Добрае месца ёсць у Ляхавіцкім раёне

Вячаслава Сасімчык.

З узгорка праглядаецца луг, які падступае да берага Шчары. З-за высокай травы хуткаплынная прыгажуня выглядае не вельмі шырокай. Але гэта здалёк, а калі падысці бліжэй, то вось яна, паўнаводная,  “падперазаная” мастком, які вядзе на другі бераг. А далей пачынаецца  лес. Тут раздолле, і паветрам, настоеным на дзікіх травах і  лясной грыбніцы, хочацца дыхаць бясконца. Пасяліцца ў гэтым казачным месцы здаўна было за шчасце. Калі пыталі: ”Ты адкуль?”, а ў адказ: “З Пад’язаўля”, то працягам размовы было:” О-о-о!”. Гэта азначала, што ў добрым месцы жывеш, прыгожым і багатым: рэчка, лес заўсёды дапамагалі тутэйшым людзям.

Першыя звесткі пра вёску Пад’язаўле ўпамінаюцца з пачатку 18 стагоддзя. Мясцовыя людзі, працавітыя і дбайныя, акрамя вядзення ўласных гаспадарак, імкнуліся авалодаць разнастайнымі рамёствамі. На берагах рэчкі расла лаза – падручны матэрыял для пляцення кошыкаў, майстравалі сёе-тое і з кары драўніны. “У 1888 годзе 37 майстроў з Пад’язаўля прадалі вырабаў на 236 рублёў 50 капеек.”, “Драўляныя бароны – манаполія 12-ці майстроў з Пад’язаўля”, – занатавана ў тагачасных пагаспадарчых кнігах.

Заўсёды ёсць пра што пагаварыць аднавяскоўцам

Час хуткаплынны, нібы вада ў Шчары. Сённяшняя веска Пад’язаўле – пастфактум таго, што перажыла яна ў пасляваенныя гады, калі вяскоўцаў аб’яднаў калгас, калі ў 60-х яна расцвіла, разбагацела і людзьмі, і тым, што было створана іх рукамі: школа, клуб, сельсавет, ФАП, магазіны, нават адноўлены брук, які быў пракладзены па цэнтральнай вуліцы вёскі ў незапамятныя часы. Ён і сёння яшчэ служыць людзям, а вось хаты некаторыя струхнелі, глядзяць пустымі аканіцамі. Ёсць і дагледжаныя сядзібы, пафарбаваныя, абкошаныя, а пад вокнамі абавязкова цвітуць вяргіні. Ля плоту – лавачка, прысядзеш — і нехта з вяскоўцаў прыпыніцца, каб абмяняцца навінамі. Так мы сустрэліся з Вячаславай Сасімчык, якая вярталася ад суседкі: дапамагала капаць бульбу. Ёй ужо 85 гадоў, але на дзіва рухавая, увішная жанчына.

— Не сумую, бо ад нуды старэюць людзі, — жартуе Вячаслава Іосіфаўна. — Можа таму я вясёлая, што жыццё пражыла пад музыку і песні — Платон мой быў на ўсю акругу музыка.

Аказалася, што завіталі мы да ўдавы некалі знакамітага ў раёне музыкі-самавучкі Платона Сасімчыка, ён, на жаль, другі год як пайшоў з жыцця. Заліхвацкі быў музыкант: зайграе — ногі самі ішлі ў скокі. Іграў на гармоніку, губным гармоніку раённых фэстаў, перамагаў на фальклорных конкурсах .

— Бывала збіраліся разам: кларнет – з Дарава, скрыпка – з Вадзяціна, барабан – з Гасцілавіч і мой Платон з гармонікам. Як заіграюць, сэрца млела ад пяшчоты… усіх у акрузе пажанілі ці аддалі замуж.

Тут некалі жыў музыка-самавучка Платон Сасімчык.

Вячаслава Іосіфаўна ўспамінае вяскоўцаў, жыццё-быццё ў калгасе, работу “за працадзень”, як гадавалі дзяцей і радаваліся іх поспехам, як будавалі дамы, спраўлялі наваселлі і народзіны, хадзілі ў лес па грыбы-ягады:

— Хоць іншы раз прысмакаў не было на стале, але жылі весела і радасна, здавалася, што шчасце ходзіць разам з намі. Маладосць гэта была, праляцела яна шумна, але, на жаль, хутка…

Сёння ў Пад’язаўлі 38 чалавек, ў асноўным людзі пажылыя і адзінокапражываючыя. Многіх дзеці клічуць да сябе, а яны не хочуць, маўляў, ад дабра дабра не шукаюць. Ды і не прыжывецца старое дрэва, перасаджанае на новае месца.

У гэтым перакананы Зінаіда Кукраш і Валянціна Янушкевіч, якія таксама на лавачцы абмяркоўвалі тутэйшыя навіны. Наперабой расказвалі пра сваё жыццё, запэўнівалі, што лепшай старасці і не пажадаеш: пенсію, якая ўсё “прырастае”, атрымліваюць рэгулярна, двойчы на тыдзень прыязджае ў вёску аўталаўка. А калі што са здароўем, то заўсёды можна звярнуцца ў Альхоўскую урачэбную амбулаторыю ці хуткую дапамогу выклікаць.

— Мы пад кантролем, — жартуюць бабулькі, — Таму доўга жывём. А яшчэ, як бальзам, навакольная прыгажосць, хоць кожны дзень яе бачыш, а ўсё любуешся…

Ёсць у вёсцы і маладзейшыя. Таісія Жытко і не думала выязджаць. Замуж    выйшла, чатырох дзяцей выгадавала, трымае заможную гаспадарку. Ёй ёсць з каго прыклад браць: непадалёку працавітая і дбайная сям’я Сліваў. Тры каровы маюць, на падвор’і шмат іншай жыўнасці – сабе хапае прадуктаў, а лішкі прадаюць дзяржаве.

Пад’язаўле – прыцягальнае месца не толькі для тых, хто тут нарадзіўся. Аднойчы зусім выпадкова завітаў сюды грамадзянін Германіі Штэфан Бёрнс.

— Ён быў зачараваны прыродай, гасціннасцю тутэйшых людзей і звярнуўся ў Альхоўскі сельвыканкам за дазволам купіць у Пад’язаўлі домік, — расказвае кіраўнік справамі сельвыканкама Ларыса Какуціч. – Згодна заканадаўства Рэспублікі Беларусь, такая магчымасць існуе, замежнаму грамадзяніну дадзена права на пакупку сядзібы.

Прыехала ў гэтыя мясціны і засталася тут сям’я Інгі Ігнатоўскай з Барысава. Уладкаваліся, задаволены. А мясцовыя жыхары адразу заўважылі: працавіты гаспадар, работа ў яго руках спорыцца.

І яшчэ ёсць адна прыкмета Пад’язаўля. Ці з жартам аднесціся да яе, ці ўсур’ёз, але гэтая вёска багатая на сталых халасцякоў. Жанчыны налічылі аж 9 чалавек!  Яны, дарэчы, першыя памочнікі састарэлым вяскоўцам: і дровы пасякуць, і сядзібу абкосяць, дапамогуць бульбу выкапаць… Вось дзе трэба незамужнім лёс шукаць. Праўда, гэта ўжо другая гісторыя.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Уладзіміра Лешыка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *