Праз усё жыццё. 50 гадоў прайшло з таго часу, як згулялі першае камсамольскае вяселле ў Ляхавічах

27 верасня 1964 года. Першая пара – Вольга і Уладзімір.

Клапатлівая і мудрая жонка, надзейны і ўважлівы муж, а разам – моцная сям’я, якой лёс прызначыў шчаслівы, а часам і нялёгкі шлях. 27 верасня 2014 года спаўняецца 50 гадоў з таго самага моманту, калі Уладзімір Васільевіч і Вольга Яфімаўна зарэгістравалі свой шлюб. Гэта было першае камсамольскае вяселле ў раёне: у тагачасным новым гарадскім Доме культуры адразу тры маладыя пары стваралі сем’і. Вось і ў гэты святочны дзень, вельмі прыемна атрымаць віншаванне ад сямейнай пары Леаніда і Лоры, якія ў гэтым годзе таксама, як і сям’я Маляроў, адзначаюць 50-гадовы юбілей сумеснага жыцця. А ў якасці падарунка даслалі фота з той самай цырымоніі заключэння шлюбу, калі давалі клятву заўсёды быць побач. Так і збылося.

– Я заўважыў яе адразу, і зразумеў, што гэта менавіта тая, з кім хачу быць! – успамінае Уладзімір Васільевіч, што адчуваў, калі ўпершыню ўбачыў Вольгу на танцах.

Уладзімір Маляр працаваў брыгадзірам-мантажнікам у сельгастэхніцы, а Вольга шмат гадоў аддала прафесіі швачкі. У працы і клопаце пра родных ідзе іх жыццё. Сям’я адбылася: дарослыя дачка Вікторыя і сын Уладзімір, два ўнукі і ўнучка. Разам муж і жонка будавалі дом, выхоўвалі дзяцей і нават займаліся ў гуртку мастацкай самадзейнасці:

– Я спявала, а муж танцаваў! – успамінае Вольга Яфімаўна і ўсміхаецца.

Сёння гартаюць сямейны альбом і ўспамінаюць, колькі радасных момантаў перажылі, колькі было выпрабаванняў лёсу. Разам спраўляліся з любымі праблемамі, дапамагалі і падтрымлівалі адзін аднаго, а галоўнае, змаглі захаваць цёп-лыя адносіны.

– Мы проста не можам адзін без аднаго, – прызнаюцца яны.

І сёння ў залатых юбіляраў няма часу сумаваць. Прыязджаюць наведваць дзеці, час ад часу і ўнукі радуюць сваім прыходам.

На пытанне, у чым сакрэт доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця, адказваюць: важна заўсёды адчуваць падтрымку і разуменне блізкага – без гэтага ніяк.

Маргарыта КУХТА,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара і з сямейнага альбома Маляроў.

У верасні 2014 года. Ім хораша разам у сваім доме ў Вялікай Лотве.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *