В Ляховичах районный пионерский сбор собрал школьников

Раўненне на піянерскі сцяг.

Грамадскае аб’яднанне “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” пачынае сваю гісторыю з 1990 года і сёлета адзначае 24 дзень нараджэння. У Ляхавіцкім раёне налічваецца 17 піянерскіх дружын і столькі ж аб’яднанняў малодшых школьнікаў — акцябрат, а гэта 1025 піянераў і 756 іх малодшых сяброў. Але на сёння гэтыя лічбы ўжо недакладныя, бо 20 верасня больш як 200 хлопчыкаў і дзяўчынак уступілі ў рады БРПА .

Акцябрат, піянераў, важатых, педагогаў, бацькоў і гасцей сабраў на плошчы Перамогі раённы піянерскі збор “І нам любая справа пад сілу”. Гэты дзень запомніцца рабятам надоўга: яны з гонарам і годнасцю будуць несці званне піянераў, імкнуцца быць першымі, лепшымі ва ўсіх добрых справах. Піянерыя — гэта не проста слова, гэта тысячы неабыякавых сэрцаў, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі і мэтамі.

Усхвалявана гучала ўрачыстае абяцанне “… любіць сваю Радзіму, быць добрым, сумленным, справядлівым, заўсёды прытрымлівацца статуту і традыцый Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі”. Пасля чаго піянерскаму папаўненню госці і педагогі-арганізатары павязалі чырвона-зялёныя гальштукі — сімвал дачынення кожнага піянера да спраў сваёй арганізацыі, гатоўнасці падзяліць яе славу і адказнасць. На заклік старшыні раённага савета БРПА Ганны Буйко “Да спраў на карысць Радзімы, дабра і справядлівасці будзьце гатовыя!” учарашнія акцябраты аддалі піянерскі салют і дружна адгукнуліся: “Заўсёды гатовыя! ”.

Пакуль яшчэ акцябраты.

Граматамі і падарункамі былі адзначаны лепшыя педагогі-арганізатары і піянерскія дружыны раёна — імя Мікалая Гастэлы СШ № 2 г. Ляхавічы, “Крыніца” Дараўскага ДС-СШ, “Васілёк” Конькаўскага ДС-СШ.

Жыццё піянераў цікавае і насычанае. Яны прымаюць актыўны ўдзел у розных акцыях, мерапрыемствах, інтэлектуальных конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Сталі традыцыйнымі гульня-віктарына “Я маленькі беларус”, спартландыя “Нашы акцябраты — спартыўныя рабяты”, акцыі “Вахта памяці”, “Не сумуй, малыш”, “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” і іншыя. Шэфства над ветэранамі вайны і працы, догляд за помнікамі і абеліскамі — таксама піянерскі клопат.

Завяршылася свята гульнявой праграмай: на ўяўным цягніку дзеці адправіліся ў падарожжа па краіне Піянерыя, наведалі станцыі “Мая дружына”, “Заўтра – навука, сёння — гульня” і іншыя. Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, піянеры весяліліся, прымалі ўдзел у розных гульнях, танцавалі і падтрымлівалі апладысментамі выхаванцаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія радавалі сваімі яркімі выступленнямі.

Маргарыта КУХТА,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *