Натуральна і бяспечна. І гэта неаспрэчны факт. СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” атрымала сертыфікат FSSC 22000

Сертыфікат FSSC 22000 дырэктару СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаславу Жукоўскаму ўручылі дырэктар ТАА «Норм Тэст» Марына Кондраль і кіраўнік праекта IFC Вольга Шчарбіна.

Мы тое, што мы ядзім. Гэта яшчэ тысячагоддзі назад сцвярджаў “бацька медыцыны” Гіпакрат. З таго часу змянілася многае, але не прамая залежнасць здароўя ад прадуктаў харчавання, якія складаюць аснову нашага меню.

Літаральна днямі СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” атрымала чарговае пацвярджэнне бяспечнасці і якасці сваёй прадукцыі – сертыфікат FSSC 22000, які прызнаецца ў многіх краінах свету, у тым ліку ў Японіі, Канадзе, ЗША, Кітаі.

Гэты дакумент пацвярджае бяспечнасць вытворчасці прадукцыі на ўсіх этапах – ад паступлення сыравіны да дастаўкі тавару пакупніку. Дарэчы, да гэтага часу падобны сертыфікат мелі толькі два прадпрыемствы малакаперапрацоўчай галіны Брэстчыны – “Савушкін прадукт” і Бярозаўскі сыраробчы камбінат. Ляхавіцкі малочны стаў трэцім.

Уручыць сертыфікат прыехалі дырэктар ТАА “Норм Тэст” – партнёра TЬV Thuringen (сусветна вядомая нямецкая кампанія, адзін з лідараў незалежнай экспертызы) у Рэспубліцы Беларусь – Марына Кондраль і кіраўнік праекта Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC) “Бяспека харчовай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь” Вольга Шчарбіна.

“Вырабіць якасную прадукцыю – безумоўна, вельмі важна. Але сёння гэтага відавочна недастаткова. Кропка ставіцца, калі прадукцыя прададзена,” – перакананы дырэктар завода Вячаслаў Жукоўскі. Наяўнасць сертыфіката FSSC 22000 дае прадпрыемству канкурэнтную і экспартную перавагу. Гэты сур’ёзны дакумент расчыняе для малочнай прадукцыі мясцовай вытворчасці дзверы вялікіх гандлёвых сетак, у тым ліку расійскіх.

Падрыхтоўка да знамянальнай падзеі заняла нямала часу. Больш за год завадчане старанна рыхтаваліся. Кансультанты Міжнароднай фінансавай карпарацыі ўважліва прааналізавалі ўсе вытворчыя працэсы ад атрымання сыравіны да дастаўкі прадукцыі спажыўцам, каб выявіць патэнцыяльныя рызыкі, распрацавалі рэкамендацыі па іх ухіленні. Акрамя іншага, на прадпрыемстве праведзена поўная рэканструкцыя камеры для захоўвання гатовай прадукцыі, удасканалена сістэма забеспячэння падтрымання тэмпературных рэжымаў і захавання халадовага ланцуга.

Паспяхова вытрымаўшы два этапы аўдыту, Ляхавіцкі малочны завод атрымаў ад міжнародных экспертаў высокую ацэнку эфектыўнасці мер па ўдасканаленні і забеспячэнні ўзроўню якасці і бяспекі прадукцыі.

Аўдытары падкрэслілі высокі статус атрыманага дакумента, адзначылі прафесіяналізм, зладжанасць заводскай каманды, высока ацанілі намаганні працоўнага калектыву па падтрыманні ўзроўню бяспекі на вытворчасці. І пажадалі дастойна трымаць гэтую планку, удасканальвацца і паспяхова пацвярджаць свой статус падчас наглядных аўдытаў.

СААТ даўно мае рэпутацыю вытворцы якаснай і бяспечнай прадукцыі. Да гэтага на рахунку завода былі ўжо сертыфікаты адпаведнасці на сістэму менедж-менту якасці СТБ ISO 9001, сістэму НАССР. А яшчэ – дыпломы пераможцы на саісканне Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь і Прэміі Брэсцкага аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці, шматлікія штогадовыя перамогі ў конкурсе “Лепшая прадукцыя года”, у тым ліку некалькі гран-пры за стабільна высокую якасць. І, канешне, любоў і давер спажыўцоў да прадукцыі гандлёвых марак “Ляхавічок”, “Унучок Ляхавічок”, “Ляхавіцкае”.

Сёння прадпрыемства выпускае каля паўсотні відаў прадукцыі. Дарэчы, у бліжэйшы час завадчане парадуюць прыхільнікаў сваёй прадукцыі смачнымі і карыснымі – як заўсёды – навінкамі. Шукайце на паліцах магазінаў сваё – ляхавіцкае.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота аўтара.

One thought on “Натуральна і бяспечна. І гэта неаспрэчны факт. СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” атрымала сертыфікат FSSC 22000

  • 24/09/2014 в 23:57
    Permalink

    Продукция действительно вкусная и натуральная. Живу не в Ляховичах, но с удовольствием покупаю продукцию земляков. Ем и нахваливаю масло и сметанку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *