Ляхавічы:канец іржавай гісторыі

Станцыі абезжалезвання ў Ляхавічах і аграгарадку Нача па пашпартах аб’ектаў павінны быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2014 годзе.

Якасць вады непакоіць гараджан не першы год. Таму ўвод у эксплуатацыю станцыі абязжалезвання — падзея надзвычай важная і чаканая. Пераважная большасць запланаваных на гэты год работ на аб’екце выканана (аб’ём капіталаўкладанняў звыш 6,2 мільярда рублёў). Пабудаваны сама станцыя і помпавая, водаадводы; сеткі каналізацыі, электразабеспячэння, тэлефонныя; пляцоўкі прамыўных вод; унутрыпляцовачныя тэхналагічныя камунікацыі; аўтаматызаваны дыспетчарскі пункт, дзве свідравіны, кацельня; абгароджана станцыя і помпавыя станцыі; добраўпарадкавана пляцоўка водазабору (устаноўлены бардзюры, часткова праведзена азеляненне). Аднак, для канчатковага ўводу аб’екта ў эксплуатацыю зрабіць належыць нямала, і для гэтага неабходна яшчэ 5,9 мільярда рублёў. У прыватнасці, патрэбна аўтаматызаваць станцыю абязжалезвання, артсвідравіны; выканаць пусканаладачныя работы; зрабіць павець для цвёрдага паліва, пакласці асфальт на тэрыторыі і г. д.

Неаднойчы ў рэдакцыю “ЛВ” тэлефанавалі занепакоеныя жыхары аграгарадка Нача: вада ў тутэйшым водаправодзе ржавая – ні прыгатаваць ежу, ні памыць бялізну. Такая праблема не толькі стварае бытавыя нязручнасці, але і з’яўляецца пагрозай для здароўя. Водаправодныя сеткі ў Начы былі перададзены на баланс камунгаса ў 2010 годзе. Па праграме “Чыстая вада” на 2006-2010 гады тут пабудавана артэзіянская свідравіна для забеспячэння насельніцтва пітной вадой, але ўсе праблемы яна не зняла. Таму тут таксама будуецца станцыя абязжалезвання.

Асноўная частка работ выконвалася сёлета, на што пайшло звыш 518 мільёнаў рублёў (усяго на гэты год прафінасавана работ на мільярд рублёў). Неабходна яшчэ наладзіць асвятленне, правесці тэхналагічныя камунікацыі, устанавіць абсталяванне, вентыляцыю, добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол. Увогуле, па інфармацыі камунгаса, для канчатковага запуску ў дзеянне станцыі патрэбна 1,8 мільярда рублёў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *