнік па зборы другаснай сыравіны. Ёсць магчымасць праявіць актыўнасць насельніцтву. Асаблівая роля ў месячніку адводзіцца ўстановам адукацыі. Яны прымаюць удзел у абласным конкурсе “Захавай дрэва – здай макулатуру”.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *